Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРАНАВІЧАХ АДБЫЎСЯ ЎСТАНОЎЧЫ СХОД ПРАЛУКАШЭНКАЎСКАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ “ЦЫТАДЭЛЬ”, ЯКОЕ, СЯРОД ІНШАГА, ЗЬБІРАЕЦЦА РАМАНТАВАЦЬ РАДЫЁКРОПКІ


Алесь Горбач, Баранавічы

Учора ў Баранавічах адбылося агульнагарадзкое паседжаньне так званага Абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Цытадэль”, якое на мэце мае падтрымку курсу сёньняшняга кіраўніка Беларусі.

Гэтае мерапрыемства, на якое былі скліканыя кіраўнікі ўсіх установаў гораду, пачалося ў працоўны час – а палове пятай. Кіраўнік баранавіцкай філіі “Цытадэлі”, сябра верхняй палаты лукашэнкавага парлямэнту Марыя Залатухіна, адкрываючы паседжаньне, сама ня ведала, як яго дакладна назваць – ці то нарада, ці то сход, таму ўвесь час блыталася ў гэтых паняцьцях. Спачатку яна пачала знаёміць прысутных са статутам “Цытадэлі”, а пасьля паведаміла галоўную мэту – падтрымка і прапаганда курсу Аляксандар Лукашэнкі. Паводле Залатухінай, у баранавіцкай філіі аб’яднаньня на ўчорашні дзень было 165 сяброў, і людзім, маўляў, бесьперапынна тэлефануюць і просяцца ў арганізацыю. Насамрэч да мяне, як да карэспандэнта, зьвярталіся настаўнікі са скаргай на тое, што іх у школах прымусова запісваюць у нейкую цытадэль ды яшчэ зьбіраюць па тысячы рублёў у якасьці сяброўскіх складак.

Што да ўчорашняга паседжаньня, дык прысутны на ім кіраўнік “Цытадэлі”, старшыня берасьцейскага абласнога савету Леанід Лемяшэўскі паведаміў, што рэальная праца пачнецца, як толькі Лукашэнка будзе зарэгістраваны ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Па словах Лемяшэўскага, для агітацыі будзе разгорнутая шырокая кампанія, каіраўнікам усіх узроўняў раздадуць адпаведную літаратуру. Будзе арганізаваная бясплатная дастаўка афіцыйных газэтаў ледзь ня ў кожную хату, а таксама літаральна ў бліжэйшы час неабходна адрамантаваць усе радыёкропкі ў насельніцтва. Сярод асноўных дасягненьняў за час кіраваньня Лукашэнкі спадар Лемяшэўскі назваў тое, што да нас на працу прыяжджаюць украінцы, а гэта, маўляў, вельмі добра, бо (цытата) “пяць хахлоў замяняюць адзін зернеўборачны камбайн”.
XS
SM
MD
LG