Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЬВЕТЛАГОРСКУ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск

У рэгіёне існуе два цэнтры назіраньня за выбарамі: у Гомлі — ад Кардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў, у Сьветлагорску — ад Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі.

Сьветлагорскі цэнтар месьціцца ў Першамайскім мікрараёне, у штаб-кватэры абласное суполкі БНФ. Гэтае памяшканьне ў шматпавярховым доме і стала аб'ектам пільнае ўвагі "камунальнікаў" і міліцыянтаў. Апошнім часам яны тройчы наведваліся сюды, заяўляючы, што суседзям па дому нібыта перашкаджае "стук друкарскае машынкі", якой, дарэчы, у цэнтры наогул няма...

Учора ўчастковы інспэктар, капітан міліцыі Міхал Раманаў спрабаваў перапісаць усіх прысутных у цэнтры назіральнікаў. Акурат учора са Сьветлагорскім цэнтрам павінны былі пазнаёміцца прадстаўнікі замежных амбасадаў. Таму прыход участковага інспэктара выглядае невыпадковым.

Распавядае каардынатар незалежнага назіраньня, старшыня абласное суполкі БНФ Віктар Раманішка.

(Раманішка: ) "Я схадзіў у гарадзкі выканкам да намесьніцы старшыні ў справе сувязяў з грамадзкімі арганізацыямі Валянціны Кавалёвай і сказаў, каб яны супынілі такі псыхалягічны ўціск, не настройвалі людзей супраць нас.

Наша арганізацыя існуе легальна, мае пасьведчаньне пра рэгістрацыю. Мы запатрабавалі спыніць перасьлед",— сказаў спадар Раманішка.

Сёньня ж абласная выбарчая камісія зацьвердзіла вынікі спраўджваньня сапраўднасьці подпісаў за магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта.

Адзначалася, што найбольш акуратна й прафэсійна працавалі групы збору подпісаў у падтрымку Сямёна Домаша і Аляксандра Лукашэнкі. У першага зь іх скасавана камісіямі 106 подпісаў, у другога — 55.

Амаль палову подпісаў (3328) страціў у рэгіёне ў выніку спраўджваньня Міхал Марыніч. Шэсьць тэрытарыяльных камісіяў, у тым ліку Лельчыцкая, Петрыкаўская, Чыгуначная і Цэнтральная ў Гомелі, анулявалі ўсе подпісы за Марыніча.

Найбольш распаўсюджаныя памылкі пры зборы подпісаў — гэта блытаніна месца жыхарства выбарцаў, неадпаведнасьць пашпартных дадзеных, подпіс адной асобы за іншую, а часам і збор подпісаў не сябрамі ініцыятыўнае групы.

Цалкам подпісы адхіляліся ў двух раёнах: Жыткавіцкім і Калінкавіцкім — за Зянона Пазьняка, Буда-Кашалёўскім і Навабеліцкім — за Віктара Цярэшчанку, Жыткавіцкім і Сьветлагорскім — за Аляксандра Ярашука.

Нават у рэальнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка Рагачоўская раённая камісія скасавала ўсе без выключэньня подпісы. Дарэчы, камісія ў Рагачове — адзіная ў рэгіёне, якая спраўдзіла ўсе 100% подпісаў ва ўсіх прэтэндэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG