Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САКРАТАР ЦВК ЛАЗАВІК: УСЕ ЧАТЫРЫ ПРЭТЭНДЭНТЫ МАЮЦЬ ШАНЦЫ БЫЦЬ ЗАРЭГІСТРАВАНЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Першы этап спраўджваньня сапраўднасьці подпісаў скончаны, і зь сёньняшняга дня падпісныя лісты ўсіх прэтэндэнтаў знаходзяцца на праверцы ў абласных і менскай гарадзкой выбарчых камісіях. Пакуль канчатковай інфармацыі пра тое, колькі подпісаў і якіх кандыдатаў прызнана несапраўднымі, няма. Паводле сакратара Цэнтральнае выбарчае камісіі Мікалай Лазавіка, ёсьць толькі некаторыя папярэднія зьвесткі:

"Памылак, хібаў вельмі шмат. І набралася несапраўдных подпісаў больш за 15%. Па гэтых раёнах у цэлым подпісы ўлічвацца ня будуць. Але калі ўлічыць, колькі здалі подпісаў 4 прэтэндэнты, можна зрабіць такую выснову, што ўсё роўна сума сапраўдных подпісаў большая за 100 000. Таму мы спадзяемся, што ўсе 4 прэтэндэнты маюць шанцы прадставіць у Цэнтральную камісію больш за 100 000 сапраўдных подпісаў",— сказаў сакратар ЦВК Мікола Лазавік.

Паводле сакратара ЦВК, абласныя камісіі дадуць афіцыйныя зьвесткі ў спраўджаньні подпісаў прыкладна 2 жніўня, а пасьля 4 жніўня ў ЦВК цягам 10 дзён будзе адбывацца афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў.

Спадар Лазавік сьцьвярджае, што ЦВК ставіцца аднолькава й прынцыпова да ўсіх прэтэндэнтаў. Аднак, напрыклад, у штабе Сямёна Домаша лічаць інакш. Гаворыць кіраўнік кампаніі збору подпісаў за Сямёна Домаша Яўген Лабановіч:

"Нашыя ініцыятыўныя групы адсочвалі ды раз на два дні давалі нам інфармацыю — як ідзе спраўджваньне. Ужо на другі дзень пасьля таго, як пачалося спраўджваньне здадзеных подпісаў, мы мелі інфармацыю пра тое, што ёсьць загад спраўджваць 100% подпісаў, сабраных за Сямёна Домаша. І што самае цікавае, мы ведаем, што такіх указаньняў не было адносна іншых прэтэндэнтаў, што здалі подпісы",— сказаў спадар Лабановіч.

Паводле ягоных словаў, такім чынам былі прызнаныя несапраўднымі подпісы, сабраныя за Сямёна Домаша ў Астравецкім, Шаркаўшчынскім, Лоеўскім ды некаторых іншых раёнах.

Яўген Лабановіч гаворыць, што чыноўнікі прыходзілі дахаты да выбарцаў і пагражалі ім звальненьнем з працы, калі тыя не адклічуць подпісы, пастаўленыя за Домаша. Тым ня менш, напрыклад, у Жлобінскім раёне ўсе 1200 чалавек пацьвердзілі, што аддалі свае подпісы за Домаша сьвядома. Яўген Лабановіч лічыць, што нягледзячы на забракаваную частку подпісаў, іх кандыдат мае ўсе шанцы быць зарэгістраваным.

Частка подпісаў, сабраных за адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка таксама прызнаная несапраўднымі. Улады ў Слуцку спрабавалі змусіць выбарцаў адклікаць аддадзеныя за яго подпісы. Але Ганчарык лічыць, што ЦВК будзе проста вымушаны яго зарэгістраваць.

Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

"Вельмі жорсткае йдзе спраўджваньне, і ня 15%, ня 20% подпісаў спраўджваюцца, а ўсе подпісы. Агульная карціна такая — якая яна цяпер ёсьць — яна ў нас станоўчая, нейкіх грубых парушэньняў там няма ніякіх. Таму, калі гэтак і далей будзе йсьці, ёсьць упэўненасьць, што ўсё будзе ў норме",— сказаў спадар Ганчарык.

Перакананы ў тым, што будзе зарэгістраваны кандыдатам, і Сяргей Гайдукевіч. Паводле словаў Гайдукевіча, колькасьць адхіленых подпісаў у яго складае ня больш за 1% на вобласьць.
XS
SM
MD
LG