Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫБЫЎ РОБЭРТ КЭНЭДЗІ


Юры Сьвірко, Менск

А 18-й гадзіне у менскім гатэлі "Беларусь" з удзелам Робэрта Кэнэдзі й амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака адбудзецца традыцыйная сустрэча беларускіх выпускнікоў цэнтру імя Джорджа Маршала, што працуе ў баварскім горадзе Гарміш-Партэнкірхэне.

Гэты цэнтар набыў шырокую вядомасьць у Беларусі праз тое, што дзяржаўная тэлевізія рэгулярна абвінавачвала былога амбасадара ЗША ў Менску Дэніэла Спэкгарда ў антыбеларускай прамове, якую дыплямат нібыта зрабіў у Гармішы. Аднак сам спадар Спэкгард катэгарычна абвяргае абвіначваньні ў тым, што ён нібыта заклікаў Эўразьвяз да санкцыяў супраць Беларусі, і кажа, што ня быў у Гарміш-Партэнкірхэне цягам 3 гадоў.

Цэнтар Маршала таксама рэгулярна згадвалі зусім нядаўна, у часе судовага працэсу супраць грамадзяніна Нямеччыны польскага паходжаньня Крыстафэра Леца, якога Беларускі вайсковы суд прызнаў вінаватым у шпіянажы й асудзіў да 7 гадоў калёніі строгага рэжыму. Спадар Лец стаўся першым асуджаным замежным шпіёнам у постсавецкай Беларусі. На гэтым тле ў Менск прыехаў Робэрт Кэнэдзі, дырэктар цэнтру імя Джорджа Маршала.

Цікава, што сам гэты цэнтар лічыць, што патрэба ў ягоным існаваньні паўстала дзесяць гадоў таму, адразу пасьля няўдалага жнівеньскага путчу ў СССР. Прапанова пра заснаваньне цэнтру была ў лютым 1992 году накіраваная генэралу Коліну Паўэлу, тагачаснаму старшыні камітэту начальнікаў штабоў амэрыканскіх узброеных сілаў і цяперашняму дзяржаўнаму сакратару ЗША, які ўжо ў сакавіку 1992-га ўхваліў гэты плян.

А ў лістападзе таго ж году міністар абароны ЗША Рычард Чэйні (сёньня ён віцэ-прэзыдэнт Злучаных Штатаў) падпісаў адпаведную дырэктыву пра заснаваньне Эўрапейскага цэнтру дасьледаваньняў бясьпекі імя Джорджа Маршала як аднаго з элемэнтаў камандаваньня войскамі ЗША ў Эўропе.

Нагадаю, 23 ліпеня Гомель наведаў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі ЗША ў Эўропе і вярхоўны камандуючы аб’яднанымі сіламі NATO ў Эўропе генэрал Джозэф Ролстэн, які ўрачыста адкрыў цэнтар пераліваньня крыві Гомельскага гарадзкога шпіталю хуткае дапамогі, прафінансаваны амэрыканскімі вайскоўцамі.

Генэрал Ролстан заявіў тады: “Мы спадзяемся працягваць гэтыя праграмы — як выказваньне нашых добрых намераў і пачуцьцяў амэрыканскага народу ў дачыненьні да народу Беларусі”.

Ён таксама сказаў, што ведае пра падзеі вакол беларускіх "эскадронаў сьмерці", аднак падкрэсьліў: "Я тут, каб прадэманстраваць народу Беларусі гуманітарную добрую волю”. А Беларусь за два дні да ягонага прыезду ў Гомель асудзіла былога падначаленага спадара Ролстана за шпіянаж.


XS
SM
MD
LG