Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА ХВАЛЮЕЦЦА”


Віталь Тарас, Прага

Тым часам, іншае лібэральнае выданьне – газэта “Время МН”, піша, што насуперак жаданьням апазыцыі, Пуцін падтрымлівае Лукашэнку.

Леанід Радзіхоўскі ў артыкуле “Менскі пляменьнік” піша пра стыль расейска-беларускіх дачыненьняў. “Ён просты. Лукашэнка гаворыць пра “братэрскае аб’яднаньне”, а Расея яму ў адказ суне яму грошы. Такія адносіны сапраўды бываюць паміж сваякамі. Адзін выглядае утрыманцам, другі – багатым дзядзечкам. Стыль даволі вядомы”.

Усе разумеюць, піша далей Радзіхоўскі, што рэальнае аб’яднаньне з Расеяй азначала б для Лукашэнкі палітычную сьмерць… Таму, на думку аўтара артыкулу, ён ніколі на гэта ня пойдзе, ягоная задача – толькі гандляваць словам “аб’яднаньне”. Такі стыль, аднак, быў магчымы толькі пры Ельцыне.

“З прыходам Пуціна скончыліся братэрскія абдымкі, скончылася й манэра Лукашэнкі чытаць "братэрскую мараль” сваім крамлёўскім патронам. Далей здымаць з Расеі “маральную рэнту” стала немагчыма. Зрэшты, верны сваёй тактыцы “цішэй едзеш – далей будзеш”, прэзыдэнт Расеі, відавочна, не імкнецца канчаткова пазбавіцца менскага пляменьніка (цяпер паніжанага да проста суседа)”.

На думку Радзіхоўскага, Масква баіцца, што пасьля зьмены дыктатара Беларусь апануе хаос. Таму Пуцін падтрымлівае Лукашэнку. “Уласна кажучы, яму падтрымка не патрэбная – яму трэба толькі не перашкаджаць, а ўладу ён сам захавае”, – піша “Время МН”.

Яшчэ больш адкрыта выказваецца на гэтую тэму пракамуністычная газэта “Трыбуна”. У рэдакцыйным камэнтары да інфармацыі пра сустрэчы лідэраў СНД ў Дагамысы, дзе Пуцін, сярод іншага, правёў перамовы з Лукашэнкам, чытаем:

“Адносіны Расеі й Беларусі і без таго дастаткова стабільныя. У бліжэйшай пэрспэктыве чакаецца чарговая “інтэграцыя”. Справа нават не ў паэтапным аб’яднаньні двух народаў. Эўропа й ЗША ў чарговы раз праводзяць псыхалягічную атаку на Аляксандра Лукашэнку. Беларускаму лідэру проста няма больш да каго зьвярнуцца па матэрыяльную падтрымку і маральную дапамогу”.

Дарэчы, апошнім часам адбыліся зьмены і ў візавай палітыцы Расеі ў адносінах да прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў – у тым ліку тых, што нясуць патэнцыйную пагрозу рэжыму ў Беларусі. Газэта Moscow Times згадвае ў сваім артыкуле выпадак зь кіраўніком польскага аддзяляньня Інстытуту падтрымкі дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе Паўлам Казанэцкім.

Ён быў спынены расейскімі памежнікамі сёлета ў студзені ў аэрапорце Шарамецева і дэпартаваны назад у Варшаву. Група супрацоўнікаў інстытуту на чале з Казанэцкім, піша газэта, з 94-
году працавала ў Беларусі над стварэньнем сеткі няўрадавых арганізацыяў. У адкрытым лісьце на імя амбасадара Расеі ў Варшаве Казанэцкі напісаў, што ягоная дзейнасьць ніякім чынам ня тычылася Расеі, і таму ён не разумее матываў абвешчаньня яго пэрсонай нон-грата.

Маскоўская праваабарончая група Мэмарыял у сувязі з гэтым выпусьціла заяву, у якой гаворыцца, што рашэньне не выдаваць візу інспіраванае спэцслужбамі Беларусі.

Прадстаўнік жа МЗС Расеі, які пажадаў застацца неназваным, сказаў у размове з карэспандэнтам Moscow Тimes, што рашэньне зыходзіла не зь ягонага міністэрства і даў зразумець, што гэта была ініцыятыва ФСБ. Акрамя таго, дыплямат пацьвердзіў, што візавая палітыка Масквы ўзгадняецца зь іншымі партнэрамі ў СНД.
XS
SM
MD
LG