Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЖАНОЧЫ ПОГЛЯД” НА АДЗІНАГА…


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Народ пачынае абмяркоўваць кандыдатуры прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Газэта “Рабочы” у чарговым нумары дае сваім чытачам магчымасьць шчыра выказацца па гэтым пытаньні.

У пошце прадстаўлены “жаночы погляд” на адзінага кандыдата ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка. Як вядома, прыгожы пол – непрадказальны і, у той жа час, вельмі актыўны электарат у нашай краіне, які ў значнай ступені вырашыць лёс яе кіраўніка. Таму спадабацца прыгожай палове ў тым ліку і як мужчына – будзе адной з галоўных задач на этапе выбарчай кампаніі кожнага прэтэндэнта. “Наогул, Ганчарык зь першага погляду каханьня ў жанчын не выклікае – гэта я скажу шчыра, – прызнаецца адна з чытачак. – Але ж “герой-палюбоўнік”, які ўжо сем гадоў намі кіруе, у нас ужо ёсць. Дваіх такіх нам не пацягнуць... Не палюбоўніка хочацца, а мужа – клапатлівага, уважлівага, гаспадарлівага...”

У рубрыцы даецца слова і прадстаўніку моцнага полу, які выказвае свае меркаваньні наконт дзейнага кіраўніка дзяржавы і адначасова прэтэндэнта перавыбрацца на чарговую пяцігодку. “Лукашэнка ў нас афіцыйна бедны, – піша чытач. – Больш бедны, чым я. У яго нават кватэры няма. Таму ён ня плоціць за сьвятло, ваду, тэлефон і радыёкропку з Нінай Чайкай. А я плачу. Старэчыя сьлёзы вытру і – у Ашчадбанк. На пошце пэнсію атрымаў – у Ашчадбанк аднес. А жыць?!”

Важнай падзеяй мінулых выхадных стаў Кангрэс моладзі, якая вызначалася са сваім удзелам у прэзыдэнцкіх выбарах. “Гэта быў дзіўны сход, – асьвятляе мерапрыемствы карэспандэнт “Рабочага”. – З аднаго боку – усё, як патрабуе афіцыйная традыцыя: прэзыдыюм, віншаваньні ад сяброўскіх партыяў з-за мяжы. З другога – дэлегацкі мандат хто-ніхто з удзельнікаў Кангрэсу прышпіліў да махрыстых джынсаў, амаль усе ў прасьцецкіх майках... З аднаго боку – падкрэсьленая ўвага да Кангрэсу з боку патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, выступы вэтэранаў дэмакратычнага руху, з другога – забойны канцэрт рок-гурту “N.R.M.”...” Газэта зьмяшчае ўрыўкі з выступаў Сямёна Домаша і Ўладзімера Ганчарыка, а таксама рэзалюцыю Кангрэсу з рашэньнем, каго падтрымае моладзь на выбарах.

У незвычайным амплуа паўстае гэтым разам на старонках “Рабочага” былы старшыня Вярхоўнага Савету, а зараз кіраўнік Каардынацыйнай Рады па назіраньні за выбарамі Мечыслаў Грыб. Трыццаць гадоў таму ўпершыню выйшаў “на паляваньне” віцебскі маньяк Генадзь Міхасевіч, які доўгі час наводзіў жах на жыхароў рэспублікі. Менавіта палкоўнік, начальнік Віцебскай ўправы ўнутраных справаў М.Грыб спыніў забойцу. Аб нашумелай “Віцебскай справе” – размова ў гэтым нумары з Мечыславам Іванавічам.

Газэта зьмяшчае таксама статыстыку прычынаў, па якіх паміраюць беларусы, чарговы выпуск “Здароўе” і падае фатахроніку акцыяў і падзеяў, што адбыліся за тыдзень.
XS
SM
MD
LG