Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ ДВОЙЧЫ СУСТРЭНЕЦЦА З ПРАДСТАЎНІКАМІ “ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ”


Уладзімер Глод, Менск

Упершыню падчас падобных візытаў міжнародныя парлямэнтары маюць намер аж двойчы сустрэцца з гэтак званай "Палатаю прадстаўнікоў". Акрамя сёньняшняе размовы, на 1 жніўня заплянавана яшчэ размова з камісіяй у справах правох чалавека. А вось кантактаў дэлегацыі зь Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня, калі не лічыць магчымае наведваньне дэпутата-вязьня Андрэя Клімава, не прадугледжана.

Падобна, што сьпікер гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Вадзім Папоў палічыў гэтыя факты прыкметаю пэўнай зьмены стаўленьня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы да беларускага "парлямэнту". І таму сёньня ён шмат казаў пра тое, што "палата" паступова становіцца сапраўдным парлямэнтам.

Асаблівую ўвагу сьпікер зьвярнуў на рыхтуемы праект закону "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь". Ён паведаміў пра тое, што гэты дакумэнт, які меркавалася разгледзець падчас апошняе сэсіі, перанесены на восень у сувязі з тым, што папраўкі, якія плянуецца ў яго ўнесьці, датычныя пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту, патрабуюць унясеньня зьменаў у дзейную Канстытуцыю. Гэта, на думку Папова, можна зрабіць толькі пасьля правядзеньня ў Беларусі рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні.

Са свайго боку міжнародныя парлямэнтары таксама адзначылі важнасьць прыняцьця закону, які б вызначаў месца беларускага парлямэнту ў сыстэме дзяржаўнае ўлады. Ад гэтага залежыць і статус саміх дэпутатаў, і магчымасьць міжнароднага прызнаньня Нацыянальнага сходу.

Апрача таго, зазначыў Тэры Дэйвіс, прадстаўнікоў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы цікавіць, ці магчыма адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Адказ быў такім жа як і на папярэдняе пытаньне — маўляў, у 1996 годзе народ выказаўся на рэфэрэндуме за сьмяротнае пакараньне. І таму адмяніць яго магчыма цяпер зноўку праз рэфэрэндум.
Затым дэлегацыя сустрэлася з намесьнікам прэм'ер-міністра — міністрам замежных спраў Беларусі Міхалам Хвастовым. Як паведаміў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка, на ёй былі абмеркаваныя пытаньні ўзаемадзеяньня Беларусі з Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У прыватнасьці сп. Хвастоў расказаў пра "крокі, якія прадпрымае кіраўніцтвам Беларусі ў кірунку далейшай дэмакратызацыі краіны, разьвіцьця інстытутаў грамадзянскае супольнасьці, а таксама забесьпячэньня неабходных умоваў для правядзеньня справядлівых, сумленных і празрыстых выбараў".

Галоўным пытаньнем сустрэчы зь міністрам замежных справаў была праблема запрашэньня міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары. Як вядома, да гэтага часу гэткага запрашэньня няма, а накіраваць яго ёсьць напасрэдная справа галоўнага замежнапалітычнага ведамства Беларусі. Вось што думае на конт гэтай праблемы сябра дэлегацыі дакладчык камітэта ў правох чалавека Цырыл Свобада.

(Свобада: ) "Маё меркаваньне відавочнае для кожнага — неабходна запрашаць Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека накіраваць назіральнікаў. Таму што гэта будзе цудоўнае пацьверджаньне, што ўрад і дзяржава гатовыя арганізаваць прэзыдэнцкія выбары справядлівымі, празрыстымі й дакладнымі".

Сваё мяркаваньне выказаў і прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка. На маё пытаньне, калі будзе дасланае запрашэньне, ён адказаў так:

(Латушка: ) "Я думаю, што размова йдзе пра колькі дзён. Я думаю, што ў бліжэйшы час гэта адбудзецца".

Сёньня ж увечары у палітычных кулюарах шмат гавораць пра тое, што сустрэча дэлегацыя ПАРЭ з Аляксандрам Лукашэнкам, якая плянавалася спачатку на сёньняшні вечар, а пазьней на раніцу 1 жніўня, мабыць, не адбудзецца. Сьцьвярджаюць, што а 10-й гадзіне менскага часу ў сераду, калі Лукашэнка зьбіраўся прымаць міжнародных парлямэнтароў, ён адлятае ў Сочы на саміт кіраўнікоў краінаў СНД.
XS
SM
MD
LG