Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СМАРГОНІ ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ ПРАФСАЮЗНАГА АКТЫВІСТА


Міхал Стэльмак, Менск

Перасьлед Аляксандра Генша справакаваў стыхійны страйк рабочых Смаргонскага агрэгатнага заводу. Як паведаміў сёньня прафсаюзны лідэр, на заводзе тры месяцы не выплочвалі заробкі. У выніку рабочыя вырашылі страйкаваць.

Спадар Генш распавёў: "Разышліся па цэхах, правялі ў кожным цэху сходы. Затым адбыўся агульны сход з удзелам больш як шасьцісот чалавек. Было прынята рашэньне аб страйку, які адбыўся 25 і 26 ліпеня. Таксама быў створаны страйкавы камітэт.

Людзі зьвярнуліся да мяне, каб я ўзначаліў страйк. Удзел у страйку прынялі ўсе асноўныя і дапаможныя цэхі",— зазначыў Аляксандр Генш.

Рабочыя запатрабавалі неадкладнай выплаты заробкаў. Вестка пра стыхійны страйк у Смаргоні хутка данеслася да гарадзенскага начальства. Паводле словаў прафсаюзнага лідэра, на заводзе зьявіліся прадстаўнікі КГБ й кіраўнік абласной "вэртыкалі" Ўладзімер Саўчанка. Грошы тэрміна знайшлі, але спадара Генша, які нібыта справакаваў акцыю пратэсту, паабяцалі пакараць...

"Учора, у панядзелак, дырэктар перадаў мне, што спадар Саўчанка выклікае да сябе. А 16-й гадзіне я быў у ягоным кабінэце. Адбыўся дыялёг пра страйк. Я паведаміў, што народ абраў мяне ўзначаліць акцыю пратэсту, бо я прафсаюзны лідэр. Тады ён набраў нумар управы КГБ й спытаўся, ці займаюцца яны маёй справаю: "А чаму ён яшчэ ня ў клетцы? Такім як ён — месца толькі ў сталёвай клетцы..."

Уладзімер Саўчанка, паводле словаў Аляксандра Генша, загадаў кіраўніку Смаргонскага агрэгатнага заводу забараніць прафсаюзнаму лідэру наведваньне прадпрыемства. Ён патлумачыў гэта й тым, што спадар Генш уваходзіць у Смаргоні ў групу прыхільнікаў Уладзімера Ганчарыка.

Апроч таго, як паведаміў сёньня прафсаюзны лідэр, старшыня абласнога выканкаму распарадзіўся, каб адміністрацыя заводу спыніла цэнтралізаванае пералічэньне прафсаюзных складак.
XS
SM
MD
LG