Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІК УВАЖАЕ АБВІНАВАЧАНЬНІ ЛУКАШЭНКІ ЗА НОНСЭНС


Юры Сьвірко, Менск

У сёньняшнім інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску яшчэ раз нагадаў:

(Вік: ) "Я кажу, што адпаведна cа сваім мандатам, у прыватнасьці, згодна з параграфам пра Беларусь дэклярацыі кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў стамбульскага саміту АБСЭ, прынятае 19 лістапада 1999 году, КНГ АБСЭ прапануе парады ўладам, апазыцыі і недзяржаўным арганізацыям наконт разьвіцьця рамкавых умоваў для свабодных і дэмакратычных выбараў",— заявіў Ганс-Георг Вік.

На ягоную думку, "пасьля парлямэнцкіх выбараў 2000 году ўлады ўсё менш і менш гатовыя карыстацца такімі парадамі", але "Кансультацыйна-назіральная група прыхільная прасоўваньню сапраўды дэмакратычных працэсаў і не прыхільная да ніводнага з бакоў цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў".

Я папрасіў кіраўніка КНГ АБСЭ пракамэнтаваць учорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён, спадар Вік, пасьля збору подпісаў запрасіў усіх прэтэндэнтаў, улучна зь Сяргеем Гайдукевічам, на гутарку ды нібыта сказаў: "Або аб'ядноўвайцеся ў адну асобу, пад Ганчарыка там ці яшчэ каго-небудзь, або ж давайце будзем здымацца ўвогуле — хай ён застаецца адзін".

Вось як адрэагаваў на гэтую лукашэнкаву цытату амбасадар Вік:

(Вік: ) "Што за нонсэнс, пра што Вы пытаецеся? Не пытайцеся пра нонсэнс!"

Ён таксама вырашыў падкрэсьліць:

"Я не камэнтую індывідуальныя пасажы прэзыдэнта. Інакш я быў бы вымушаны рассылаць кожны дзень шмат камэнтароў. Я кажу: гэта нашае права — даваць парады кожнаму. І наш абавязак",— сказаў Ганс-Георг Вік.

Я папрасіў яго пракамэнтаваць і лукашэнкавы пагрозы абнародваць дакумэнты пра тое, што "тут творыць Вік і АБСЭ"... "Няхай робіць усё, што ён хоча рабіць",— адказаў спадар Вік. На пытаньне, ці чуў ён што-небудзь пра такія дакумэнты, кіраўнік КНГ АБСЭ даў кароткі адказ: "Не".

Па камэнтар да лукашэнкавай заявы наконт таго, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына са сьлязьмі скардзілася яму на "бруд", на тое, што яе пачалі "мачыць", як сказаў Аляксандар Лукашэнка, я зьвярнуўся да сакратара ЦВК Міколы Лазавіка. Ён мяркуе, што падставаю для крыўды Лідзіі Ярмошынай магло быць наступнае:

(Лазавік: ) "Асобы, якія заявілі пра сваё жаданьне балятавацца на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія не набралі 100 тысячаў подпісаў, спрабуюць знайсьці прычыны дзе заўгодна, толькі не ў саміх сабе. Атрымліваецца, што тут ледзь не ЦВК недзе перахапіў іхныя подпісы".

Асабіста Міколу Лазавіка абураюць апошнія заявы Вячаслава Сіўчыка й прэсавага цэнтру Ўладзімера Ганчарыка наконт хады выбарчае кампаніі. А вось што думае сакратар ЦВК наконт заявы Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў: "Некаторыя падпісныя аркушы калі бярэш — там напісана: "Муму, муму, муму" — і стаіць подпіс"... Дзе ж бярэ такія аркушы спадар Лукашэнка?

(Лазавік: ) "Не, ну напэўна ж інфармацыя надыходзіць тэлефонам, і нам напрыклад, наконт таго самага Канановіча, калі ён паўсюль распаўсюдзіў сваю заяву — што не прынялі ягоныя падпісныя аркушы, у якіх не было ані прозьвішча, імя, імя па бацьку, ані пашпартных зьвестак, ані году нараджэньня грамадзяніна, а стаялі толькі подпісы. Напэўна, гэта й мелася на ўвазе".

Мікола Лазавік паведаміў, што сёньня адбылося паседжаньне ЦВК з нагоды адпаведнае скаргі Канстанціна Канановіча. А пра заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт шматлікіх фактаў зьбіраньня подпісаў за грошы Мікола Лазавік сказаў:

(Лазавік: ) "Калі б такія факты ў нас былі ў наяўнасьці, мы б забавязаныя былі неадкладна разгледзець гэта на паседжаньні камісіі. Цягам трох дзён — дакладней".

Сакратар ЦВК гэтак расцаніў учорашнюю прамову Аляксандра Лукашэнкі:

(Лазавік: ) "Я мяркую, што там канкрэтнай агітацыі няма. Там, хутчэй за ўсё, акрэсьлена сытуацыя, якая склалася ў рэспубліцы, з пункту погляду кіраўніка дзяржавы".

Спадар Лазавік дадаў, што ЦВК "канрэтную інфармацыю пра парушэньні нават ня ставіў за мэту зьбіраць". Заўтра, 2 жніўня, адбудуцца паседжаньні абласных камісіяў, а 3 жніўня ўсе дакумэнты трапяць у ЦВК.
XS
SM
MD
LG