Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВАТ АДМІНІСТРАЦЫЯ ЛУКАШЭНКІ НЯ ВЕДАЕ ЯГОНАГА СЯМЕЙНАГА СТАНОВІШЧА


Юры Сьвірко, Менск

Галоўны юрыст Лукашэнкавай адміністрацыі паведаміў журналістам, што ўчора быў падпісаны новы дэкрэт пра адтэрміноўку перарэгістрацыі суб'ектаў гаспадараньня да 1 ліпеня наступнага году. Але ўсіх больш цікавіў дэкрэт №20 — пра дэкляраваньне маёмасьці й даходаў кандыдатамі на прэзыдэнта ды іхнымі сваякамі. Бадай, упершыню прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі адкрыта заявіў:

(Галаванаў: ) "Прэзыдэнт у гэтым выпадку, я лічу, зыходзіў ня толькі нават з праўных меркаваньняў, але й, ведаеце, з гэткіх палітычных меркаваньняў. Усе ведаюць, што паўнамоцтвы ў нашага кіраўніка дзяржавы паводле нашай дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь такія значныя, таму — каб ня трапіў выпадковы чалавек на такую пасаду".

Наконт таго, ці прадставіць Аляксандар Лукашэнка дэклярацыю пра даходы й маёмасьць свайго бацькі, адказаў гэтак:

(Галаванаў: ) "Ну, я ня ведаю, якое ён мае на сёньняшні дзень сямейнае становішча. Але дэклярацыю пра сваіх найбліжэйшых сваякоў ён прадставіць гэтаксама, як і іншыя кандыдаты".

Віктар Галаванаў таксама адказаў на пытаньне пра сакрэтныя ўказы Аляксандра Лукашэнкі ды ўпершыню прызнаў, што такія сакрэтныя ўказы ёсьць.

(Галаванаў: ) "Мне невядомая такая інфармацыя — колькі ён падпісвае сакрэтных указаў. І я лічу, што ўказы сакрэтныя або, як кажуць няслушна,— "не для друку",— яны ў любой дзяржаве ёсьць. Але ў любым выпадку — гэта канстытуцыйны прынцып — калі гэты ўказ ці дэкрэт прэзыдэнта закранае правы й свабоды грамадзянаў, ён у абавязковым парадку мусіць быць апублікаваны. Калі ён не апублікаваны, ён ня мае юрыдычнае сілы,
Заявіў начальнік галоўнае дзяржаўна-праўнае ўправы Лукашэнкавай адміністрацыі.

Нагадаю, што з гэтай адміністрацыі выйшаў сакрэтны ўказ №19 ад 12 студзеня 1998 году, які нідзе не апублікаваны, але афіцыйна прызнаны "нарматыўным актам" у рашэньнях Менскага гарадзкога суду й Пракуратуры Беларусі. Крыніца ў адміністрацыі паведаміла, што менавіта ва ўказе №19 ішла мова пра стварэньне асаблівае адзінкі, якую цяпер называюць "эскадронам сьмерці".

Што да абнародваных Уладзімерам Ганчарыкам і апублікаваных у недзяржаўнай прэсе матэрыялаў пра гэты эскадрон, якія Аляксандар Лукашэнка назваў "кошыкам сьмецьця", дык ягоны юрыст мае іншую пазыцыю наконт "папераў Ганчарыка":

(Галаванаў: ) "Па-першае, на мой погляд, яны патрабуюць нейкай такой дадатковай, грунтоўнай праверкі — упаўнаважанымі дзяржаўнымі ворганамі.

Я ня думаю, што дзяржаўныя ворганы, спэцслужбы і, у прыватнасьці, службовыя асобы пэўныя, прозьвішчы якіх там былі азначаныя, замешаныя ў забойствах, зьнікненьнях і гэтак далей. Ня думаю.

І па-трэцяе, я лічу, што, калі гонар і годнасьць службовае асобы нейкім друкаваным органам закранаецца або паклёп на іх дапускаецца, у гэтых грамадзян ёсьць нададзенае ім права зьвярнуцца ў суд па абарону сваіх правоў ды інтарэсаў",— зазначыў Віктар Галаванаў.

Чаму службовыя асобы, якіх абвінавацілі ў стварэньні "эскадрону сьмерці" ды палітычных забойствах, ня лічаць неабходным зьвяртацца ў суд, ён не патлумачыў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG