Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЦЬКІ ЗАБІТЫХ У БЕЛАРУСКІМ ВОЙСКУ ХЛОПЦАЎ НАЛАДЗІЛІ СЁНЬНЯ СТЫХІЙНЫ ПІКЕТ ЛЯ ДОМА ЎРАДУ


Ігар Карней, Менск

Амаль усе, хто сабраліся сёньня ля Дома ўраду, дзе месьціцца так званая “палата прадстаўнікоў”, лічаць, што сталі закладнікамі "Закону аб зваротах грамадзянаў". У 1996-м годзе Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў у закон такую папраўку: калі дзяржаўная асоба палічыла, што праблема вырашаная, усялякае ліставаньне з чалавекам спыняецца. Такім чынам, чынавенства фактычна пазбавілася ад скаргаў тысячаў людзей, якія абіваюць парогі дзяржаўных установаў. Сёньня Вадзім Папоў наогул адмовіўся размаўляць з тымі, хто чакаў у фае. Ягоныя дарадцы спачатку казалі, што ён зьехаў у Віцебск, потым — быццам у Горадню, а нарэшце было заяўлена, што ён вельмі заняты”.

(Пікетоўшчык: ) "Няма такога палажэньня, што мы павінны ўзгадняць свой прыход з канцылярыяй... Але тут нехта зь нейкім узгадняе і пускаюць толькі каго трэба. Нас ня пусьцяць, бо да ўлады прыйшлі жулікі, дэпутатаў пад дыктоўку прызначыў Лукашэнка і яны цяпер выконваюць ягоную волю... Ніводнае пытаньне ў краіне не вырашаецца. Усе канцылярыі блякаваныя, усё замкнулася на тэлефоннае права... Ні закон, ні парадкі — нічога ня дзейнічае".

Марыю Альфяровіч можна лічыць "ветэранам" хаджэньняў па чыноўніцкіх кабінэтах. Ужо сем год яна патрабуе дадатковай экспэртызы ў справе забітага ў беларускім войску сына. Сёньня ёй чарговы раз адмовілі ў прыёме.

(Альфяровіч: ) "У перадвыбарчай кампаніі 94-га году Лукашэнка абяцаў народу зьліквідаваць арганізаваную злачыннасьць, у тым ліку ў арміі. Са сваімі абявязкамі ён ня справіўся: злачыннасьць вырасла ў некалькі разоў. Я, маці забітага салдата, зьвярталася да Лукашэнкі 400 разоў! У 96-ым годзе была ў яго на асабістым прыёме. Ён дзеля мяне пальцам не варухнуў! Я была пазбаўленая ў гэтай дзяржаве, дзе кіруе Лукашэнка, сына, кватэры, спакойнага жыцьця. І ня я адна. Таму такі прэзыдэнт не павінен быць пры ўладзе, кіраваць дзяржавай і народам. Таму я — за любога іншага, але толькі не за Лукашэнку".

Яшчэ адна маці забітага, Ліна Чайкоўская, вынайшла свой мэтад, так бы мовіць, "адлову" высокіх чыноўнікаў, каб расказаць пра сваю трагедыю. Так, Аляксандра Лукашэнку яна двойчы перахоплівала ў часе ягоных наведваньняў царквы.

(Чайкоўская: ) "Аддала яму ў рукі высновы пра неабгрунтаваную вышэйшую меру, пра нераскрытае злачынства, пра тое, што сапраўдных злачынцаў ніхто не шукае. Адказу не атрымала. У 99-м годзе зноў пайшла ў царкву, зноў уручыла паперы. Адказу няма. Спрабавала трапіць на прыём да Шэймана. Хаджу цягам гадоў — не пускаюць, як і паўсюль, спасылаючыся на тое, што са мною спыненае ліставаньне. Летась у кастрычніку мяне зьбілі чатыры ахоўнікі ў адміністрацыі Лукашэнкі... Мы безвынікова ходзім да дэпутатаў, каб тыя ўнесьлі папраўкі ў закон пра звароты грамадзянаў..."

Усе сёньняшнія пікетоўшчыкі абяцаюць, што калі дзяржаўныя чыноўнікі й надалей будуць ігнараваць іхныя патрабаваньні (асабліва спасылаючыся на "Закон аб зваротах грамадзянаў"), падобныя выступы стануць рэгулярнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG