Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У САЛІГОРСКУ – ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ, У ЖОДЗІНЕ – “ЗУБРЫ” НА ВУЛІЦАХ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Сёньня між 18:30 і 19:30 менскага часу ў Салігорску блізу семідзесяці сябраў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, партыі БНФ і іншых дэмакратычных арганізацыяў гораду паўсталі ланцугом неабыякавых людзей на ходніках цэнтральнай тут вуліцы Леніна. Адчыняла ўзгаданы ланцуг старшыня філіі АГП Ларыса Ласановіч. Апазыцыянэры трымалі ў руках партрэты вядомых палітыкаў, журналістаў, бізнэсоўцаў, што або зьніклі ці памерлі пры сумніўных акалічнасьцях: Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Генадзя Карпенкі, Анатоля Майсені, Зьміцера Завадзкага і Анатоля Красоўскага.

Тым часам у Жодзіне ў 18:50 проста ад чыгуначнага прыпынку “Жодзіна-Паўднёвы” пачалося шэсьце аб’яднанай калёны тутэйшых, а таксама смалявіцкіх і барысаўскіх “зуброў” агульнай колькасьцьцю больш за 200 чалавек. Зубры прайшлі па ходніках цэнтральных вуліцаў: 50 год БССР, імя Леніна і 50 год Кастрычніка. Па дарозе яны дружна скандавалі:

(Зубры: ) “Нет – фашизму! Нет – фашизму! Смерть фашизму! Смерть – фашизму! Время – выбирать! Время – выбирать! Зубры – за свабоду! Зубры – за свабоду!”

На вуліцы 50 год кастрычніку калёну прыпынілі прадстаўнікі тамтэйшага гараддзелу ўнутраных справаў. Аднак абышлося без затрыманьняў. Мерапрыемства “зуброў” завяршылася а 20-ай гадзіне закідваньнем памідорамі вядомага пэрфоманснага тыпажу – лыжніка, на твары якога была вусатая маска і які сьцьвярджаў, што ён – галоўны спартовец Беларусі ды патрабаваў ад прысутных галасаваць за яго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG