Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сьледчая ў справе Юр'я Захаранкі Сьвятлана Байкова не пацьвярджае зьвесткі Лукашэнкі пра тое, што прычынаю выкраданьня экс-міністра ўнутраных справаў нібыта сталі ягоныя фінансавыя праблемы. "Не выключана, што і ў Вашынгтоне за намі палявалі супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў",— мяркуе Людміла Карпенка. Ніхто з кіраўнікоў адміністрацыі прэзыдэнта не выйшаў да сваякоў зьніклых, якія ладзілі пікет побач з адміністрацыяй. Дэпутата Андрэя Клімава наведалі ў турме пасланцы ПАСЭ.


Як вядома, у мінулы аўторак Аляксандар Лукашэнка выступіў з чарговай скандальнай прамоваю. Апазыцыю ён абвінаваціў у падрыхтоўцы незаконнага захопу ўлады, чынавенства запалохаў пакараньнем за кантакты з апазыцыяй, кіраўніка місіі назіральнікаў АБСЭ ў Менску спадара Віка назваў цэнтрам змовы супраць сваёй асобы.

Зразумела, гэтыя пасажы перш за ўсё былі прадметам камэнтароў тых, каго яны закранулі. Таксама знайшліся й палітыкі, якія адказалі за апазыцыянэраў, што пазбаўлены такой магчымасьці. У прыватнасьці, былы міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонава назваў выказваньні Лукашэнкі на адрас Захаранкі й Ганчара цынічнымі.

На думку Лявонава, пасьля прамовы Лукашэнкі стала відавочна, што ён хавае выкрадальнікаў Захаранкі, Ганчара с Красоўскім і Завадзкага або перашкаджае весьці аб'ектыўнае расьсьледаваньне гэтых справаў. Экс-міністар перакананы, што матэрыялаў для аб'ектыўнага расьсьледаваньня дастаткова, ён ня верыць таму, што кажа пра зьніклых Лукашэнка.

Нагадаю, цяперашні кіраўнік дзяржавы сказаў на ўсю краіну, што Захаранка, як і Ганчар нібыта зьніклі таму, што "набралі грошай, а разьлічвацца трэба". На чым заснавана такое меркаваньне, Лукашэнка не патлумачыў. Вось чаму я вырашыў пацікавіцца ў сьледзтва ў справе Захаранкі, ці сапраўды асноўнай зьяўляецца менавіта вэрсія фінансавых праблемаў. Сьледчая гарадзкой пракуратуры Сьвятлана Байкова, якая вядзе крымінальную справу зьнікненьня Захаранкі, гэта не пацьвердзіла.

(Байкова: ) "Мы правяралі й правяраем гэтую вэрсію, але пакуль нічога не знайшлі, каб яна пацьвердзілася",— заявіла Радыё Свабода сьледчая Сьвятлана Байкова. Яна адмовілася праведамляць новую інфармацыю пра вынікі расьсьледаваньня, спаслаўшыся на забарону свайго кіраўніцтва. Сказала толькі, што нядаўна ў справе зьявіліся нейкія новыя дадзеныя.

Людміла Карпенка, удава заўчасна памерлага лідэра беларускай апазыцыі Генадзя Карпенкі ўжо камэнтавала Радыё Свабода выказваньні Лукашэнкі наконт таго, як праходзіла пахаваньне Генадзя Дзьмітрыевіча. Ня буду паўтараць сказанае, адзначу толькі, што Людміла Карпенка абвергла словы Лукашэнкі. І ня толькі наконт пахаваньня ейнага мужа, але таксама зьвесткі пра сьледчых Алега Случака й Зьмітра Петрушкевіча, якія ў ЗША нібыта бядуюць і вымушаныя падпрацоўваць прыбіральшчыкамі. У Вашынгтоне Людміла Карпенка размаўляла з Алегам Случакам па тэлефоне і вось якой інфармацыяй можа падзяліцца...

(Карпенка: ) "Яны пакуль жывуць на дапамогу як ўцекачы, але Случак, прыкладам, зьбіраецца ўладкавацца таксыстам. А ўвогуле нам яны не казалі, дзе знаходзяцца, бо, паводле іхных падозраньняў, за імі нават там палююць нашыя спэцслужбы",— паведаміла Людміла Карпенка.

Дарэчы, спачатку да падозраньняў Случака Людміла Карпенка паставілася з пэўным сумневам, але неўзабаве атрымала магчымасьць пераканацца, што ён мае рацыю. Вось што яна ўзгадала...

Пасьля адной з прэсавых канфэрэнцыяў у Вашынгтоне спадарыня Карпенка працягвала адказваць на пытаньні журналіста ў голе будынку, дзе ладзілася прэсавая канфэрэнцыя. Насупраць на канапцы сядзеў малады чалавек, які закрываў твар часопісам. Адказваючы на пытаньне пра палітычны нагляд у Беларусі, Людміла Карпенка параўнала гэтага маладога чалавека зь "ціхарамі", якія сочаць за ёй у Менску. І раптап адбылося зусім нечаканае...

(Карпенка: ) "Ён ўвесь пачырванеў, падняўся і пайшоў! Атрымалася, што ён мяне зразумеў... Гэтым ён сябе й рассакрэціў".

Людміла Карпенка мяркуе, што хутчэй за ўсё гэта быў усё ж не прафэсійны чэкіст, а беларускі дыплямат, які атрымаў загад сачыць за жонкамі зьніклых. І справу сваю зрабіў на двойку.

Згаданыя падзеі адбываліся два тыдні таму, а два дні таму, у чацьвер жонкі й маці зьніклых пікетавалі адміністрацыю Лукашэнкі ў Менску. З партрэтамі ў руках стаялі ўздоўж вуліцы Леніна Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Сьвятлана й Вольга Завадзкія, Тацяна і Ала Клімавы, Людміла Карпенка. І, як адзначылі ўсе незалежныя мэдыі краіны, за некалькі гадзінаў пікетаваньня з кіраўнікоў адміністрацыі да іх ніхто ня выйшаў. Аказалася, улада баіцца сустракацца са сваякамі зьніклых, баіцца глядзець жанчынам у вочы.

Яшчэ адна важкая падзея тыдня зьвязаная зь імем дэпутата Андрэя Клімава, які ўжо больш за тры гады знаходзіцца за кратамі. Зь ім у турме сустрэліся пасланцы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы спадары Дэвіс, Бэрэнт і Свобада, якія наведвалі Менск. Сустрэліся, не гледзячы на вельмі напружаны графік візыту. На прэсавай канфэрэнцыі па выніках візыту ў Менск сябры дэлегацыі паведамілі, што яны абмяркоўвалі з афіцыйнымі асобамі Беларусі ня толькі пытаньні выбараў, але й магчымасьць вызваленьня дэпутата Клімава, якога ў Эўропе па-ранейшаму разглядаюць як палітычнага вязьня. Таксама пасланцы Эўропы выказалі занепакоенасьць адсутнасьцю прагрэса ў расьсьледаваньні справаў зьніклых і заявілі, што гэта адмоўна адбіваецца на іміджы Беларусі.
XS
SM
MD
LG