Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ БНФ ЗАЯВІЛІ ПРА НЕЗАКОННАСЬЦЬ ФАРМАВАНЬНЯ ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сябар Першамайскае рады БНФ "Адраджэньне" Сяргей Шынкевіч перакананы ў тым, што ўлады рыхтуюцца да фальшаваньня вынікаў будучых прэзыдэнцкіх выбараў. На ягоную думку, галоўная роля ў гэтым адводзіцца тэрытарыяльным выбарчым камісіям, якія ўжо сфармаваныя.

На асабістым прыкладзе вылучэньня ў такую камісію Сяргей Шынкевіч прыйшоў да высновы, што камісіі сфармаваныя толькі зь ляяльных ўладзе асобаў — што немагчыма было зрабіць без парушэньня закону. "Яны заўчасна, да абвяшчэньня ў сродках масавай інфармацыі фактычна сфармавалі ўчастковыя камісіі — таемна ад грамадзкасьці",— кажа Сяргей Шынкевіч.

У выбарчай акрузе Першамайскага раёну, дзе ён спрабаваў увайсьці ў камісію, была выкарыстана наступная тэхналёгія. У пэўны дзень раённыя ўлады абвесьцілі, што адбылася нарада наконт падзелу акругі на ўчасткі, але падаваць заяўкі на ўдзел у камісіях магчыма толькі празь 10 дзён, пасьля таго, як гэтыя дадзеныя будуць надрукаваныя ў мэдыях. Першамайская рада БНФ выканала гэтае патрабаваньне, аднак, калі актывісты рады падалі сваю заяўку, яны даведаліся, што прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў пачалі гэта рабіць яшчэ да друкаваньня дадзеных, і такім чынам прадстаўнікі БНФ аказаліся апошнімі ў "чарзе". Яшчэ праз колькі дзён ім было абвешчана, што ў камісію яны не патрапілі, бо нібыта "спазьніліся"...

Сяргей Шынкевіч зь сябрамі па партыі падалі скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію. Яны апэлююць да 13-га артыкулу Выбарчага кодэксу, які, на іхную думку, быў груба парушаны пры фармаваньні тэрытарыяльных камісіяў у Першамайскім раёне. Сяргей Шынкевіч лічыць, што гэтыя парушэньні не былі выпадковымі.

(Шынкевіч: ) "Калі гэтыя камісіі сфармаваныя зь людзей, якія падпарадкаваныя выканаўчай уладзе, яны могуць выконваць загады гэтае ўлады. Тады магчыма такое, што назіральнікаў не дапусьцяць да кантролю за выбарамі. У самы апошні момант назіральнікаў загоняць недзе ў кут выбарчага ўчастку, адкуль яны нічога не пабачаць.

Я быў назіральнікам на апошніх гэтак званых "парлямэнцкіх" выбарах увосень мінулага году. Тады адбывалася ўсё менавіта так. На 527-м участку ў 137-й школе на Ўсходзе, у Менску. Назіральнікі былі загнаныя ў кут і нічога не маглі пракантраляваць. Ім проста паказалі выніковы пратакол, і ўсё. Мы асьцерагаемся, што тое самае адбудзецца й на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. На загад выканаўчае ўлады намалююць любыя лічбы",— казаў Сяргей Шынкевіч зь Першамайскай рады БНФ "Адраджэньне".

Лёс ягонае скаргі ў ЦВК пакуль невядомы. Паводле закону, на яе павінны адказаць адразу або правесьці спраўджваньне цягам 10-ці дзён і даць адказ паводле вынікаў праверкі. Але адказу Сяргей Шынкевіч дагэтуль не атрымаў.
XS
SM
MD
LG