Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВА ЎСХОДНІХ РЭГІЁНАХ МЕНШЧЫНЫ Ў ВЫХАДНЫЯ ПРАЙШЛО НЕКАЛЬКІ ПЕРАДВЫБАРЧЫХ АКЦЫЯЎ "ЗУБРОЎ"


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Жыхарам Жодзіна, Беразіна і Лагойску "зубры" раздалі блізу пяці тысячаў паасобнікаў спэцвыпускаў газэтаў "Рабочы", "Наша Свабода" і "Зубр", дзе зьмешчаныя матэрыялы на тэму маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў. На дошкі аб’ваў, сьцены будынкаў і агароджы ўдзельнікі акцыяў наклеілі некалькі сотняў налепак зь лёзунгамі "Час выбіраць!" і "Час прыбіраць!". У Беразіне, акрамя ўсяго іншага, "зубры" правялі акцыю-пэрфоманс з удзелам традыцыйнага ў падобных мерапрыемствах тыпажа – лыжніка ў вусатай масцы, які патрабаваў ад прысутных, каб тыя на выбарах галасавалі толькі за яго ды ўсім даказваў, што ён ёсьць лепшым спартоўцам Беларусі.

За гэтыя ж дні ў Жодзіне і Беразіне міліцыянты затрымалі 10 чалавек . Прозьвішчы ды іншыя дадзеныя яшчэ пяцёх "зуброў" перапісалі супрацоўнікі Лагойскага райаддзела міліцыі на месцы распаўсюду газэты "Рабочы". Між іншым, пацярпеў і хлопец, які ў Беразіне выконваў ролю лепшага лыжніка краіны – невядомы нечакана падбег да яго, сарваў з галавы вусатую маску ды разадраў яе на шматкі.
Дарэчы, у Беразіне міліцыянты затрымалі і прадстаўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" з Барысава Зьміцера Бародку, які суправаджаў ва ўсходніх рэгіёнах Меншчыны рэйдавую групу "зуброў".

Гаворыць Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) "Два чалавекі былі дастаўленыя ў пастарунак. Я прыйшоў у пастарунак – я таксама быў затрыманы. Кіраваў затрыманьнем намесьнік начальніка РАУС Лукашоў Сяргей Канстантынавіч. Мяне разам зь юнакамі пратрымалі каля 5 гадзін. Мы зьвярталі ўвагу на тое, што яны ня маюць права нас затрымліваць больш як на тры гадзіны – міліцыянты ніяк не рэагавалі".

Як паведаміў Зьміцер Бародка, там жа, у Беразіне, яго самога і ягоную аўтамашыну міліцыянты абшукалі. Паводле інфармацыі Зьмітра Бародкі , у Жодзіне затрыманых распаўсюднікаў газэтаў і налепак міліцыянты зьбілі.

Сёньня ў Барысаве пасьля распаўсюду рэшты спэцвыпуску "Рабочага" прадстаўнікі тутэйшай філіі "Зубра" наведалі гарадзкую ўправу міліцыі, дзе ўручылі міліцыянтам дзесяць паасобнікаў кнігі Ўладзімера Арлова і Генадзя Сагановіча "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі".
XS
SM
MD
LG