Лінкі ўнівэрсальнага доступу

THE WALL STREET JOURNAL ПРА ЛУКАШЭНКУ


Сяргей Навумчык, Прага

Падобна старажытнаму фараону, якому мроіліся пакуты, калі ён ня вызваліць ізраільцянаў, абсалютны ўладар Беларусі знаходзіцца ў палоне цёмных прыкметаў і прадчуваньняў? – піша The Wall Street Journal.

На мінулым тыдні Аляксандра Лукашэнку турбаваў прэцэдэнт Слабадана Мілошавіча. Пасьля таго, як Лукашэнка скрытыкаваў спробы захаду дапамагчы ў справе назіраньня за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах 9 верасьня, ён распавёў пра магчымы страшэнны сцэнар.

Вынікі гэтых назіраньняў, сказаў Лукашэнка, будуць перададзеныя на ўсе каналы, і перамогу нібыта атрымае нейкі “беларускі Каштуціа” – спадар Лукашэнка зрабіў паралель з кандыдатам ад апазыцыі, які летась перамог на выбарах у Югаславіі, дзякуючы пратэстным настроям. На наступны дзень, – працягваў ён, – будзе абвешчаная перамога Лукашэнкі, аднак нязгодныя, дзесяць тысяч чалавек, зьбяруцца ля прэзыдэнцкага палацу і нападуць на яго.

Калі спадар Лукашэнка жадае пазьбегнуць лёсу Мілошавіча, ён павінен не капіяваць ягоныя паводзіны, – адзначае The Wall Street Journal.

Спадар Лукашэнка, які абараняе “таварыша Сталіна” ў расейскамоўнай прэсе і калісьці спрабаваў выклікаць сымпатыі нямецкага журналіста, выказаўшы захапленьне Адольфам Гітлерам, мала чым адрозьніваецца ад колішняга кіраўніка Югаславіі, - піша The Wall Street Journal. Абодва абвінавачваюцца ў падтасоўцы выбараў і падаўленьні мірных маніфэстацыяў. Падобна Мілошавічу, Лукашэнка падазраецца ў стварэньні патаемнага адмысловага падразьдзяленьня з мэтай ліквідацыі апазыцыйных фігураў – гэтае абвінавачаньне Дзяржаўны дэпартамант ЗША назваў вартым даверу. Абодва кіраўніка правялі парлямэнцкія выбары, якія не былі прызнаныя легітымнымі дзяржавамі Эўрапейскага Зьвязу і Злучанымі Штатамі. І абодва паранаідальна шукаюць ворагаў. Нядаўна ў Беларусі нямецкі бізнэсовец Крыстафер Лец быў асуджаны на сем гадоў за “шпіянаж”.

Лукашэнка запазычвае ў Мілошавіча не асобныя старонкі, але “поўны збор твораў” – іранічна адзначае The Wall Street Journal і спасылаецца на словы Івана Ціцянкова, якога называе “прэзыдэнцкім кашальком”, адносна таго, што Лукашэнка мае на замежных рахунках значна больш грошай, чым увесь бюджэт Беларусі. Ціцянкоў не назваў дакладную лічбу, але паведаміў, што грошы былі здабытыя праз продаж зброі савецкіх часоў Іраку. “Лукашэнка ўладу проста не аддасьць,” – цытуе The Wall Street Journal словы Івана Ціцянкова.

Газэта падрабязна распавядае пра моладзевыя акцыі пратэсту ў Беларусі, адзначаючы, што яны шмат у чым змадэляваныя з югаслаўскага прыкладу. Напрыклад, рух “Зубар”, адзін са шматлікіх моладзевых рухаў, падобны на югаслаўскі пратэстны рух “Otpor”. Калі некалькі сотняў членаў гэтага руху сабраліся ў Менску, каб адсьвяткаваць гадавіну абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі, яны сустрэлі ачапленьне паліцыянтаў у цывільным, – піша The Wall Street Journal. Моладзь трымала партрэты зьніклых асобаў і скандавала – “Дзе гэтыя людзі?”. Паліцыянты пачалі штурхаць і біць дэманстрантаў. Хутка прыбылі і апранутыя ў форму паліцыянты, якія арыштавалі, праводле дадзеных арганізацыі “Хартыя-97”, каля дваццаці чалавек. Праз некалькі гадзінаў яны былі вызваленыя. Верагодна, іх віна – у сьвяткаваньні Дня незалежнасьці, які Лукашэнка скасаваў.

The Wall Street Journal паведамляе і пра прэзыдэнцкі дэкрэт нумар восем, які называе “ганебным”. Ён мае на мэце абмежаваць заходнюю дапамогу дэмакратычным апазыцыйным арганізацыям. Дэкрэт быў прыняты ў мінулым месяцы, і паліцыя канфіскавала кампутары, якія ЗША перадалі ў часовае карыстаньне незалежным газэтам і апазыцыйным партыям. “Гэты дэкрэт асуджаецца міжнароднай супольнасьцю, як і шмат якія іншыя дзеяньні рэжыму, якія перашкаджаюць правядзеньню вольных і справядлівых выбараў,” – цытуе The Wall Street Journal словы прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША Рычарда Баўчара і нагадвае, што амэрыканскі ўрад запатрабаваў неадкладнага вяртаньня абсталяваньня.

Маладыя апазыцынэры настойлівыя, нягледзячы на выключэньне з інстытутаў і звальненьне з працы, – піша The Wall Street Journal. Тым часам, невялікія апазыцыйныя партыі аб’ядналіся вакол адзінага кандыдата, што таксама нагадвае югаслаўскі вопыт. Мы, аднак, ня ведаем, ці адбудзецца ў Беларусі тое, што адбылося ў Югаславіі. Але адно зразумела: бязь зьнешняй падтрымкі сьмелым маладым людзям наўрад ці ўдасца скарыстаць шанец, – піша сёньня The Wall Street Journal.
XS
SM
MD
LG