Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я ТРОЙЧЫ АДМОВІЎСЯ ПАДПІСАЦЦА ЗА ГАНЧАРЫКА, АЛЕ ГАЛАСАВАЦЬ БУДУ ЗА ЯГО…” ДЫ ІНШАЕ


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Два прозьвішчы, якія найчасьцей згадваюцца ў пошце апошніх дзён — Ганчарык і Домаш. Тое, што адзіным кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі вылучаны Ўладзімер Ганчарык, выклікала супярэчлівую рэакцыю ў асяродзьдзі прыхільнікаў Сямёна Домаша. У той жа час многія слухачы спрабуюць адказаць на пытаньне: чаму менавіта на асобе Ўладзімера Ганчарыка спыніла свой выбар “пяцёрка” і наколькі значныя ягоныя шанцы на перамогу над Аляксандрам Лукашэнкам? Вось што піша на гэтую тэму наш сталы слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў:

“Я вам пісаў яшчэ да таго, як Уладзімера Ганчарыка вызначылі як адзінага кандыдата: нягледзячы на век і аблічча, ён усё ж больш пэрспэктыўны, чым Сямён Домаш. Домаша афіцыёз лёгка выставіў бы “гарадзенскім заходнікам — бээнэфаўцам — дублёрам Пазьняка”.

Але гэта не азначае, што Ганчарык можа адолець Лукашэнку. Нядаўна я натрапіў на такое выказваньне брытанскага прэм'ера Тоні Блэра пасьля выбараў у Вялікай Брытаніі: “Я думаў, што ўсе газэты, абываталі будуць больш гаварыць пра маю палітычную праграму, а яны пляткарылі пра мой твар, фрызуру, грым, касьцюм, цяжарную жонку і ўчынкі дзяцей”. І гэта актуальна для любой краіны. Фактар прывабнасьці на выбарах вельмі важны, асабліва для апалітычнага жаночага электарату.

З твару й паставы Лукашэнка падобны на казацкага атамана ці зухаватага лацінаамэрыканскага дыктатара (гэткі Самоса са Шклова). Ганчарык жа ў абываталя выкліча асацыяцыі зь дзядулем-дырэктарам заводу, які ўжо на пэнсіі, жыве на лецішчы й раз на год у дзень нараджэньня прымае шматлікіх сваякоў. А Каштуніца, між іншым, апроч усяго, яшчэ й прыгажун–мужчына",— заўважае Алесь Марціновіч з Баранавічаў. І працягвае:

"Усю вяласьць, несапраўднасьць, сталічную цацачнасьць беларускай дэмакратыі паказаў той факт, што частка "домашаўцаў" узбунтавалася і адмовілася агітаваць за Ганчарыка. Беларускія дэмакраты гэтак і засталіся адасобленымі кучкамі зь нікчэмным уплывам на грамадзтва. І зладжана, згуртавана пад партрэтам Ганчарыка яны ўжо ня выступяць. Ганчарык нагадвае інваліда з прутком вярбы, які йдзе супраць мядзьведзя–Лукашэнкі. І я загадзя ведаю вынікі выбараў. Ганчарык атрымае свае 30 адсоткаў, а Лукашэнка — свае 47 адсоткаў. Пасьля чаго Лукашэнка лёгка прыпіша сабе гэты мізэр — 5 адсоткаў — і справа будзе зроблена.

Па-чалавечы шкада дзядулю-Ганчарыка, якому сунулі ў рукі непасільную ношу. Запрагаюць зайца у заглохлы танк для буксіру”,— напісаў Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

На маю думку, спадар Алесь, усё ж бальшыня людзей усьведамляе, дзеля якой мэты абіраюць прэзыдэнта — каб ён гуляў у хакей і наладжваў гонкі на лыжах, ці — каб прымаў мудрыя дзяржаўныя рашэньні, ажыцьцяўляў палітыку, дзякуючы якой у краіне не было б галечы, а чалавек пачуваў сябе годным і свабодным. Так, імідж палітыка (у тым ліку і аблічча, і век) маюць значэньне ў часе выбараў. Але нейкага эталёну, дасканалага ўзору тут няма. Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі палітыкі і ў 70, і ў 80 гадоў прыводзілі свае краіны да росквіту. І наадварот — колькі 30–40-гадовых бравых палкоўнікаў станавіліся на чале самых жорсткіх дыктатарскіх рэжымаў.

Наш сталы слухач і ўтар многіх лістоў зь Менску, які падпісваецца ініцыялам “М”, таксама разважае пра сытуацыю, што склалася пасьля вызначэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі. Ён, у прыватнасьці, лічыць беспадстаўнымі і неабгрунтаванымі высновы палітоляга Ўладзімера Падгола, якія прагучалі на Свабодзе 23 ліпеня. Спадар Падгол тады выказаў меркаваньне, што толькі меншая частка тых, хто паставіў подпісы за Домаша, будзе галасаваць за Ганчарыка. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Асабіста я падпісаўся за Домаша і тройчы адмаўляўся падпісацца за Ганчарыка. Але без сумневу буду галасаваць за яго. Ён зьдзейсьніў сапраўдны ўчынак, калі апублікаваў дакумэнтальныя сьведчаньні наконт тых паплечнікаў Лукашэнкі, якія мелі дачыненьне да палітычных забойстваў у Беларусі.

Лукашэнка яўна ў разгубленасьці. Яшчэ нядаўна дарадцы яму раілі даваць як мага меней інфармацыі пра ягоных супернікаў. Ён гэтак і рабіў. Але цяпер, не абвяргаючы дакумэнты пра палітычныя забойствы, ён, па сутнасьці, прызнае іх. І вось ужо Зімоўскі распачынае брудную прапаганду супраць Ганчарыка.

Мяркую, як бы ні быў Домаш незадаволены тым, што ня стаў адзіным кандыдатам, ён не наважыцца парушыць дамоўленасьці. У іншым выпадку для нас, хто паставіў за яго подпісы, ён стане здраднікам. Бо лёс Радзімы для нас важней за асабістыя сымпатыі”,— напісаў наш слухач “М” зь Менску.

Тое, што “пяцёрка” палітыкаў нягледзячы на ўсе перашкоды й амбіцыі прыйшла да згоды, на маю думку, у значнай ступені сьведчыць пра асабістыя маральныя якасьці гэтых людзей. І выглядае, што гэта, паважаны слухач, на сёньня — галоўная гарантыя таго, што дамоўленасьці будуць выконвацца. Што да высновы пра тое, хто з прыхільнікаў Домаша падтрымае, а хто не падтрымае Ганчарыка — у любым выпадку на сёньня гэта толькі суб’ектыўныя здагадкі. Для чалавека разважлівага цяперашняя палітычная сытуацыя ў Беларусі досыць відавочная, і складана ўявіць, што сярод прыхільнікаў Cямёна Домаша бальшыня тых, хто ацэньвае яе неадэкватна.

Ліст ад Алены Дзямідчык з Ваўкавыску. Яна піша:

“Якія ўсё ж у нас бездапаможныя палітыкі. Чалавек мкнецца ў прэзыдэнты, надзімае шчокі, кажа пра падтрымку ці то расейскае эліты, ці то айчыннага буйнога бізнэсу, а то і ўсяго народа — а палічылі сабраныя подпісы — і хоць ты плач. Датычыць гэта ня толькі тых, хто прэтэндаваў на месца “трэцяй сілы” — Марыніча й Сініцына, але й пры жыцьці залічанага ў апосталы Зянона Пазьняка. Ды пасьля такога сораму трэба публічна адмаўляцца ад палітычнай дзейнасьці, каяцца перад падманутымі людзьмі й вяртацца на пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка ў свой інстытут”,— напісала Алена Дзямідчык з Ваўкавыску, якая таксама паведамляе пра сябе, што на пачатку 90-х гадоў была гарачай прыхільніцаю Зянона Пазьняка.

Пры ўсёй вонкавай слушнасьці вашых заўвагаў, спадарыня Алена, усё ж, на маю думку, варта ўлічваць умовы, у якіх зьбіралі подпісы актывісты зь ініцыятыўных групаў тых ці іншых палітыкаў. Мы шмат паведамлялі пра факты перасьледу зьбіральнікаў подпісаў з боку мясцовых уладаў, пра тое, што былі выпадкі, калі ім пагражалі, а то й зьбівалі. Усё гэта паўплывала на тое, што многія прэтэндэнты ня здолелі сабраць патрэбную колькасьць подпісаў.

Уладзіслаў Жыгалка зь Менску, урыўкі зь ліста якога на тэму прэзыдэнцкіх выбараў гучалі ў аглядзе пошты некалькі тыдняў таму, незадаволены маім камэнтаром. Ён піша:

“Мяне абсалютна не пераканалі Вашыя аргумэнты наконт Домаша. На жаль, “дыягназ” я паставіў вельмі дакладны. Вы толькі паслухайце вашае радыё. Ужо зараз, пасьля абвешчаньня адзінага кандыдата — суцэльны “Домаш–Домаш–Домаш”. А дзе, напрыклад, Пазьняк? Ці — на Радыё Рацыя яго слухаць?”,— пытаецца Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску.

Ня думаю, спадар Уладзіслаў, што вашыя прэтэнзіі слушныя. На стадыі збору подпісаў мы сачылі за тым, каб усе патэнцыйныя кандыдаты займалі прыблізна аднолькавую колькасьць часу ў нашым эфіры, і каб слухачы мелі ўсебаковую і поўную інфармацыю пра іх. Натуральна, цяпер, калі названае імя адзінага кандыдата, і калі звузілася кола прэтэндэнтаў — сытуацыя зьмянілася. Тыя, хто працягвае ўдзел у выбарчай кампаніі, гучаць на Свабодзе значна часьцей за тых, хто з барацьбы выбыў. Па-мойму, гэта зусім лягічна.

На заканчэньне — ліст ад нашага слухача з Калінкавічаў Георгія Белаконя. Ён піша:

“Зь перадачаў замежнага радыё даведаўся, што некаторыя габрэйскія дзяячы пратэстуюць супраць выкананьня музыкі Вагнэра толькі на той падставе, што гэтую музыку любіў Гітлер. Але ці віна ў тым Вагнэра, які жыў і пісаў свае творы за стагодзьдзе да Гітлера?

Гэткая ж сытуацыя з нацыянальнымі сымбалямі Беларусі — бел-чырвона-белым сьцягам і гербам “Пагоня”. Яны былі дзяржаўнымі сымбалямі Вялікага Княства Літоўскага, пад гэтым сьцягам Беларусь стала незалежнай дзяржавай і ў 18-м годзе, і ў 91-м. Ці сымбалі вінаватыя, што іх выкарыстоўвалі нацысты? І ці павінен народ з гэтае прычыны адмовіцца ад сваёй гістарычнай спадчыны?”,— задае рытарычнае пытаньне Георгі Белаконь з Калінкавічаў.

Зразумела, спадар Георгі, што адказ на гэтае пытаньне відавочны. І бел-чырвона-белы сьцяг, і герб “Пагоня” цягам мінулых стагодзьдзяў забаранялі шмат разоў. Але яны кожны раз адраджаліся, і адродзяцца зноў, як толькі зьменіцца ўлада. Бо гісторыю ніякім дэкрэтам ці ўказам не адменіш.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Аляксандра Качанава са Жлобіну і Любові Маісеенкі з Горадні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG