Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЗАПАТРАБАВАЛА ЯК НАЙХУТЧЭЙ ВЫСТАВІЦЬ ЗАПРАШЭНЬНЕ ЭКСПЭРТАМ БДІПЧ


Уладзімер Глод, Менск

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі, якую правяла сёньня ў Менску дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, яе кіраўнік Тэры Дэйвіс заявіў, што прыезд у Беларусь назіральнікаў ад гэтай міжнароднай арганізацыі цалкам залежыць ад таго, ці своечасова атрымаюць запрашэньні афіцыйных беларускіх уладаў назіральнікі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы будзе рэкамэндаваць асамблеі накіраваць на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь сваіх назіральнікаў. Такое паведамленьне зрабіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску Тэры Дэйвіс — кіраўнік дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі, што знаходзілася ў Беларусі з 31 ліпеня па 3 жніўня. У склад назіральнікаў увойдуць прыкладна ад 8 да 10 парлямэнтароў, якія маюць пэўны досьвед у гэтай справе. Скарыстацца асабістымі запрашэньнямі, атрыманымі ад кіраўнікоў палатаў гэтак званага "Нацыянальнага сходу" Аляксандра Вайтовіча й Вадзіма Папова, зьбіраюцца і сябры дэлегацыі спадары Дэйвіс, Бэрандт і Свобада.

Але беларускія ўлады дагэтуль не даслалі афіцыйных запрашэньняў назіральнікам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Якой будзе рэакцыя Парлямэнцкай асамблеі, калі такое запрашэньне не паступіць увогуле або паступіць несвоечасова? Гэтае пытаньне я задаў Тэры Дэйвісу і атрымаў наступны адказ:

(Дэйвіс: ) "Мы расчараваныя тым, што гэта яшчэ ня зроблена. Падчас размовы ў Міністэрстве замежных справаў нам казалі, што гэта будзе зроблена літаральна празь некалькі дзён. Амбасадар Літвы ўчора а 17-й гадзіне зьвязваўся па тэлефоне з кіраўніком БДІПЧ амбасадарам Штудманам і той паведаміў, што запрашэньняў няма.

Калі БДІПЧ атрымае запрашэньне, напрыклад, за тыдзень да галасаваньня, дык для нас гэта непрымальна. Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы будзе ўлічваць, ці накіравана запрашэньне БДІПЧ.

Я разумею, што ў беларускіх уладаў шмат справаў, але ж у наш час запрашэньне можна даслаць нават факсам. Кожны дзень з гэтай справаю ўсё больш праблемаў.

Будзе вельмі шкада, калі БДІПЧ не прыедзе й мы ня зможам скарыстацца асабістымі запрашэньнямі спадароў Вайтовіча й Папова. Гэта будзе варты шкадаваньня вынік".

Асаблівую занепакоенасьць міжнародных парлямэнтароў выклікаюць склад выбарчых камісіяў, шэраг дэкрэтаў Лукашэнкі, асабліва №20, доступ усіх кандыдатаў на прэзыдэнта да электронных мэдыяў, магчымасьці парушэньняў пры датэрміновым галасаваньні й галасаваньні па-за выбарчымі ўчасткамі. Вось як пракамэнтаваў 20-ты дэкрэт Лукашэнкі Тэры Дэйвіс.

(Дэйвіс: ) "Што тычыцца рэгістрацыі, дык нас вельмі непакоіць уплыў прэзыдэнцкага дэкрэту №20. Мы лічым, што ён прадугледжвае занадта вялікія патрабаваньні да сваякоў кандыдатаў. Гэта несправядліва. Жонка можа адмовіцца запаўняць дэклярацыю і тым накласьці вета. Браты й сёстры таксама могуць накласьці вета. Мы маем асабісты досьвед, што могуць быць розныя палітычныя погляды ў сям'і. Таму, на наш погляд, гэта несправядлівае патрабаваньне фінансавай інфармацыі ад усіх сяброў сем'яў кандыдатаў".

У Менску дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы абмяркоўвала таксама пытаньні, што непасрэдна ня тычацца выбарчае тэмы. У прыватнасьці, гэта магчымасьць увядзеньня мараторыю на сьмяротныя пакараньні, вызваленьне з турмы дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава, прыняцьцё закону пра ўпаўнаважанага ў правох чалавека. Асобнай тэмаю стала й праблема зьніклых. У сувязі з гэтым дэлегацыя выказала глыбокае расчараваньне паводзінамі беларускіх уладаў і падкрэсьліла, што адсутнасьць прагрэсу адмоўна ўплывае на імідж Беларусі.

Вынікі візыту Тэры Дэйвіс падсумаваў наступным чынам:

(Дэйвіс: ) "Мы вядзем дыялёг з народам Беларусі на працягу ўжо двух гадоў. Мы не разглядаем прэзыдэнцкія выбары як заканчэньне гэтага працэсу. Гэта толькі стадыя гэтага працэсу. Прэзыдэнцкія выбары ня ёсьць канцом кнігі, а ёсьць толькі канцом яе главы. Канешне, прэзыдэнцкія выбары вельмі важныя. Але таксама існуюць і іншыя важныя пытаньні ў Беларусі, асабліва правы чалавека".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG