Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ВЯДЗЕ ПЕРАМОВЫ Ў МАСКВЕ, А СЯМЁН ДОМАШ У ГОРАДНІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімер Ганчарык учора ўвечары выехаў у Маскву. У расейскай сталіцы ён сустракаецца з прадстаўнікамі адміністрацыі Ўладзімера Пуціна, дэпутатамі Думы, іншымі палітыкамі. Пра падрабязнасьці гэтых сустрэчаў Уладзімер Ганчарык распавядаць адмовіўся. Вось што ён сказаў нашаму радыё:

(Ганчарык: ) "Вяду тыя перамовы, якія патрэбныя на гэты момант. Гэта тыя перамовы, якія вяліся, вядуцца й будуць весьціся ў рамках беларуска-расейскага супрацоўніцтва. У тым ліку ў эканамічнай ды іншых сфэрах".

Акрамя гэтых пытаньняў, Уладзімер Ганчарык будзе абмяркоўваць з расейскімі палітыкамі й перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі. Заплянаваныя ягоныя сустрэчы і з маскоўскімі паліттэхнолягамі.

Уладзімер Ганчарык нічога не адказаў на маё пытаньне "Ці зьбіраецца ён сустракацца ў Маскве з былым генпракурорам Алегам Бажэлкам?" і "Калі можна чакаць абнародаваньня яшчэ адной часткі дакумэнтаў у справе зьніклых?" Але, разам з тым, спадар Ганчарык і не сказаў, што ён не плянуе сустрэчы з Бажэлкам.

А ў аб'яднаным выбарчым штабе Ўладзімера Ганчарыка сёньня адбылася нарада ў справе вызначэньня стратэгіі й тактыкі дзеяньняў актывістаў падчас агітацыйнай кампаніі за адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Сямён Домаш сустракаўся ў сваёй гарадзенскай штаб-кватэры зь лідэрамі рэгіянальных арганізацыяў і рэсурсавых цэнтраў, якія працуюць у ягонай камандзе. Вось што ён паведаміў у інтэрвію нашаму радыё:

(Домаш: ) "Складана ўсё гэта тут вымалёўваецца, і многія выказваюць думку, што вельмі небясьпечна будзе заставацца аднаму Ганчарыку. Ну гэта так гавораць мясцовыя лідэры, гэта яшчэ не агульная думка. Я пакуль толькі кансультацыі праводжу, не магу яшчэ скласьці свайго канчатковага меркаваньня".

(Карэспандэнт: ) "Тым ня менш рашэньне пяцёркі ёсьць, ці будзе яно выконвацца?"

(Домаш: ) "Само сабой, мы ж пацьвярджаем, што яно будзе выконвацца. Тут толькі трэба зрабіць так, каб эфэктыўна ўсё гэта выконвалася".

Паводле спадара Домаша, днямі ён правядзе са спадаром Ганчарыкам кансультацыі й перамовы ў справе падпісаньня г.зв. пагадненьня па формуле "прэзыдэнт — прэм'ер".

Нагадаем, што ў суботу Сямён Домаш перадаў Уладзімеру Ганчарыку праект гэтага пагадненьня, падрыхтаваны партыямі-сябрамі Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Паводле гэтага пагадненьня, у выпадку перамогі Ганчарыка на прэзыдэнцкіх выбарах, ён мусіць прызначыць Домаша прэм'ер-міністрам з шырокімі паўнамоцтвамі.

А тым часам у офісе гарадзенскай грамадзкай арганізацыі "Ратуша", старшынём рады якой ёсьць Сямён Домаш, адбываецца праверка Дзяржкантролю. Спадар Домаш не сумняецца, што кантралёры атрымалі загад ад уладаў любым чынам знайсьці хоць нейкі кампрамат на яго.
XS
SM
MD
LG