Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ НАВЕДАЛА Ў ТУРМЕ АНДРЭЯ КЛІМАВА


Валер Каліноўскі, Менск

Менская турма пакінула моцныя ўражаньні ў сяброў дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Умовы тут цалкам не адпавядаюць эўрапейскім стандартам,— зазначылі яны пасьля наведваньня камэры на сто асобаў, дзе знаходзіцца Андрэй Клімаў. У 10-мільённай Чэхіі 21 тысяча зьняволеных, і яны маюць куды больш магчымасьцяў для рэалізацыі сваіх чалавечых правоў. У Беларусі ж у вязьніцах больш за 52 тысячы чалавек, умовы ўтрыманьня якіх выклікаюць толькі жаль,— зазначыў сябар дэлегацыі чэскі дэпутат Цырыл Свобада.

Затое ад асобы самога Андрэя Клімава ў парлямэнтарыяў з Эўропы засталіся вельмі добрыя ўражаньні. Гаворыць сябра дэлегацыі ПАРЭ Цырыл Свобада:

(Свобада: ) "Ён добра выглядае, у добрым настроі, таму што ведае, што праўда на ягоным баку. Ён ведае, што за ім стаяць дэмакратыя беларуская і дэмакратыя эўрапейская. Гэта надае яму сілаў. Хаця жыве ён у вельмі складаных умовах, зь мінімальнымі гігіенічнымі магчымасьцямі й адсутнасьцю прыватнае прасторы. Яму патрэбна прыкладаць вялікія намаганьні, каб утрымацца ў гэтых умовах. Я спытаўся, што ён робіць, і ён адказаў мне, што цяпер вучыць гішпанскую мову".

Паводле словаў Цырыла Свобады, Андрэй Клімаў ведае, што адбываецца ў краіне, чытае газэты, яму не хапае толькі добрых кнігаў.

(Свобада: ) "Я мяркую, што спадар Клімаў ды іншыя і надалей заслугоўваюць нашае няспыннае і моцнае падтрымкі. Паводле сваіх паводзінаў у турме Андрэй Клімаў выклікае ў мяне глыбокую павагу".

Цырыл Свобада паведаміў, што Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы пісала звароты ў падтрымку палітзьняволеных у Беларусі, у тым ліку Андрэя Клімава. І будзе працягваць кампанію ў яго падтрымку. Спадар Свобада ўпэўнены, што Андрэй Клімаў вернецца ў беларускую палітыку:

(Свобада: ) "Ён прыйдзе ў палітыку зь істотным досьведам чалавека, які перажыў гэтае зьняволеньне, годна перажыў самае дно ў чалавечых магчымасьцях, якое ніхто не абірае добрахвотна. Прыкладна такі ж досьвед меў і Вацлаў Гавел, і я веру, што спадара Клімава чакае такі ж лёс, як і Вацлава Гаўла",— выказаў упэўненасьць чэскі дэпутат Цырыл Свобада.

Пасьля наведваньня Андрэя Клімава ў турме дэлегацыя ПАРЭ сустракалася з журналістамі, спачатку незалежных СМІ, а потым — дзяржаўных. Прадстаўнікі няўрадавых выданьняў распавялі эўрапейскім парлямэнтарам пра дыскрымінацыю — эканамічную, праўную, ідэалягічную. Пра шматлікія выпадкі запалохваньня журналістаў незалежных СМІ, пра дзіўныя выкраданьні кампутарнай тэхнікі, якія ня можа расьсьледаваць беларуская міліцыя, пра бясконцыя праверкі й выклікі журналістаў у КДБ.

На думку кіраўніка дэлегацыі ПАРЭ Тэры Дэйвіса, важная ня толькі сытуацыя з доступам да СМІ й свабодай слова ў апошнія месяцы выбарчае кампаніі, але й сытуацыя на працягу апошніх трох-чатырох гадоў, якая відавочна не была здавальняючай. Спадар Дэйвіс выказаў шкадаваньне, што ўрадавы бок адмовіўся ад выкананьня рэкамэндацыяў у пытаньні СМІ, якія былі выпрацаваныя падчас гэтак званага шырокага грамадзкага дыялёгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG