Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АПАЗЫЦЫЯ ЗАПЭЎНІЛА ДЭЛЕГАЦЫЮ ПАСЭ Ў СВАІМ АДЗІНСТВЕ


Уладзімер Глод, Менск

Мікола Статкевіч, Валянціна Палевікова, Анатоль Лябедзька й Вінцук Вячорка казалі пра тое, што прынцыповых разыходжаньняў у апазыцыі няма. Адзінае, пра што зараз вядзецца дыскусія, дык гэта пра назоў кангрэсу ў падтрымку адзінага кандыдата на прэзыдэнта. Будзе гэта "Кангрэс дэмакратычных сілаў" або “Форум шырокае грамадзянскае кааліцыі”,— вырашыцца ўжо 3 жніўня.

Заўтра ж, магчыма, зьявіцца й супольная заява Ўладзімера Ганчарыка й Сямёна Домаша, якая скасуе тыя непаразуменьні, што паўстаюць, як лічыць Валянціна Палевікова, не паміж кандыдатамі, а зь ініцыятывы некаторых асобаў зь іхнага атачэньня.

На думку партыйных лідэраў, апазыцыя падчас збору подпісаў даказала сваю працаздольнасьць. Неабходную колькасьць подпісаў сабралі як раз тыя прэтэндэнты, што абапіраліся на партыйныя структуры.

Наколькі плённай атрымалася сёньняшняя сустрэча й што можна чакаць ад яе ў блізкім часе? Вось як адказвае на гэтыя пытаньні Вінцук Вячорка...

(Вячорка: ) "Прыехалі нашыя госьці напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, гэта значыць, напярэдадні аднаго з крытычных пунктаў выбарчае кампаніі. Уласна кажучы, нерэгістрацыя абодвух дэмакратычных прэтэндэнтаў і адзінага кандыдата і яго дублёра азначала б, што мы ўступаем на казаскі шлях выбарчага сцэнара. І, відаць, для эўрапейскіх інстытуцыяў выбар такога сцэнару азначаў бы прэвэнтыўнае непрызнаньне выбараў. Крайне важна, што эўрапейская дэлегацыя пазнаёмілася з парушэньнямі пры фармаваньні складу выбарчых камісіяў і даведалася зь першых вуснаў, ад нас, пра тое, што йснуе рэальная дэмакратычная кааліцыя ў падтрымку адзінага кандыдата. Гэта той аптымістычны імпульс, які, я спадзяюся, яны атрымалі".

А вось меркаваньне Анатоля Лябедзькі...

(Лябедзька: ) "Я чакаў, каб парлямэнцкая "тройка" прыехала ў поўным складзе. На жаль, спачатку прыехалі прадстаўнікі ПА АБСЭ, зараз прадстаўнікі ПА Рады Эўропы, а Эўрапарлямэнт наогул напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і не завітаў у Беларусь. Таму гэтая разбалянсаванасьць, тое, што яны не прыяжджаюць кансалідавана, не займаюць абсалютна аднолькавую пазыцыю, гаворыць, што, на вялікі жаль, міжнародная супольнасьць у нечым упусьціла беларускае пытаньне".

Затым дэлегацыя ПА Рады Эўропы мела размову з прадстаўнікамі пралукашэнкавае “Каардынацыйнае рады кіраўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў”, у якую ўваходзяць Камуністычная партыя Беларусі, Рух за сацыяльны прагрэс і справядлівасьць ды іншыя. Там гутарка йшла ў зусім іншай танальнасьці. Ігар Катляроў — сакратар ЦК Кампартыі, напрыклад, казаў, што парлямэнцкія выбары летась у Беларусі былі нібыта ў вышэйшай ступені дэмакратычнымі. Тут нават кіраўнік дэлегацыі Рады Эўропы Тэры Дэйвіс ня вытрымаў. Ён папрасіў прабачэньня за тое, што перапыняе сп. Катлярова, і сказаў: "Мы адсочвалі тыя выбары й дазвольце Вам сказаць, што яны праходзілі зусім ня так, як Вы іх ацэньваеце".

Пасьля гэтага дэлегацыя мела рабочы абед са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. Разам зь ёю міжнародныя парлямэнтары наведалі адну з тэрытарыяльных выбарчых камісіяў у сталіцы.
XS
SM
MD
LG