Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК КАМПАНІІ ГАНЧАРЫКА ВЫСТУПІЎ З ПУБЛІЧНЫМ АБВІНАВАЧВАНЬНЕМ НА АДРАС ЛУКАШЭНКІ ЗА ПЕРАШКОДЫ Ў СПРАВЕ ПОШУКУ ЗЬНІКЛЫХ


Юры Сьвірко, Менск

Першая сустрэча ў перадвыбарчым прэс-клюбе Беларускай асацыяцыі журналістаў адбылася з Васілём Лявонавым, кіраўніком выбарчае кампаніі адзінага кандыдата ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка.

Спадар Лявонаў распачаў сустрэчу наступнай заяваю:

(Лявонаў: ) "Лічу неабходным сёньня высунуць публічнае абвінавачваньне на адрас Лукашэнкі за тое, што ён асабіста сам прыкрывае ці перашкаджае правядзеньню аб'ектыўнага сьледзтва паводле факту зьнікненьня вядомых палітыкаў".

Васіль Лявонаў дадаў, што абнародваных матэрыялаў пра дзяржаўныя "эскадроны сьмерці" цалкам дастаткова для пачатку сапраўднага расьсьледаваньня.

(Лявонаў: ) "Замест таго, каб рабіць гэтую працу, Лукашэнка цынічна, хлусьліва пачынае спрабаваць выкруціцца, і больш за тое — большага цынізму я нават ад Лукашэнкі не чакаў,— ён тых, хто падазраецца ў зьнішчэньні людзей (выкраданьні ці зьнішчэньні — гэта сьледзтва высьветліць), бярэ ня проста пад абарону, а цяпер сам шукае ў іх абароны".

Спадар Лявонаў заявіў, што Аляксандар Лукашэнка проста абавязаны апраўдвацца, і даў зразумець, што Ўладзімер Ганчарык гатовы паўстаць перад судом, каб патлумачыць паходжаньне дакумэнтаў пра "эскадрон сьмерці":

(Лявонаў: ) "Калі ты прэзыдэнт і ты не злачынца — ня маеш дачыненьня да гэтых дзеяньняў— тады ты правядзі міжнародную экспэртызу, і тады трэба паклікаць у суд Ганчарыка, і потым ён скажа, дзе ж ён гэтыя паперы ўзяў".

Васіль Лявонаў адхіліў усе абвінавачваньні з боку Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што апазыцыя рыхтуе нейкі пераварот...

(Лявонаў: ) "Аніякага бунту ці перавароту рабіць ня будзем. Мы будзем дзейнічаць у рамах Канстытуцыі. Я — як стары намэнклятурнік, партакрат — перакананы, што менавіта гэты мэтад дазваляе зрабіць тое: прымусіць Лукашэнку здаць уладу. Толькі ў рамах Канстытуцыі й закону".

Кіраўнік выбарчае кампаніі Ўладзімера Ганчарыка ўпэўнены, што прэзыдэнту Расеі ПРЭЗЫДЭНТ Лукашэнка не патрэбны:

(Лявонаў: ) "Уладзімер Уладзімеравіч Пуцін жадае — і вы бачыце, прадпрымае спробы, і настойлівыя спробы, быць у клюбе элітным. Быць восьмым сярод джэнтэльмэнаў сьвету. Гэта галоўнае для Беларусі. Туды ня прымуць, калі ён будзе кантактаваць і вітацца з тым, у каго яўна крывавыя рукі".

Спадару Лявонаву я задаў пытаньне, у межах якое Канстытуцыі беларуская апазыцыя зьбіраецца адхіляць ад улады Аляксандра Лукашэнку. Бо нават Зянон Пазьняк падаў дакумэнты ў ЦВК на імя Лідзіі Ярмошынай, хаця паводле Канстытуцыі 1994 году легітымным старшынём ЦВК ёсьць Віктар Ганчар. Вось які адказ даў Васіль Лявонаў:

(Лявонаў: ) "Маё меркаваньне такое: што легітымнае, тое прызнаецца на Захадзе. Але Захад аказаўся — я б выказаўся так — вельмі слабым, каб аказаць падтрымку нам".

Васіль Лявонаў лічыць, што Захад мог бы граць больш значную ролю ў дэмакратычных пераўтварэньнях у Беларусі. "Калі хочаце, Захад гандлюецца — за што прадаць гэтую Беларусь. Я ў гэтым перакананы",— заявіў спадар Лявонаў. Ён распавёў, што адмовіўся сустрэцца з дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, бо тыя, паводле ягоных словаў, не выконваюць ранейшых дамоўленасьцяў. Васіль Лявонаў не патлумачыў, што гэта за дамоўленасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG