Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРЭДНЯВЕЧНЫЯ СЬМЯРОТНЫЯ ПАКАРАНЬНІ


Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: Алесь Белы.

(Ракіцкі: ) "Кожная дзяржава мае гэтак званыя сілавыя структуры й сілавую сыстэму, каб забясьпечыць абарону грамадзтва ад супрацьпраўных дзеяньняў асобаў. Сыстэмы пакараньняў адпавядаюць часу, ягоным маральным і юрыдычным крытэрам. Наш расповед — пра Сярэднявечную Беларусь — высокаразьвітую эўрапейскую дзяржаву, Вялікае Княства Літоўскае...

Дык якія кары прадугледжваліся нашым продкам за злачынствы супраць сярэднявечнага права? Пытаньне майму госьцю — гісторыку Алесю Беламу..."

(Белы: ) "Канешне, непараўнальна больш жорсткімі, чым тыя, да якіх мы сёньня звыклыя, бо асобнае чалавечае жыцьцё каштавала вельмі танна. Асабліва сьмяротныя пакараньні — “кара горлам” ці “страта”, як тады казалі. Кожная мера ці спосаб пакараньня адпавядаў пэўнаму злачынству. Ну вось, напрыклад, самая, бадай, жудасная кара ў Літоўскім Статуце, якую ўжывалі да забойцаў блізкіх сваякоў, асабліва бацькоў":

"Гды бы сын або дочка отца або матку свою умысльне забил або яким колвек обычаем родича своего о горло приправил, тогды таковый… смертью ганебною маеть каран быти: по рынку возечи, клещами тело торгати, а потом в мех скуреный всадивши до него пса, кура, ужа и котку и тое всё посполу в мех всадивши, и зашить и где наглубей до воды утопити".

(Ракіцкі: ) "А што ж гэта за дзіўны падбор кампаньёнаў для тапельца? Сабака, певень, вуж і кот — чамусьці на памяць прыходзяць брэмэнскія музыкі…"

(Белы: ) "Тады ўжо ня брэмэнскія, а майдэборскія. Гэтае, надта выкшталцонае пакараньне (як, зрэшты, і ўсе іншыя, так бы мовіць, лагаднейшыя), не было вынайдзенае ў Літве ці Беларусі, а прыйшло да нас у гатовым выглядзе з Заходняй Эўропы разам з нормамі майдэборскага права. Прылады, спосабы, рытуалы, змрочная тэхніка й сымболіка катаваньняў і пакараньняў у Сярэднявечным і навачасным ВКЛ — усё гэта суцэльна нямецкага паходжаньня. Дарэчы, кожная з жывёлаў, разам зь якімі тапілі сказанца, мусіла сымбалізаваць пэўны грэх. Напрыклад, сабака — подласьць і нізасьць, якія праявіў забойца бацькоў. Певень — пыху, празь якую злачынца спрабаваў узвысіць сябе над правам і абавязкам, і гэтак далей".

(Ракіцкі: ) "Дык, можна сказаць, жорсткасьць да нас прынесьлі немцы?"

(Белы: ) "Ня гэтулькі немцы, колькі далучэньне да эўрапейскай цывілізацыі ўвогуле — з канца XIV-XV ст. І ня гэтулькі жорсткасьць — бо крымінальнае права іншых суседзяў, Маскоўскай дзяржавы і Асманскай імпэрыі, было прынамсі ня менш жорсткім,— колькі ўніфікацыя і рэглямэнтацыя ўсёй сыстэмы пакараньняў, аднолькаваю ва ўсёй тагачаснай Эўропе. І да Крэўскай уніі былі ж ва ўсходніх славянаў і літоўцаў сьмяротныя пакараньні".

(Ракіцкі: ) "Але ўсё ж такі, дзе вытокі сярэднявечнае жорсткасьці?"

(Белы: ) "Толькі ня трэба зводзіць іх да садызму канкрэтных асобаў ці народаў. Хаця катамі, вядома, рабіліся невыпадкова, яны самі былі толькі выканаўцамі — ня столькі волі пэўных жорсткіх уладароў, колькі грамадзтва ў цэлым. Можна сказаць, волі сярэдняга чалавека. Пакараньне, асабліва сьмяротнае, апроч праваахоўнай функцыі, а можа нават і перш за яе, мусіла задаволіць ягоную патрэбу ў відовішчы. Магістрацкія кнігі нашых гарадоў называюць трыбуны для гледачоў (якія будавалі перад важнымі пакараньнямі) тэатрамі. Нават вучняў часта звальнялі ад школьных заняткаў і прыводзілі ў такі тэатар, каб яны атрымалі належны ўрок. Такім чынам, усім гэтым шыбеніцам, колам, палям, прэнгерам, кунам, калодкам належала тады прыкладна тая роля, якую сёньня выконваюць усялякае крымінальнае чытво, DVD i Dolby Digital".

(Ракіцкі: ) "А якое сьмяротнае пакараньне было самым распаўсюджаным?"

(Белы: ) "Павешаньне. Шыбеніца — дарэчы, слова таксама нямецкае — на працягу стагодзьдзяў была амаль такім жа элемэнтам эўрапейскага пэйзажу, як і прыдарожны крыж. Адным з сынонімаў шыбеніцы ў актавых кнігах было лацінскае слова justitia — сьведчаньне таго, што менавіта шыбеніца — асноўная прылада правасудзьдзя. Абсалютная большасьць сьмяротных вырокаў выконвалася такім чынам — так каралі злодзеяў і ўвогуле адносна дробных, найбольш шматлікіх злачынцаў. Іх целы доўга не здымалі — гэта давала пасілак ня толькі птушкам, але й чараўнікам, якія ахвотна ўжывалі пальцы ды іншыя часткі цела вісельнікаў ці кавалкі вяроўкі ў розных чарадзейных сродках — ад імпатэнцыі, напрыклад, або ад хуткага псаваньня піва. Калі злачынцу не ўдавалася злавіць, на шыбеніцы вешалі ягоную выяву ці картку з апісаньнем злачынства й вырокам. Так што шыбеніца, прыцягваючы ўвагу цікаўных з усяго навакольля, служыла мейсцам абмену штодзённымі навінамі, своеасаблівай дошкай аб’яваў".

(Ракіцкі: ) "Якія яшчэ віды пакараньняў існавалі ў Сярэднявеччы?"

(Белы: ) "На стосе палілі чараўнікоў і герэтыкоў, а таксама падпальшчыкаў, атручальнікаў і фальшэрцаў манеты. У Вялікім Княстве, дзе жыло шмат габрэяў і мусульманаў, такая ж мера пакараньня ўжывалася за выхоўваньне дзяцей хрысьціянаў у нехрысьціянскай рэлігіі. Чвартавалі ці “ўпляталі ў кола” разбойнікаў, рабаўнікоў, бунтаўнікоў, асабліва людзей паспалітых за забойства шляхціца. Тапілі ў вадзе чараўніц, а таксама жанчын, якія забілі сваіх дзяцей. Адным з самых жахлівых і ганебных пакараньняў было “ўзьбіваньне на палю”. Так каралі найперш за забойства “здрадлівым потаемным обычаем” — з засады або нейкай ганебнай зброяй — а найбольш ўжывалася гэткая кара ў казацкіх войнах XVII стагодзьдзя. Дарэчы, з казацкімі войнамі, крыху ранейшага часу, зьвязаны яшчэ адзін міт: нібыта Севярына Налівайку, правадыра антыфэадальнага паўстаньня, як любілі ў нас казаць, а лепей сказаць, разбойніка, жывым засмажылі ў медным быку, адмыслова зробленым такім чынам, каб узмацняць перадсьмяротныя стогны няшчаснага асуджанага. Ёсьць нават прафэсійныя расейскія гісторыкі й беларускія пісьменьнікі, якія дагэтуль так і сьцьвярджаюць, што Налівайка і ягоны паплечнік закусілі зубамі плечы адно аднаго, каб праклятыя польска-каталіцкія паны-прыгнятальнікі не пачулі іхных стогнаў. Увогуле медны бык запазычаны з антычнай легенды — быў нейкі вынаходнік Перылай, які, каб выслужыцца перад тыранам Фаларысам, прадставіў яму такую садысцкую прыладу, якую на ім жа й выпрабавалі".

(Ракіцкі: ) "Дык і вынаходнік гільятыны таксама загінуў ад уласнага стварэньня..."

(Белы: ) "...Што наўрад ці можна назваць несправядлівым. Але на самой справе такая кара, як "медны бык", ў нас ніколі не ўжывалася. Канкрэтна Налівайку чвартавалі — ня ведаю, ці лягчэйшае гэта было пакараньне, але прынамсі, з тых, якія прадугледжвала права".

(Ракіцкі: ) "Пакараньне лёгкае, пакараньне цяжкае. Што разумелі за гэтымі вызначэньнямі тагачасныя беларусы?"

(Белы: ) "Адносна лёгкім, у пэўным сэнсе нават пачэсным, лічылася сьцінаньне галавы. Так каралі забойцаў, гвалтаўнікоў, злоўленых на пералюбе, палітычных злачынцаў. Як правіла, толькі так можна было “страціць” шляхціца. Казімір Лышчынскі, асуджаны на спаленьне за атэізм, атрымаў каралеўскую палёгку, бо быў усё ж шляхіцам — таму яму папярэдне адсеклі галаву. Прывілей на гэтую адносна лёгкую сьмерць вышэйшае саслоўе захоўвала для сябе па ўсёй Эўропе. Дарэчы, шляхціца нельга было й катаваць дзеля здабычы паказаньняў. Габрэям спаленьне, чвартаваньне ці шыбеніцу замянялі на сьцінаньне, калі яны згаджаліся прыняць хрысьціянства".

(Ракіцкі: ) "А расстрэл?"

(Белы: ) "Расстрэл зьявіўся адносна позна, у XVIII ст., і быў спачатку чыста вайсковым сродкам пакараньня. Так каралі найперш жаўнераў, незалежна ад злачынства. Адным з самых славутых, які вельмі ўразіў сучасьнікаў і пакінуў шмат сьлядоў у мастацкай літаратуры, быў расстрэл радзівілаўскага фаварыта Валадковіча ў Менску ў сярэдзіне XVIII ст. На карысьць расстрэлу была адносная лёгкасьць пакараньня для самога злачынцы — бо XVIII стагодзьдзе было ўжо адносна гуманным — а таксама магчымасьць адмовіцца ад паслугаў прафэсійнага ката".

(Ракіцкі: ) "Дарэчы, мы амаль нічога не казалі яшчэ пра выканаўцаў судовых вырокаў. Што гэта былі за людзі?"

(Белы: ) "Кат..."

(Ракіцкі: ) "...Яшчэ адно нямецкае слова!"

(Белы: ) "Так. Кат ня толькі караў злачынцаў. Увогуле галоўным ягоным заняткам былі «тартуры» ці катаваньні — яны ўжываліся як сродак не пакараньня, а дазнаньня. Катавалі падазраваных у нейкім злачынстве, каб здабыць прызнаньне — або пераканацца ў невінаватасьці, і калі казаць пра прафэсійнае майстэрства, менавіта тут яно было патрэбнае кату найбольш. Хаця, вядома, і пры пакараньнях трэба было праявіць немалы спрыт. Сапраўдны кат мусіў умець сьцяць галаву сказанца адным ударам — такі своеасаблівы тэст на прафпрыдатнасьць. Калі гэта не ўдавалася, кат звычайна апраўдваўся, нібыта ягоныя нядобразычліўцы зачаравалі меч. У прамежку паміж выкананьнем сваіх асноўных абавязкаў каты ды іхныя памочнікі — гіцлі — мусілі лавіць бядзяжных жывёлаў, ачышчаць горад ад падлы і адкідаў, а часам нават сачыць за парадкам у публічных дамах. Канешне, гэтымі бруднымі справамі кат займаўся не непасрэдна, а выступаў хутчэй у якасьці арганізатара. Тым ня менш, кожны горад, які браўся ўтрымліваць ката, (а каштаваў ён ня танна) імкнуўся нагрузіць яго самымі непрыемнымі й бруднымі абавязкамі, патрэбу ў якіх магло выклікаць гарадзкое жыцьцё. Магчыма, адсюль паходзіць і выраз: “павесіць на кагосьці ўсіх здохлых сабакаў”.

(Ракіцкі: ) "З вашых словаў вынікае, што катаў шкадавалі".

(Белы: ) "Да ката ставіліся са змешаным пачуцьцём — штосьці сярэдняе паміж жахлівай павагай — адсюль і іншая назва ката — “містр”, г.зн. гаспадар, гаспадар твайго жыцьця і здароўя — і адкрытай нянавісьцю. Апошняя пераважала. Кату цяжка было знайсьці сабе знаёмых сярод прыстойных людзей, ажаніцца, увогуле неяк уладкавацца ў штодзённым жыцьці. Таму гэтае рамяство часта перадавалася ў спадчыну. Такая сэлекцыя мусіла выпрацоўваць адмысловы тып людзей — цынічных, няўмольных, нясхільных да сантымэнтаў. Якім бы жорсткім не было сярэднявечча, а попыт на людзей гэтай прафэсіі перавышаў прапанову. Вельмі часта мейсца ката было вакантным, і магістрату трэба было пазычаць ката з суседняга гораду. Часам можна сустрэць сьцьверджаньне, што ў Рэчы Паспалітай існаваў асобны катаўскі цэх, але гэта, канешне, яшчэ адна пазнейшая выдумка".

(Ракіцкі: ) "Нездарма ж і слова «гіцаль» — памочнік ката — у беларускай мове набыло значэньне лаянкі. Карацей, усё, што было зьвязанае з рамяством ката, выклікала агіду й пагарду?"

(Белы: ) "Пераважна так. Але ў гісторыі Беларусі быў, напрыклад. выпадак, калі катаўскі меч, сымбаль ганьбы й пагарды, пакрыў сябе славай. Слаўнае паўстаньне 1661 г. ў Магілеве супраць расейскага панаваньня пачалося, калі бурмістар Левановіч, схапіўшы першую-лепшую зброю, якой аказаўся меч катаўскі, заклікаў гараджанаў не цярпець больш расейскае тыраніі, выгукнуўшы: “Пара!” Дарэчы, сілуэт Левановіча, узброенага мячом, на тле гарадзкой брамы, і сёньня зьяўляецца гербам Магілеву".

(Ракіцкі: ) "А наколькі адпавядаў рэчаіснасьці эпізод з «Крыжакоў» Сянкевіча, калі Дануся вызваляе Збышка з-пад катаўскай сякеры, абвесьціўшы пра жаданьне пайсьці за яго замуж?"

(Белы: ) "Такі звычай, вельмі рамантычны зь сёньняшняга пункту гледжаньня, сапраўды існаваў. Праўда, ён зьявіўся не ў XV ст, як у Сянкевіча, а прынамсі на стагодзьдзе пазьней, таксама зь Нямеччыны. У асуджанага на сьмерць тэарэтычна быў шанец застацца жыць, калі нейкая ўдава ці дзяўчына перад самым пакараньнем накідалі яму на шыю белую хустку, дэманструючы такім чынам намер і згоду ўзяць зь ім шлюб. Дарэчы, калі на сьмерць была асуджаная дзяўчына, яе таксама можна было вызваліць тым самым чынам. Найбольш часта ахвочымі да такога шлюбу аказваліся самі каты, бо, як я ўжо казаў, ім ня так проста было знайсьці сабе жонку. Але на практыцы гэты звычай сустракаў шмат перашкодаў — далёка ня кожнага злачынцу ўлады былі гатовыя адпусьціць вось так на прамілы Бог. Па меры таго, як адыходзіла ў нябыт старасьвецкая куртуазнасьць, вера ў дзейснасьць гэтага звычаю згасала. У Польшчы нейкая дзяўчына спрабавала здабыць так сабе мужа яшчэ ў 1800 г., але безпасьпяхова. У нас, я нават ня ўпэўнены, ці былі такія прэцэдэнты, хаця такая магчымасьць і дэкларавалася".

(Ракіцкі: ) "Так, сярэднявечная юстыцыя пакідала прастору, так бы мовіць, дзеля творчасьці судзьдзяў дый катаў. Жорсткімі, разнастайнымі, не падобнымі да тых, што практыкуюцца сёньня, былі сярэднявечныя пакараньні. Але нягледзячы на ўсю жорсткасьць, яны не былі плёнам фантазіі асобных вытанчаных садыстаў. Яны былі заканадаўча рэглямэнтаванымі".
XS
SM
MD
LG