Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖОДЗІНЕ І БАРЫСАВЕ СЁНЬНЯ ЗНОЎ АДБЫЛІСЯ ЗАТРЫМАНЬНІ “ЗУБРОЎ”


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

У Барысаве блізу апоўдні на рэчава-харчовым кірмашы "Спатканьне" нарад міліцыянтаў пад камандаю лейтэнанта Хадыкі затрымаў двух няпоўнагадовых сяброў руху "Зубр". Падлеткі займаліся распаўсюдам апошняга спэцвыпуску газэты "Рабочы", матэрыялы якога прысьвячаліся ходу выбарчае кампаніі ў краіне, а таксама сытуацыі, якая склалася зараз вакол праблемы зьніклых дэмакратычных палітыкаў, журналістаў і бізнэсоўцаў.

У пастарунку гарадзкое ўправы нутраных справаў, нягледзячы на пратэсты прадстаўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Зьмітра Бародкі няпоўнагадовых прымусілі пісаць тлумачальныя, паведамляць пра тое, дзе працуюць іхныя бацькі ды іншую падобнага кшталту інфармацыю. Пасьля таго, як лейтэнант Пашкевіч — паводле ягонага выразу — "узяў затрыманых на заметку", хлопцаў адпусьцілі на волю, бо высьветлілася, што спэцвыпуск аддрукаваны законным чынам і мае ўсе належныя выходныя зьвесткі.

Дарэчы, сёньня ж уначы ў Жодзіне супрацоўнікі тамтэйшае гарадзкое ўправы ўнутраных справаў затрымалі пяцёх барысаўскіх "зуброў", якім інкрымінавалі распаўсюд незаконна выпушчанае друкаванае прадукцыі, бо ў іхных торбах знайшлі паўсотні нескарыстаных налепак са слоганам "час прыбіраць", а таксама колькі балёнчыкаў з чырвонай, сіняй і белай фарбаю. Усю гэтую прадукцыю міліцыянты сканфіскавалі.

Цікава, што яны, акрамя пісьмовых тлумачэньняў, узялі ў юнакоў адбіткі пальцаў на руках і адбіткі далоняў. На іхныя грудзі былі навешаныя адмысловыя нумары, пасьля чаго затрыманых зьняў у анфас і профіль відэаапэратар, апрануты ў цывільнае.

"Зуброў" у пастарунку трымалі ўсю ноч і толькі ўраніцу адпусьцілі дахаты.

XS
SM
MD
LG