Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА ВЯРНУЛА СПРАВУ ЧЫГІРА-МАЛОДШАГА НА ДАРАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле адваката Аляксандра Пыльчанкі, рашэньне пракуратуры вярнуць справу Аляксандра Чыгіра на дадатковае расьсьледаваньне ёсьць дадатковым доказам беспадстаўнасьці абвінавачваньняў супраць сына былога прэм'ера. Аляксандар Пыльчанка паведаміў Радыё Свабода, што ўчора як адвакат ён зноў удзельнічаў ў сьледчых дзеяньнях у справе Аляксандра Чыгіра.

На ягоную думку, тое, што сьледзтва аднавілі, ёсьць сьведчаньнем вялікіх недахопаў сьледзтва, а таму дае дадатковыя магчымасьці для абароны. У прыватнасьці, адвакат лічыць, што трэба дамагчыся правядзеньня пэўных экспэртызаў, ад якіх раней сьледчыя адмаўляліся.

Нагадаю, Аляксандра Чыгіра арыштавалі ў лютым паводле абвінавачваньня ў крадзяжы легкавых аўтамабіляў. Ужо назаўтра пасьля арышту дзяржаўная тэлевізія нават паказала людзей, якія быццам бы пацярпелі ад сына экс-прэм'ера. Але праз тры месяцы абвінавачваньне было скарэктаванае. Былыя пацярпелыя некуды зьніклі, а замест легкавікоў у справе фігуравалі ўжо мікрааўтобусы. А Аляксандар Чыгір паводле вэрсіі сьледчых стаў лідэрам крымінальнае групоўкі.

У пачатку ліпеня справа была завершаная і перададзеная ў рэспубліканскую пракуратуру. Чакалася, што ўжо ў жніўні пачанецца суд. Але, як цяпер высьветлілася, пракуратуру нешта ў справе не задаволіла, і яе вярнулі на дадатковае расьсьледаваньне. Юлія Чыгір, маці арыштаванага, тлумачыць аднаўленьне сьледзтва палітычным прычынамі, зьвязанымі з хуткімі выбарамі.

(Юлія Чыгір: ) "Я лічу, што ў пракуратуры зразумелі, што гэта будзе ня нашая параза, а іх, бо на судзе будуць прысутнічаць журналісты, яны напішуць пра тое, што ніякае справы няма. Таму ім выгадней трымаць сына ў ізалятары й казаць, што ён злодзей. Сёньня любы судзьдзя глядзіць на выбары й думае пра тое, што нешта можа зьмяніцца, таму націскаць на судзьдзяў стала складаней",— лічыць маці арыштаванага Юлія Чыгір.

Паводле словаў адваката Аляксандра Пыльчанкі, сын былога прэм'ера за час знаходжаньня за кратамі прыкметна схуднеў, у яго нездаровы колер твару. Адвакат тлумачыць гэта ўмовамі ўтрыманьня ў менскім сьледчым ізалятары. "Мы размаўлялі зь ім у пакоі, дзе тэмпэратура была не ніжэй за 30 градусаў. Але Аляксандар сказаў, што ў параўнаньні з камэрай там адчуваньне такое, быццам працуе кандыцыянэр",— паведаміў адвакат Пыльчанка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG