Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЕКАТОРЫХ ШКОЛАХ НАСТАЎНІКАМ ВЫДАЮЦЬ ЗАРОБАК ПАСЬЛЯ ТАГО, ЯК ЯНЫ СКАЖУЦЬ, ЗА КАГО БУДУЦЬ ГАЛАСАВАЦЬ


Ганна Соусь, Менск

Падчас выбарчых кампаніяў звычайна менавіта ў школах месьцяцца выбарчыя ўчасткі, а самі настаўнікі, асабліва кіраўнікі навучальных установаў, уваходзяць у склад выбарчых камісіяў. Менавіта ў школах знаходзіліся многія пункты збору подпісаў за Лукашэнку. Радыё Свабода ўжо паведамляла пра выпадкі, калі настаўнікі тэлефанавалі бацькам сваіх вучняў і прасілі, каб тыя паставілі подпісы за Лукашэнку.

Паводле БелаПАНу, у сярэдняй школе №2 гарадзкога пасёлку Радунь Воранаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці перад тым, як атрымаць заробак, настаўнікаў прымушалі адказаць, за каго яны будуць галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. Як сьцьвярджае настаўнік адной з воранаўскіх школаў краязнаўца Іван Фесенка, адпаведныя анкеты з прозьвішчамі ўсіх настаўнікаў захоўваюцца ў дырэктара школы. Паводле Івана Фесенкі, анкетаваньне ёсьць ініцыятывай мясцовых уладаў. Настаўнікі баяцца адказваць так, як думаюць, і таму называюць вядомае прозьвішча.

Заробкі настаўнікаў невысокія, і яны вымушаныя працаваць на некалькі ставак, каб пракарміць сям'ю. Але і гэтыя грошы пэдагогі атрымліваюць ня ў час. Як паведаміла ў інтэрвію Радыё Свабода намесьніца старшыні прафсаюзу работнікаў адукацыі й навукі Алена Мазюі, яшчэ ў чэрвені ўзьніклі праблемы з выплатай заробкаў настаўнікам.

(Мазюі: ) "Становішча выпраўленае было напрыканцы мінулага тыдня. Сёньня ўжо рэшткі аддаюцца. Я размаўляла сёньня з Гарадзенскай, Магілёўскай абласьцямі... Былі затрымкі. Некаторыя вобласьці сваю статыстыку па затрымках хавалі, мы вылаўлівалі. Але на пачатак жніўня становішча лепшае за тое, што было на пачатак жніўня мінулага году".

Што да канкрэтных лічбаў, то, паводле Алены Мазюі, прафсаюзу даволі складана атрымаць поўную інфармацыю пра затрымкі заработнай платы настаўнікам.

(Мазюі: ) "Тым больш, што гэтыя лічбы, так бы мовіць, намі атрыманыя не з афіцыйных каналаў. На 1 жніўня ёсьць 137 мільёнаў па Гарадзеншчыне, па астатніх абласьцях не паказаныя, але гэта ня значыць, што затрымак няма. Таму нам трэба шукаць гэтыя лічбы самім. І мы будзем гэта рабіць гэтым тыднем".

Алена Мазюі заклапочаная тым, што ў некаторых рэгіёнах хаваюць афіцыйную статыстыку наконт затрымкі заработнай платы.

(Мазюі: ) "У мінулым месяцы мы гэта выкрылі ў Магілёўскай вобласьці, у шэрагу раёнаў Менскай вобласьці. Мы давялі да ведама Дзямчука, што гэта існуе, і зараз паводле даручэньня Саўміна міністэрства ладзіць праверкі ў Менскай вобласьці", — паведаміла намесьніца старшыні прафсаюзу працаўнікоў адукацыі й навукі Алена Мазюі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG