Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЕ АБВАСТРЭНЬНЕ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ


Сяргей Шупа, Прага

Гэта быў самы сур’ёзны інцыдэнт у Бліскаўсходнім канфлікце ад пачатку дзеяньня замірэньня сем тыдняў таму. Разам з выбухам, які адбыўся ў панядзелак каля Наблусу, а таксама сёньняшняй перастрэлкай у паласе Газа, за тры апошнія дні загінула 16 чалавек, усе забітыя — палестынцы.

Апошнія падзеі сьведчаць, што крывавы канфлікт, які выбухнуў з новай сілай 11 месяцаў таму, зусім не зьбіраецца заціхаць .

Як і раней, ізраільцяне й палестынцы выступілі з узаемнымі абвінавачаньнямі ў падрыве мірнага працэсу. Намаганьні Злучаных Штатаў Амэрыкі ўвесьці нейкі мэханізм назіраньня на месцы пакуль што не далі ніякіх вынікаў. Што да замірэньня, якое стараньнямі амэрыканцаў было заключанае ў сярэдзіне чэрвеня, дык яшчэ не было ніводнага дня, калі б яно магло рэальна выконвацца.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыель Шарон пасьля інцыдэнту выступіў з заявай, сказаўшы, што мэтаю карнай акцыі было зьнішчэньне мясцовых лідэраў «Хамасу» — Джамаля Мансура і Джамаля Саліма, якія, паводле заявы, рыхтавалі новыя тэрарыстычныя акты. Ізраільскае войска ўжыла папераджальныя захады. Прэм’ер выказаў шкадаваньне, што ў выніку акцыі загінулі два хлопчыкі — 7-гадовы Біляль Абу Хадэр і ягоны 5-гадовы брат Ашраф.

Лідэры Хамасу папярэдзілі, што Ізраіль заплаціць за тое, што здарылася сёньня, і гэтыя пагрозы павялічылі неспакой сярод ізраільскага насельніцтва, якое і так было ў стане гатовасьці да новых тэрарыстычных нападаў.

Праводжаная Ізраілем ужо некалькі месяцаў тактыка паляваньня за канкрэтнымі асобамі выклікала абурэньне палестынцаў. Кіраўнік аддзелу бясьпекі палестынскай адміністрацыі Джыбрыль Раджуб назваў гэткую палітыку барбарскай. Зь яе асуджэньнем выступілі таксама некаторыя праваабарончыя арганізацыі.

Тым часам некаторыя ізраільскія афіцыйныя асобы пачынаюць усё больш адкрыта заяўляць, што галоўная праблема цяпер — сам кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Ясэр Арафат. Начальнік генэральнага штабу ізраільскага войска генэрал-лейтэнант Шауль Мафаз абвінаваціў сёньня Арафата і ягоную адміністрацыю ў тым, што яны адкрылі «зялёнае сьвятло» перад тэрарыстамі, у выніку чаго апошнім часам тэрарыстычныя акты пачалі ўчыняцца штораз часьцей.
XS
SM
MD
LG