Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК: ЛУКАШЭНКА АГУЧЫЎ СЦЭНАР ДЗЯРЖАЎНАГА ПЕРАВАРОТУ


Міхал Стэльмак, Менск

З гэтай нагоды Ўладзімер Ганчарык ад імя лідэраў апазыцыі правёў прэсавую канфэрэнцыю.

На думку Ўладзімера Ганчарыка, Аляксандар Лукашэнка ўчора агучыў сцэнар дзяржаўнага перавароту і раскрыў тэхналёгію ягонага ажыцьцяўленьня. Цяперашні кіраўнік дзяржавы, як зазначыў Ганчарык, незалежна ад вынікаў выбараў не зьбіраецца аддаваць уладу ў краіне:

(Ганчарык: ) "Уся пагроза зыходзіць ад чалавека, які знаходзіцца пры ўладзе, які ня можа зразумець, што з уладаю трэба абыходзіцца ў рамках закону, а ня так, як ён хоча. Тое, што адбылося ўчора, гэта жудасна, амаральна. Але гэта й падлягае пакараньню",— лічыць адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Пра пагрозу перавароту, паводле ягоных словаў, Лукашэнка распавядаў сьвядома. Ці магчымы ў гэтых варунках грамадзянскі канфлікт? Адказваючы на гэтае пытаньне нашага радыё, Уладзімер Ганчарык зазначыў, што гэта найперш будзе залежыць ад дзеяньняў каманды Аляксандра Лукашэнкі:

(Ганчарык: ) "Ён, вядома, напісаў сцэнар, які задумаў. Але я ня ўпэўнены, што людзі будуць маўчаць. Яны ня будуць маўчаць, калі будзе ўчыненае вось тое зло, пра якое ён казаў".

"Пяцёрка", як зазначыў Уладзімер Ганчарык, на падставе выступу Лукашэнкі зрабіла цьвёрдую выснову: Лукашэнка не зацікаўлены ў расьсьледаваньні справаў пра зьніклых асобаў. Спадара Ганчарыка абурылі названыя Лукашэнкам вынікі будучых выбараў, паводле якіх за цяперашняга кіраўніка дзяржавы нібыта прагаласуе 90% выбарцаў. "Адзіны кандыдат" лічыць, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці. У Лукашэнкі, зазначыў прамоўца, ёсьць аналітычны даклад, які, наадварот, канстатуе ягоны нізкі рэйтынг. Асабліва ў вялікіх гарадох, у прыватнасьці, у Менску. Тут, паводле інфармацыі Ўладзімера Ганчарыка, Лукашэнку маюць намер падтрымаць ня больш за 25% патэнцыйных удзельнікаў галасаваньня.

Як паведаміў "адзіны кандыдат", "пяцёрка" зараз мяркуе зрабіць усё, каб людзі ведалі праўду:

(Ганчарык: ) "Будзем ладзіць сустрэчы ў працоўных калектывах, будзем тлумачыць, што адбылося і адбываецца. Тыя людзі, якіх назваў Лукашэнка (Бажэлка ды іншыя), яшчэ распавядуць пра вельмі "цікавыя" рэчы. Пра тое, куды пайшлі сродкі. І чаго ён апраўдваецца, што не забіваў, не аддаваў такія распараджэньні. Чаму ён баіцца гэтага? Таму што мы будзем рабіць усё дзеля таго, каб людзі ведалі праўду й маглі зрабіць асэнсаваны выбар",— заявіў сёньня Ўладзімер Ганчарык.
XS
SM
MD
LG