Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВІЦЕБСКУ МІЛІЦЫЯ ЎЖО ПРАЗ ПЯЦЬ ХВІЛІНАЎ ПАСЬЛЯ ПАЧАТКУ САРВАЛА АКЦЫЮ АГП


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Васьмёра віцебскіх сяброў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі ў адмысловых майках з сымболікай АГП ды партрэтамі зьніклых Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага сабраліся а палове на восьмую вечара на чыгуначным вакзале. Якраз гэтым часам зь лецішчаў вяртаецца шмат гараджанаў, якім сябры АГП меркавалі раздаваць газэту “Свабода” ды адмысловы выпуск “Беларускай маладзёжнай”, прысьвечанай будучым прэзыдэнцкім выбарам. Паводле словаў Алены Залескай, старшыні гарадзкой партыйнай арганізацыі, мэтаю ўдзельнікаў акцыі было прыцягненьне ўвагі віцеблянаў да самых вострых праблемаў сучаснае Беларусі напярэдадні верасьнёўскіх выбараў.

Але іначай меркавалі супрацоўнікі чыгуначнага райаддзелу міліцыі, якія літаральна праз пяць хвілінаў ад пачатку акцыі завезьлі яе ўдзельнікаў у пастарунак як правапарушальнікаў грамадзкага спакою. Алена Залеская, Марына Арцімовіч, Андрэй Таўстых, Тамара Маркушава ды Сьвятлана Ламанюк правялі ў пастарунку каля гадзіны.

Акцыя была, па сутнасьці, сарваная, хаця міліцыянты, так і не знайшоўшы падставаў для затрыманьня мусілі ўсіх іх урэшце адпусьціць. Але міліцыянты сканфіскавалі пры гэтым некалькі соцень асобнікаў незалежнае прэсы, якая прызначалася неабыякавым патэнцыйным віцебскім чытачам.
XS
SM
MD
LG