Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛОЕВЕ ЗЬБІРАЛЬНІКА ПОДПІСАЎ ЗА ДОМАША ПРЫЦЯГНУЛІ ДА СУДОВАЙ АДКАЗНАСЬЦІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Лоеўская выбарчая камісія абвінавачвае спадара Башмакова ў тым, што ён, зьбіраючы подпісы за Сямёна Домаша, нібыта выдаваў сябе за сябра ініцыятыўнае групы Аляксандра Лукашэнкі. Да таго ж у падпісныя аркушы быццам бы ўносіліся людзі, якія не прад'яўлялі асабістых пашпартоў.

З гэтай нагоды раённая пракуратура праводзіла адмысловую праверку сярод асобных жыхароў вёсак Пярэдзелка, Казіміраўка, Барэц і Гарадок. На падставе гэтай праверкі пракурор Васіль Прымак вынес Вячаславу Башмакову афіцыйнае папярэджаньне. Аднак лоеўскім уладам гэтага падалося мала. У суд супраць зьбіральніка подпісаў намесьнік старшыні раённага выканкаму Міхал Сацура накіраваў адміністрацыйную справу пра парушэньне артыкулу 167, часткі 3-й Адміністрацыйнага кодэксу. Спадару Башмакову пагражае штраф да 10 мінімальных заробкаў або папраўчыя работы на тэрмін да 2 месяцаў.

Каардынатар лоеўскае групы збору подпісаў у падтрымку Сямёна Домаша Мікола Анісавец лічыць, што справа гэта сфальшаваная. І руку да фальшаваньня прыклалі ня толькі раённыя чыноўнікі, але й старшыня Пярэдзелкаўскага сельскага Савету Натальля Трухан.

Спраўджаньні подпісаў у іншых месцах рэгіёну сьведчаць, што менавіта групы Сямёна Домаша працавалі найбольш акуратна й прафэсійна. Да прыкладу, у Савецкім раёне абласнога цэнтру зь пятае часткі спраўджаных несапраўднымі ў спадара Домаша выяўлена меней 4% подпісаў. Амаль столькі, як і ў Аляксандра Лукашэнкі. А вось у Міхала Чыгіра несапраўднымі камісія прызнала 14,5% спраўджаных подпісаў. Звыш 10% забракавана подпісаў у падтрымку Леаніда Сініцына, Уладзімера Ганчарыка й Леаніда Калугіна.

Паводле сьведчаньня сакратаркі камісіі Валянціны Ларчанкі, найбольш частыя парушэньні пры зборы подпісаў — блытаніна ў разьмежаваньні адміністрацыйных раёнаў. Нярэдка ў падпісантаў 1983 году нараджэньня адсутнічае дата й месяц нараджэньня, што ставіць пад сумнеў іхнае паўналецьце й саму магчымасьць удзелу ў выбарах прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG