Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА НЕ ЗНАЙШОЎ ЧАСУ НА СУСТРЭЧУ З ДЭЛЕГАЦЫЯЙ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на чале з кіраўніком Палітычнага камітэту асамблеі Тэры Дэйвісам другі працоўны дзень у Менску распачала сустрэчаю зь "пяцёркаю" апазыцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта ды кіраўніком перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ад апазыцыі Васілём Лявонавым.

Прадстаўнікоў Рады Эўропы цікавіла меркаваньне палітыкаў пра ход перадвыбарчае кампаніі. Павал Казлоўскі й Міхал Чыгір адзначалі, што іхныя ініцыятыўныя групы здолелі сабраць па 100 тысячаў подпісаў, але выбарчыя камісіі часам адмаўляліся пісьмова пацьвярджаць здачу подпісаў. Гаворыць адзін з удзельнікаў гэтае сустрэчы Ўладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Яны цікавіліся ходам выбарчае кампаніі, асабліва — чаму не змаглі здаць подпісы асобныя кандыдаты, чаму так адбылося, як ідзе іхнае спраўджваньне. А мы іх інфармавалі пра тое, што ня ў гэтым сутнасьць справы, а галоўнае — у тым, што адбываецца цяпер, які сцэнар выбараў рыхтуецца. І ўжо ўчора гэта наглядна было прадэманстравана... Паразуменьне, я думаю, ёсьць, ёсьць — у гэтым пытаньні. Яны зацікаўленыя, каб выбары прайшлі справядліва, але баюся, што іхных намаганьняў будзе недастаткова. Я выказаў пажаданьне ім даць аб'ектыўную ацэнку таго, што адбываецца ў Беларусі".

Уладзімер Ганчарык зазначыў, што эўрапейскія парлямэнтары атрымалі копіі матэрыялаў пра сытуацыю са зьнікненьнем палітычных апанэнтаў улады.

Сёньня ў пляне дэлегацыі была сустрэча і з А.Лукашэнкам, але ён не знайшоў часу на яе.

Тым ня менш, сустрэчы эўрапейскіх парлямэнтарыяў прайшлі пад пэўным уражаньнем ад учорашняга выступу Аляксандра Лукашэнкі перад "вэртыкальлю". Прэсавы сакратар дэлегацыі Рады Эўропы Франчэска Фэрэр паведаміў Радыё Свабода, што дэлегацыя Рады Эўропы атрымала відэакасэту з гэтым выступам. Скандальны выступ Аляксандра Лукашэнкі камэнтуе сябра дэлегацыі ПАРЭ нямецкі парлямэнтары Вольфганг Бэрандт:

"Так, я думаю, што гэтая прамова паказвае, наколькі ён стаў нэрвовым. Зразумела, што ён вельмі заклапочаны сваім пераабраньнем. І відавочна, што ёсьць незадавальненьне ім ня толькі з боку арганізаванай апазыцыі, але сярод шмат каго з гэтак званае "намэнклятуры", якая, відавочна, не ў захапленьні ад прэзыдэнта. Магчыма, гэта прычына таго, што ён стаў такім нэрвовым",— сказаў Вольфганг Бэрандт.

На пытаньне, ці магчымыя на ягоную думку вольныя выбары ў такіх умовах, спадар Бэрандт адказаў:

(Бэрандт: ) "Мы яшчэ не сфармавалі сваю думку, гэта яшчэ толькі сярэдзіна візыту, і мы маем намер сустракацца яшчэ з многімі людзьмі. Але мы ўжо маем вялікую занепакоенасьць адносна выкананьня многіх палажэньняў закона, у прыватнасьці, адносна працэдуры спраўджваньня подпісаў, і таксама наконт непрыняцьця подпісаў тэрытарыяльнымі камісіямі, як гэта здарылася, напрыклад, са спадаром Чыгіром".

Міністар замежных справаў Міхал Хвастоў і кіраўнік Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч, які адмыслова перапыніў свой адпачынак каб сустрэцца з дэлегацыяй Рады Эўропы, запрасілі прадстаўнікоў Парлямэнцкай асамблеі даслаць сваіх назіральнікаў на выбары прэзыдэнта 9 верасьня. На думку спадара Вайтовіча, выбары павінны паспрыяць пераадоленьню міжнароднай ізаляцыі Беларусі.

Дэлегацыя на чале з Тэры Дэйвісам мусіць выказаць свае рэкамэндацыі наконт удзелу ў назіраньні беларускіх выбараў кіраўніцтву ПАРЭ. Але, як зазначыў Тэры Дэйвіс, пакуль што імі рашэньне не прынятае. Яно будзе агучана 3 жніўня.

Сёньня дэлегацыя ПАРЭ сустрэлася таксама з жонкамі зьніклых палітыкаў, з кіраўнікамі сеткі ўнутраных назіральнікаў, прадстаўнікамі незалежных дасьледных інстытутаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG