Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗЬБІТЫ ПРАВААБАРОНЦА СЯРГЕЙ СТРЫЖАНОК


Любоў Лунёва, Менск

Сяргей Стрыжанок паведаміў, што ўчора позна ўвечары, калі ён вяртаўся дадому, пры выхадзе зь ліфта на яго напалі трое невядомых. Спачатку пырснулі ў твар сьлезацечным газам, а потым пачалі зьбіваць.

Распавядае Сяргей Стрыжанок:

"Адзін зь іх грубым голасам сказаў, што гэта мне — "за мой язык". Пасьля гэтага мяне пацягнулі на запасную лесьвіцу. Там білі па сьпіне нейкай палкай, а потым зьбеглі. Я сам прыйшоў у кватэру й папрасіў жонку выклікаць "хуткую дапамогу" й міліцыю. Міліцыянты прыйшлі, калі я быў у шпіталі. Сёньня я наведаў Цэнтральны аддзел міліцыі. Мяне паабяцалі накіраваць па мэдычную экспэртызу, каб зафіксаваць пабоі.

Я лічу, што невыпадкова напад на мяне супаў з датаю разгляду нашай калектыўнай скаргі на АМАПаўцаў. Мы з Алегам Волчакам ды Ігарам Гайшуном скардзіліся ў гарадзкую ўправу ўнутраных справаў на некарэктныя паводзіны АМАПаўцаў у судзе, калі нас судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў гадавіну зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. Я мяркую, што гэта была помста з боку АМАПаўцаў",— паведаміў Радыё Свабода Сяргей Стрыжанок.

Сяргей Стрыжанок мае даведку са шпіталю пра тое, што ён атрымаў цялесныя пашкоджаньні лёгкае ступені. Сам ён лічыць, што супрацоўнікі міліцыі ня знойдуць вінаватых у нападзе.
XS
SM
MD
LG