Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНЫЯ ПАЛІТЫКІ НЕ ЧАКАЮЦЬ, ШТО ЎЛАДЫ ПРЫСЛУХАЮЦЦА ДА ПАРАДАЎ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня дакладчык ПАРЭ ў пытаньні Беларусі Вольфганг Бэрандт паабяцаў, што, калі прэзыдэнцкія выбары 9 верасьня пройдуць свабодна й справядіва, дык незалежна ад таго, хто будзе абраны, гэта стане істотным момантам у справе аднаўленьня разгляду беларускае заяўкі на далучэньне да Рады Эўропы. Ацэньваючы гэтую ды іншыя заявы, апазыцыйныя беларускія палітыкі канстатуюць відавочнае жаданьне міжнародных структураў паспрыяць больш дэмакратычнаму разьвіцьцю перадвыбарчае сытуацыі ў Беларусі.

"Візыт быў карысным, але эўрапейскія прадстаўнікі не павінны цешыць сябе ілюзіямі наконт магчымасьцяў рэалізацыі іхных рэкамэндацыяў,— лічыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька,— каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова было паслухаць апошні выступ Аляксандра Лукашэнкі, які прагучаў у дзень прыезду прадстаўнікоў ПАРЭ". Спадар Лябедзька зазначае, што у цэлым міжародныя структуры ў адносінах да Беларусі перасталі дзейнічаць сынхронна, што й выкарыстоўвае беларускі ўрад, адных запрашаючы да назіраньня за выбарамі, і адмаўляючы іншым:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што самая галоўная выснова, якую можна зрабіць, што міжнародная супольнасьць ўсё-такі праспала сытуацыю ў Беларусі. Яны жывуць у фармаце тых рашэньняў, якія прымаліся яшчэ ў мінулым годзе. А сытуацыя тут дынамічна зьмяняецца не на карысьць Аляксандра Рыгоравіча.

Напрыканцы мінулага году міжнародная супольнасьць цьвёрда прытрымлівалася думкі, што Лукашэнка выйграе гэтыя выбары. Сёньня, пасьля азнаямленьня з сытуацыяй, спадары Бэрандт і Дэйвіс зробяць крыху іншую выснову, але даганяць гэты час ім будзе вельмі складана",— лічыць Анатоль Лябедзька.

Кіраўнік сеткі ўнутраных назіральнікаў Мечыслаў Грыб лічыць слушным рашэньне дэлегацыі рэкамэндаваць Радзе Эўропы ўдзельнічаць у назіраньні за выбарамі ў Беларусі. На думку спадара Грыба, цяперашняя беларуская ўлада паспрабуе толькі зрабіць выгляд, што пачула рэкамэндацыі ад прадстаўнікоў Рады Эўропы:

"Сёньня ўлада разумее, што пры дэмакратычных вольных выбарах яна прайграе, яна можа казаць колькі заўгодна пра ўсе захады ў дэмакратызацыі выбараў, але гэта будзе рабіцца толькі дзеля выгляду",— лічыць Мечыслаў Грыб.

Яскравым сьведчаньнем стаўленьня да міжнародных структураў і да Рады Эўропы ў прыватнасьці стаў факт адмовы Аляксандра Лукашэнкі сустрэцца з дэлегацыяй са Страсбургу,— лічыць актывіст Народнае Грамады Анатоль Гурыновіч: "Ён дэманстратыўна паказвае, што будзе працягваць тую палітыку, якую калісьці ён абазначыў словамі: "Мы ня пойдзем за цывілізаваным сьветам". І адназначна, яму ня хочацца зь імі сустракацца — таму ўжо, што парушэньняў у выбарчай кампаніі столькі, што цяжка Лукашэнку было б адказаць на такія пытанні".

Анатоль Гурыновіч мяркуе, што той дыялёг, які сябры ПАРЭ спрабуюць наладзіць з гэтак званым "Нацыянальным сходам", "абсалютна безсэнсоўны" і ня будзе мець ніякага посьпеху, таксама як і ня будзе плёну ад добрых заклікаў прадстаўнікоў Страсбургу да беларускіх уладаў.
XS
SM
MD
LG