Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДМІЛА КАРПЕНКА: ЛУКАШЭНКА ХЛУСІЦЬ, ЁН НЕ ХАВАЎ МАЙГО МУЖА І НЕ ДАПАМАГАЎ НАМ


Ганна Соусь, Менск

Учора, выступаючы перад перад прадстаўнікамі выканаўчае ўлады, Аляксандар Лукашэнка ўзгадаў Генадзя Карпенку. Цытую: "...Я вам шчыра скажу — мы яго хавалі. Жонка прыйшла, кажа: чаравікаў няма, няма чаго апрануць". Паводле словаў Лукашэнкі, Міхал Мясьніковіч набываў вопратку для Карпенкі, а таксама сачыў за тым, як яму аказваецца мэдычная дапамога. Сёньня я сустрэлася зь Людмілай Карпенкай. Пасьля ўчорашняга выступу Лукашэнкі яна ня спала ноч...

(Карпенка: ) "Вядома, я была ў шоку ад той хлусьні й паклёпу, якія прагучалі. Мінула два гады, як няма майго мужа. Тое, што прагучала, сьведчыць, што Лукашэнка, як баяўся, гэтак і працягвае баяцца майго мужа. Лукашэнка адчуў, што, магчыма, ён не пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, і таму распачаў барацьбу брудным чынам.

Цяпер мы, жанчыны, аб'ядналіся, распавядаем пра тое, што адбылося з нашымі мужамі. Я адкрыта кажу, што гэта — ня сьмерць, а палітычнае забойства, і ў мяне шмат пытаньняў, у тым ліку — і да Лукашэнкі".

Людміла Карпенка сьцьвярджае, што яна НІКОЛІ не зьвярталася да Лукашэнкі па дапамогу.

(Карпенка: ) "А Вы паверыце, што Мясьніковіч сам хадзіў нешта набываць? Сьмешна!.. Я не хачу нават апускацца да яго ўзроўню, да такой нізасьці... Чаравікі ён набыў... Я ў стане сама свайму мужу купіць чаравікі. Тым больш, у яго былі, ён езьдзіў якраз напярэдадні ў Фінляндыю й прывез дзьве пары чаравікаў. Помню, мне распавядалі — што прыходзіў у кватэру Ціцянкоў і тэлефанаваў Мясьніковіч. У мяне адзіная была просьба — даць прыстойнае месца на могілках! Так, яны дазволілі пахаваць на Маскоўскіх могілках, але ня ў першым шэрагу, дзе лепшыя грамадзяне краіны..."

Людміла Карпенка з сумневам паставілася й да заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Карпенку (цытую) "ратаваў лепшы хірург, ратаваў тры дні". Дарэчы, спадарыня Карпенка мае шэраг прэтэнзіяў да мэдыкаў...

(Карпенка: ) "Чаму яго адвезьлі ў шпіталь хуткае дапомогі, які ня ёсьць нэйрахірургічным цэнтрам? Чаму паўтары дні не аказвалася мэдычная дапамога? Калі кажуць пра Аляшкевіча, дык ён ведаў усё зь вечару, але не прыехаў да Карпенкі. Ураніцу ён паехаў на кансультацыі ў Бараўляны, і не прыехаў, пакуль яго не прывёз дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Леанід Белякоў. Калі Генадзь ужо ляжаў у шпіталі, спадар Ганс-Георг Вік прапанаваў любую дапамогу, каб выратаваць мужа. Я прывезла Аляшкевіча ў офіс АБСЭ, ён размаўляў зь Вікам, але адмовіўся ад дапамогі".

Гэта была жонка Генадзя Карпенкі Людміла. Дарэчы, наступным тыднем яна разам з жонкамі зьніклых і зьняволеных палітыкаў распачне паездкі па беларускіх гарадох, каб давесьці да людзей праўду пра тое, што адбылося з іхнымі мужамі.
XS
SM
MD
LG