Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ СЁНЬНЯ СПРАБАВАЛА ГВАЛТАМ УВАРВАЦЦА Ў ШТАБ-КВАТЭРУ МОЛАДЗЕВАЙ АРГАНІЗАЦЫІ АГП


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня а 16-й гадзіне, калі лідэр АГП Анатоль Лябедзька ладзіў зь іншымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету пікет насупраць будынку адміністрацыі Лукашэнкі, з офісу моладзевай арганізацыі яму патэлефанавалі й паведамілі, што міліцыянты выбіваюць дзьверы. Юнакі самі адчыняць дзьверы не пагаджаліся.

Пра тое, як гэта адбывалася, распавёў Радыё Свабода сябар АГП Віктар Рак: "Прыйшлі міліцыянты, сказалі, што праверка пашпартнага рэжыму. Мы ім не адчынілі — яны пачалі іх ламаць... Пасьля, калі яшчэ прыйшлі нашыя людзі, міліцыянты, якія схаваліся за дзьвярыма, сталі ў тых выварочваць кішэні, паглядзелі на ўлёткі, ды зноў пачалі ламаць дзьверы".

Мікола Сухі, прадстаўнік моладзевай кааліцыі "Час пераменаў", дадаў: "Як толькі міліцыянты ўбачылі журналістаў, адразу сыйшлі. Але не назусім — яны сядзелі ля пад'езду й чакалі, калі разыйдуцца журналісты".

Як толькі міліцыянты пераканаліся, што журналістаў больш няма, яны зноў зьявіліся каля дзьвярэй кватэры, але выбіваць іх гэтым разам ужо не адважыліся. Крыху пастаяўшы, сыйшлі.

Сябры моладзевай арганізацыі АГП дамовіліся са сваім кіраўніцтвам, што прывязуць футболкі "Час выбіраць", налепкі і ўлёткі ў цэнтральны офіс на вуліцу Камсамольскую на таксоўцы. Калі яны пагрузілі ўсе рэчы ў машыну, да іх падыйшлі міліцыянты й затрымалі юнакоў разам з грузам. Цяпер іх утрымліваюць ў Фрунзэнскай управе міліцыі.
XS
SM
MD
LG