Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛОЕВЕ ПАЧАЎСЯ СУД НАД ЗЬБІРАЛЬНІКАМ ПОДПІСАЎ ЗА СЯМЁНА ДОМАША


Казімер Яноўскі, Лоеў

Справа гэта нарадзілася з падачы лоеўскіх “вэртыкальных” ворганаў. Як патлумачыла ў судзе старшыня Пярэдзелкаўскага сельскага Савету Натальля Трухан, ёй зь вёскі Казіміраўка патэлефанаваў вэтэран Мікола Гаўрыленка й паведаміў, што ў іхнай і суседніх вёсках вядзецца збор подпісаў не за Лукашэнку, а за Сямёна Домаша.

Гэту навіну спадарыня Трухан і перадала па тэлефоне ў раённую выбарчую камісію, якую ўзначальвае намесьнік старшыні раённага выканкаму Сяргей Дземідзенка.

Улады напалохаліся, што сярод вяскоўцаў няма адзінае падтрымкі цяперашняму кіраўніку дзяржавы. Да вясковых пэнсіянэраў, што паставілі подпісы за Домаша, сталі прыяжджаць разам са старшынём сельскага Савету Натальляй Трухан раённыя чыноўнікі, пракурор Васіль Прымак, асобныя чальцы выбарчае камісіі.

У выніку гэтых паездак і зьявіліся тлумачальныя лісты вясковых выбарцаў пра парушэньне збору подпісаў Вячаславам Башмаковым. Дарэчы, тлумачэньні ў другі раз перапісаваліся ў выглядзе заяваў уласнаручна выбарцамі пад дыктоўку чыноўнікаў.

Вось што распавяла нашаму радыё сьведка на судзе, 76-гадовая Вольга Кавальчук зь вёскі Казіміраўка:

"Яны самі напісалі, з райвыканкаму прыяжджалі, дык напісалі самі. А тады яны з Натальляй Уладзіміраўнай Трухан прыехалі. Трухан кажа:“Пішыце, Аляксеяўна, сама”. Я ім — “У мяне вока адно ня бачыць. Я не напішу, накаверкаю”. Трухан ў адказ: “Трэба, каб напісана было толькі вашай рукою”. Я напісала. Што — не пытайце ў мяне, старой бабы, я ўжо забылася. Яны камандавалі: пішы тое і тое, я й пісала. Дыктавала Трухан",— сказала пэнсіянэрка Кавальчук.

На падставе напісаных пад дыктоўку заяваў выбарцаў юрыст раённага выканкаму спадар Пугач склаў адмысловы пратакол пра парушэньне выбарчага заканадаўства зьбіральнікам подпісаў Башмаковым, а намесьнік старшыні раённага выканкаму Міхал Сацура накіраваў матэрыялы ў суд.

У сваю чаргу Вячаслаў Башмакоў лічыць, што ўлады штучна справакавалі суд, бо маюць намер рознымі спосабамі сфальшаваць выбары. Слова спадару Башмакову...

"Для таго, каб спосабы фальшаваньня спрацавалі, трэба перад самымі выбарамі стварыць ілюзію, што вясковы электарат на ўсе сто адсоткаў падтрымлівае цяперашні рэжым. Але калі ў нашым Лоеўскім раёне ў вёсках прайшлі зьбіральнікі подпісаў за Сямёна Домаша, і калі ў выканкаме ўбачылі, што ў Страдубцы, Пярэдзелцы, Крупейках, Казіміраўцы людзі ставяць подпісы за дэмакратычнага кандыдата, яны й забілі трывогу",— лічыць Вячаслаў Башмакоў.

Судзьдзя Сяргей Бурда сёньня вырак у справе ня вынес — адклаў разьбіраньне на тыдзень, каб выклікаць у суд новых сьведак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG