Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦОЎНІКІ БТ ПАТРАБУЮЦЬ АДХІЛІЦЬ АД ПАСАДАЎ НАМЕСЬНІКАЎ СТАРШЫНІ ТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІІ


Ігар Карней, Менск

У заяве гаворыцца, што пад прыкрыцьцём арганізацыйных і творчых зьменаў яны фактычна разбурылі тэлевізію.

Канфлікт паміж журналістамі й кіраўніцтвам дзяржаўнае тэлевізіі тлее ўжо цягам амаль году — ад тае пары, як Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніком Дзяржтэлерадыёкампаніі Віктара Чыкіна, ягоным першым намесьнікам — Ягора Рыбакова, генэральным дырэктарам — Аляксандра Дамарацкага й генэральным прадусарам — Ягора Хрусталёва. Тады Лукашэнка сказаў: калі гэта каманда ня справіцца, то сыйдзе ў адстаўку поўным складам. Чыкіна на тэлевізіі няма ўжо больш за месяц. Гэткага ж кроку патрабуюць тэлевізійшчыкі і ад ягоных колішніх намесьнікаў.

Вось як тлумачыць прычыну канфлікту Віталь Сямашка.

(Сямашка: ) "Сутнасьць у чым?.. Тэлевізія, якая працавала — не скажу, што на інтэлектуалаў, больш на гэтак званы "электарат",— цалкам пераўтвораная ў тэлевізію "дваровую". Ад эфіру адхіленыя прафэсійныя журналісты. 90% неінфармацыйнага вяшчаньня аддадзена недзяржаўным студыям. Пільна адсочваецца, каб не было канкурэнтаздольных праграмаў, бо ільвіная доля пералічваецца недзяржаўным студыям. Прыкладам, за "Крымінальнае дасье" кампаніі ФІТ пералічваецца $1600 — на праграму, якая каштуе 400. Такім чынам, $400 бярэ сабе яшчэ ФІТ, і 800 дзеляць паміж сабой вядомыя на тэлевізіі асобы... Таму мы патрабуем праверкі фінансавае дзейнасьці кіраўніцтва ў працы зь недзяржаўнымі тэлекампаніямі, каб гэтую манаполію разбурыць. Бо разбураная ўжо тэлевізія. Тое, што за год яны зрабілі — гэта жахліва".

Спадар Сямашка дадае, што Рыбакоў, Хрусталёў і Дамарацкі працуюць паводле кантракту, тэрмін якога скончыцца ў верасьні. Але ці можна чакаць ад нядаўна прызначанага новага кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі адпаведных захадаў напярэдадні выбараў?

Сёньня стала вядома, што 1 жніўня Валеры Скварцоў мае намер сустрэцца з незадаволенымі супрацоўнікамі тэлевізіі.

(Сямашка: ) "Сытуацыю выправіць можна. Але гэта залежыць ад волі новага кіраўніка — Скварцова. Дзікасьць у тым, што людзі, якія дзеляць грошы з кампаніямі, пра творчасьць ня думаюць, бо яна ім... ня дадзеная. Яна ня дадзеная Рыбакову, які скокнуў з правінцыйнай газэты ў бюракраты. Яна ня дадзеная Хрусталёву, які ніколі ня быў журналістам, а быў толькі "падстаўкаю да мікрафону" і агучваў тое, што гаварылі знакамітыя людзі...

Мы ж загнаныя ў тэлерэзэрвацыю — праекты не разглядаюцца, мастацкая рада ня дзейнічае, пілёт-праграмы не даецца магчымасьці стварыць. Пры гэтым усе пераведзеныя на кантракт. Калі праз год людзі ня будуць задзейнічаныя ў праектах (а гэтага й ня будзе, бо праекты заказваюцца ў недзяржаўных студыях), празь некалькі месяцаў сотні людзей могуць быць звольненыя. Ну, дык гэта будзе наогул мёртвае поле..."

У распаўсюджанай праз БАЖ заяве гаворыцца, што прафбюро ў выпадку непаразуменьня з кіраўніцтвам БТ пакідае за сабою права звароту ў суд — з нагоды парушэньняў нормаў працоўнага заканадаўства й фінансавае дысцыпліны. А пакуль прапануецца стварыць назіральную грамадзкую раду з удзелам творчых саюзаў і грамадзкіх арганізацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG