Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ПУЦІН ПРЫЯЖДЖАЎ У ВІЦЕБСК?


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Портнікаў.

(Дракахруст: ) “Пачнем з галоўнага – Чаму Пуцін прыяжджаў у Віцебск? Ці гэта была проста рэклямная акцыя самога прэзыдэнта Расеі, зайграваньне са славянскай ідэяй, падчас якога і Лукашэнка, і Кучма былі проста дэкарацыямі? Ці ўсё ж у беларускай перадвыбарчай барацьбе Масква пасьля пэўных ваганьняў і сумненьняў зрабіла выбар на карысьць Лукашэнкі ? Ці тут было штосьці іншае? Валер, як Вы лічыце?”

(Карбалевіч: ) “Прыезд Пуціна ў Віцебск меў некалькі мэтаў. Гэта сапраўды і падтрымаць ідэю славянскага яднаньня, якая выгадная Расеі. Па-другое, гэта ўскосная падтрымка Лукашэнкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Па-трэцяе, гэта падтрымка Леаніда Кучмы, які знаходзіцца ў няпростай сытуацыі, і выкарыстаньне гэтай сытуацыі дзеля ўзмацненьня расейскага ўплыву на Ўкраіну. І ўсе гэтыя задачы вырашаюцца адначасова, як бы мімаходзь. Публічна яны не дэкляраваліся, бо фармальнаю нагодаю быў заключны канцэрт феставалю “Славянскі базар”. Падстава сапраўды ўдалая. Са свайго боку і Лукашэнка, і Кучма таксама былі зацікаўленыя ў гэтай сустрэчы, таму што маюць вострую патрэбу ва ўзаемнай падтрымцы і ў падтрымцы Ўладзімера Пуціна, прычым падтрымцы публічнай і дэманстратыўнай”.

(Портнікаў: ) “Я хацеў бы крыху інакш расставіць акцэнты. Я лічу, што прэзыдэнт Расеі прыбыў у Віцебск, маючы на ўвазе перш за ўсё асабістыя палітычныя інтарэсы, у першую чаргу прапагандысцкія. Мы ведаем, што для расейскага кіраўніцтва ідэя так званага беларуска-расейскага саюзу – гэта адна з самых сур’ёзных прапагандысцкіх ідэяў, якую падтрымліваў і папярэднік Пуціна Барыс Ельцын, і сам цяперашні прэзыдэнт. Аднак Пуцін не надае Лукашэнку такой увагі, якую надаваў Ельцын. Тым ня менш і Пуціну неабходныя нейкія жэсты, якія б не выглядалі жэстамі выключна на карысьць Лукашэнкі, але падтрымлівалі б сярод насельніцтва ідэю пра міталягічнае славянскае братэрства. Сустрэча трох прэзыдэнтаў – вельмі зручная для гэтага нагода.

Другі момант палягае ў тым, што Расея на сёньня ня бачыць для сябе альтэрнатыўнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Расейская палітычная эліта не схіляецца і да асобы Аляксандра Лукашэнкі. Яна вымушаная пагадзіцца на гэтую асобу таму, што Масква, як гэта ня дзіўна, няздольная сёньня гуляць на беларускай палітычнай “дошцы” ўсур’ёз, яна няздольная знайсьці альтэрнатыўнага кандыдата і забясьпечыць яго перамогу. Расейцы панічна баяцца прайграць, і гэты страх робіць Беларусь незалежнай краінай на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, як гэта сёньня ні парадаксальна гучыць. Для Ўладзімера Пуціна вельмі небясьпечна, калі ў сьвеце зразумеюць, што нават у Беларусі Крэмль ня мае сур’ёзнага палітычнага ўплыву.

Што тычыцца таго, што сказаў мой суразмоўца, што нібыта Леанід Кучма мае патрэбу ў падтрымцы Ўладзімера Пуціна – гэта ня так. Украінскі палітычны крызыс скончыўся. Пазыцыі прэзыдэнта Кучмы вельмі моцныя. Больш таго, я лічу, што Ўладзімеру Пуціну неабходна было сустракацца з кіраўніком украінскай дзяржавы. Я хачу нагадаць, што сустрэча ў Віцебску адбылася адразу ж пасьля таго, як у Кіеве прайшлі перамовы Леаніда Кучмы з Кандалізай Райс. Гэтая перамовы прадэманстравалі, што Вашынгтон ізноў гатовы ўмяшацца ў сытуацыю на постсавецкай прасторы, гатовы надалей разьвіваць амэрыканска-украінскія адносіны. Сп-ня Райс недвухсэнсоўна заклікала Леаніда Кучму і ўкраінскае кіраўніцтва зрабіць выбар на карысьць Эўропы, дала зразумець украінскім кіраўнікам, што калі выбар на карысьць Захаду будзе сапраўды зроблены, то ЗША будуць ёй у гэтым дапамагаць. Гэта сур’ёзная прапанова. Я мяркую, што Леанід Кучма і яго атачэньне разумеюць, што гэта прапановы, ад якіх нельга адмовіцца, калі яны наогул хочуць застацца ва ўкраінскім палітычным жыцьці.

І Ўладзімеру Пуціну неабходна шмат разоў даказваць свайму ўкраінскаму калегу, што Расея, якая няздольная нічога зрабіць у Беларусі, здольная неяк падтрымаць украінскае кіраўніцтва, калі Кіеў працягне гэты бессэнсоўны выбар на карысьць Масквы, які на працягу гэтых 10 гадоў ніколі ня быў зроблены да канца. Так што ў гэтай сустрэчы быў зацікаўлены адзіны чалавек – Уладзімер Пуцін. А для Аляксандра Лукашэнкі гэта, зразумела, стала нагодаю паказаць, што Пуцін яго падтрымлівае , хаця словы падтрымкі так і не прагучалі. Ну а для Леаніда Кучмы гэта ўжо звыклая спроба лявіраваць паміж Расеяй і Захадам.

(Дракахруст: ) “Ужо прагучала думка пра тое, што гэты візыт быў проста дэманстрацыяй, што Пуцін вырашаў свае прапагандысцкія патрэбы, але варта зьвярнуць увагу на тое, што акрамя чыста рытуальнага зьяўленьня на закрыцьці “Славянскага базару”, была ўсё ж сустрэча трох лідэраў “бяз гальштукаў”. Прычым тут варта заўважыць, што такой ўжо пільнай патрэбы ў тэрміновай сустрэчы трох кіраўнікоў, падаецца, не было. Праз некалькі дзён адбудзецца саміт СНД у Сочы, дзе Пуцін і Лукашэнка маглі б абмеркаваць насьпелыя пытаньні. І таму падаецца, што пэўны элемэнт дэманстрацыі, пэўны элемэнт падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі, прычым падтрымкі менавіта на выбарах, у гэтым візыце ўсё ж быў. Віталь ужо закрануў праблему прычынаў гэтага выбару. Ці гэта вынік халоднага, дакладнага разьліку нацыянальных інтарэсаў Расеі (якія разумеюцца правільна ці няправільна), як пэўны час таму шчыра і цынічна сказаў былы галоўны рэдактар расейскай “Независимой газеты” Трэцьякоў: “Ён сукін сын, але гэта наш сукін сын?” Калі выбар зроблены менавіта так, то тады, зразумела, ніякіх далейшых ваганьняў у расейскай пазыцыі ўжо хутчэй за ўсё ня будзе. Ці, як Вы, Віталь, ужо казалі, гэта проста жаданьне быць з пераможцам. Зараз Маскве падаецца, што Лукашэнка перамагае. Калі раптам сытуацыя стане менш пэўнаю ці наадворот пэўнаю на другі бок, тады цалкам магчыма, што Масква зробіць свой выбар на карысьць іншага. Магчыма, менавіта гэтым тлумачыцца тое, што падтрымка Лукашэнкі мела выключна сымбалічную форму – словаў “Мы падтрымліваем Лукашэнку” і блізка не прагучала ў Віцебску. Віталь, які з гэтых матываў на Ваш погляд пераважае?”

(Портнікаў: ) “Я мяркую, што падчас віцебскай сустрэчы першым быў прапагандысцкі матыў. Бо сапраўды ніякай сур’ёзнай неабходнасьці ў гэтай сустрэчы не было, падтрамаць Лукашэнку, калі такое жаданьне было, можна было б і падчас нефармальнай сустрэчы ў Сочы. Але, як Вы трапна заўважылі, у Віцебску словаў падтрымкі не прагучала, хаця гэта, здавалася, было б лягічна. Больш таго, расейскі і ўкраінскі прэзыдэнты наогул імкнуліся не гаварыць, прадастаўляючы магчымасьць размаўляць з прэсай Аляксандру Лукашэнку. І яму даводзілася выходзіць з гэтага няпростага становішча, у якім ён знаходзіўся з прычыны маўчаньня сваіх партнэраў. Але цалкам відавочна і тое, што для Масквы вельмі важна не выглядаць той, якая адстае ад палітычных працэсаў, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы, і тым больш у выбарах прэзыдэнта Беларусі. Вельмі важна было стварыць уражаньне, што Масква гэтыя выбары кантралюе.
Паглядзеце, расейскія палітолягі ўсур’ёз гавораць: “Расея ўратавала Кучму – Расея не ўратавала Кучму, Расея прызначыла Лукашэнку – Расея не прызначыла Лукашэнку”. Існуе такая імпэрская, шавіністычная самаўлюбёнасьць, такая скалазубаўская самазадаволенасьць расейскай палітычнай і паліталягічнай эліты. І прэзыдэнт, які неаднойчы выказваў падобныя заўвагі, калі размова йшла пра яго калегаў, дастаткова паблажлівыя заўвагі, ён вымушаны патураць гэтай ілюзорнай самаўлюбёнасьці, якая расьсейваецца як дым у тую ж сэкунду, калі Расея сутыкаецца з рэчаіснасьцю, і калі Захад пальцам паківае ў расейскім накірунку”.

(Дракахруст: ) “Валер, а якое Вашае меркаваньне? Калі дапусьціць, што візыт Пуціна ў Віцебск азначае падтрымку Лукашэнкі з боку Расеі, то якія прычыны гэтага рашэньня?”

(Карбалевіч: ) “Гэта была пасыўная, апасродкаваная падтрымка. Лёгіка Масквы ў адносінах да Беларусі не просталінейная. Масква вырашае некалькі задачаў, і галоўная сярод іх – утрымаць Беларусь у якасьці сатэліта. А гэта значыць, што трэба ставіць на пераможцу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Паколькі Лукашэнка мае значныя шанцы перамагчы, то ні ў якім разе нельга псаваць адносіны з сёньняшнім кіраўніком Беларусі. Гэтая задача вырашаецца пры дапамозе такіх дэманстрацыйных жэстаў, як запрашэньне Лукашэнкі ў Маскву месяц таму, і цяперашні візыт Пуціна ў Віцебск.

Але югаслаўскі досьвед навучыў Маскву, што трэба “класьці яйкі ў некалькі кошыкаў”. Таму яна спрабуе вытрымліваць пэўны балянс: падтрымка Лукашэнкі – невідавочная, сапраўды, ніхто з расейскіх кіраўнікоў не заявіў публічна пра гэтую падтрымку, наадворот, публічна дэманструецца нэўтралітэт, неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі. Масква не адштурхоўвае і апазыцыю. Раз-пораз апазыцыйныя кандыдаты зьяўляюцца на расейскіх тэлеканалах. Масква нікому не зачыняе дзьверы, ня робіць незваротных крокаў і чакае. Нават у выніку перамогі Лукашэнкі Масква цьвёрда вырашыла трымаць беларускага лідэра “ў чорным целе”, у становішчы сатэліта, а не раўнапраўнага партнэра. Таму расейскія тэлеканалы распавядаюць пра новыя дакумэнты пра зьніклых палітыкаў у Беларусі. Гэта адзін з мэтадаў утрыманьня Лукашэнкі пад кантролем. Ну і, зразумела, Расея хоча, каб вынікі выбараў у Беларусі, нават калі перамагае Лукашэнка, мелі міжнародную легітымнасьць. Гэтым тлумачыцца дзейнасьць кіраўніка расейскага Цэнтарвыбаркаму Аляксандра Вішнякова.

(Дракахруст: ) “Апошнія крокі Масквы выглядаюць непасьлядоўнымі і рознанакіраванымі. З аднаго боку Пуцін прыяжджае ў Віцебск, Цэнтральны банк Расеі выдзяляе Нацыянальнаму банку Беларусі доўгачаканы крэдыт. З другога боку старшыня Центарвыбаркаму Расеі дамаўляецца з АБСЭ пра сумеснае назіраньне за беларускімі выбарамі. Расея не спяшаецца абараняць Лукашэнку ад абвінавачаньняў у дачыненьні да выкраданьня палітычных апанэнтаў. Ці есьць гэтыя крокі праяваю нейкай агульнай палітыкі, ці гэта ёсьць вынік дваістага стаўленьня да сытуацыі ў Беларусі? Нядаўна расейскі сацыялягічны цэнтар ВЦИОМ правеў дасьледаваньне, падчас якога рэспандэнтам задавалася пытаньне: “Ці мусіць Расея падтрымліваць Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі?” Прыблізна палова апытаных адказала станоўча, прыкладна чвэрць – адмоўна, яшчэ 25% ухіліліся ад адказу. Ці не атрымліваецца так, што расейскае кіраўніцтва “кладзе яйкі ў розныя кошыкі” менавіта ў адпаведнасьці з гэтай прапорцыяй? Валер, як Вы лічыце?”

(Карбалевіч: ) “Я мяркую, што пазыцыя Масквы складаецца ня толькі з прапорцыі гэтых апытаньняў, але і з прапорцыі рэальнай сілы палітычных гульцоў на беларускай палітычнай сцэне. Паколькі Лукашэнка сёньня мае відавочную перавагу, то больш жэстаў робіцца ў ягоным напрамку. Апазыцыя слабейшая, і ўвага да яе адпавядае той палітычнай вазе, якую на сёньня маюць яе кандыдаты. Мне здаецца, што менавіта гэты балянс і зьяўляецца лёгікай паводзінаў Масквы”.

(Дракахруст: ) “Віталь, а якое Вашае меркаваньне?”

(Портнікаў: ) “Я б не перабольшваў вынікі сацыялягічных апытаньняў. Я таксама не лічу, што гэта “бесталковасьць”, выкліканая адсутнасьцю тактыкі ў расейскага кіраўніцтва. Я хачу нагадаць, што ў гэтым кіраўніцтве ёсьць розныя кляны і групоўкі, і ў кожнай гэтай групоўкі ёсьць свае інтарэсы ў зьнешняй палітыцы, у бізнэсе, ва ўплыве на палітычныя працэсы. У любым выпадку зразумела тое, што кожная з гэтых груповак імкнецца сфармаваць уласную лінію ў адносінах да таго, што адбываецца на постсавецкай прасторы наогул і ў Беларусі ў прыватнасьці. У гэтай сытуацыі можна бачыць, як усе гэтыя лініі складаюцца ў дзяржаўную пазыцыю, у пазыцыю прэзыдэнта Пуціна. Вонкава гэта можа выглядаць ці як “бесталкоўшчына” ці як жаданьне сэгмэнтаваць уплыў, раскласьці “яйкі па розных кошыках”. Але галоўнае мне бачыцца ў тым, што Масква сёньне імкнецца зрабіць усё магчымае, каб свой уплыў у Беларусі калі не ўтрымаць, то прадэманстраваць. Да таго ж яна вымушаная лічыцца з інтарэсамі розных груповак, якія ў рэшце рэшт і зьяўляюцца складнікамі цяперашняй расейскай ўлады. І зусім неабавязкова, што гэтыя складнікі ўзьдзейнічаюць у прапорцыі сацыялягічных апытаньняў”.

(Дракахруст: ) “Візыт Пуціна ў Віцебск плянаваўся некалькі тыдняў таму, калі перадвыбарчае поле Беларусі выглядала вельмі страката, магло быць шмат варыянтаў, як пойдзе перадвыбарчая кампанія. Але зараз высьветлілася, што большасьць з гэтых варыянтаў адпала. Яшчэ да афіцыйнага пачатку перадвыбарчай кампаніі расстаноўка палітычных сілаў стала простаю і яснаю: ёсьць Лукашэнка, ёсьць адзіны прадстаўнік дэмакратычных сілаў і ёсьць паміж іх паўанэкдатычная асоба – Сяргей Гайдукевіч. У пэўным сэнсе ўжо першы тур выбараў робіцца надзвычай падобны на другі тур. Тое, што сытуацыя так рана стала такой простаю – ці можа гэта пэўным чынам паўплываць на пазыцыю Расеі?”

(Портнікаў: ) “Я б хацеў спадзявацца, што ў Расеі змогуць заняць дакладную пазыцыю ў адносінах да выбараў у Беларусі. Але мне падаецца, што тут ня так усё проста. Расейскі палітычны досьвед ужо даказаў, што Масква ўпарта ня хоча лічыцца з рэчаіснасьцю нават тады, калі сутыкаецца ня столькі з саюзьнікам, колькі з палітыкам, які выкарыстоўвае яе ў сваіх інтарэсах. Падобная сытуацыя ўжо была ў Югаславіі. Слабадана Мілошавіча Расея падтрымлівала да апошняга, хаця яго ўзровень адданасьці інтэргацыйнай ідэі, Расеі быў значна меншым, чым узровень прэтэнзіяў на гэтую ідэю з боку Аляксандра Лукашэнкі. З новым прэзыдэнтам Югаславіі Каштуніцам доўгі час проста не хацелі мець ніякіх справаў, не хацелі прызнаваць яго кіраўніком дзяржавы якраз у тыя дні, калі вызначалася, якія краіны складуць “групу падтрымкі” новага югаслаўскага кіраўніцтва. Так што я ня надта разьлічваю, што стаўленьне Масквы да таго, што адбываецца, можа істотна мяняцца пад уплывам прагнозаў. Расея, яе палітычная эліта, як правіла, рэагуе толькі на наўпроставае зьмяненьне сытуацыі ўжо postfaktum”.

(Дракахруст: ) “Валер, а як Вы мяркуеце?”

(Карбалевіч: ) “Я ня думаю, што новыя падзеі перадвыбарчай кампаніі значна паўплываюць на пазыцыю Масквы. Але пэўныя зьмены могуць адбыцца. Сышлі ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты, да якіх Масква ставілася больш-менш ляяльна: Машэрава, Сініцын. Гэта можа падштурхнуць Расею да таго, каб больш прыглядацца, навязваць кантакты з тымі палітыкамі, якія засталіся, асабліва з найбольш верагоднымі апанэнтамі Лукашэнкі”.

(Дракахруст: ) “Ільвіную долю нашай размовы мы прысьвяцілі аналізу паводзінаў Масквы, прэзыдэнта Расеі. Але варта надаць і пэўную увагу і трэцяму ўдзельніку сустрэчы ў Віцебску – прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Кучму. Паводле Вашага, Віталь, меркаваньня, Кучму гэты візыт быў ня надта патрэбны. Варта адзначыць, што і Лукашэнку быў ня надта патрэбны візыт кіраўніка Ўкраіны. Украіна аказвае на беларускія палітычныя падзеі непараўнальна меншы ўплыў, чым Расея, да таго ж калі расейскі прэзыдэнт надзвычай папулярны ў Беларусі – яго папулярнасьць перавышае папулярнасьць Лукашэнкі, то Кучма наадварот у Беларусі надзвячай непапулярны. Так што ён, магчыма, адыграў у дадзеным выпадку ролю трэцяга сымбалічнага кампанэнту адзінства ўсходніх славянаў. Але ўзьнікае пытаньне, навошта гэта было Кучму? Віталь, Вам пытаньне”.

(Портнікаў: ) “Гэта перш за ўсё трэба было Пуціну, каб паказаць, што гэта менавіта славянская сустрэча. Наўрад ці Кучма мог адмаўляцца ад такога запрашэньня. Тым больш, што і ўкраінскі бок настойваў на сустрэчы Кучмы з Пуціным. Я хацеў бы падкрэсьліць, што для палітычнай дзейнасьці Кучмы вельмі важна настойваць на тым, што яго краіна знаходзіцца паміж Расеяй і Захадам. Гэта старая лінія, яна была крыху скарэктаваная падчас вострага палітычнага крызысу на Ўкраіне. Скарэктаваная ў прарасейскі бок, аднак нічога рэальнага зроблена не было, ніякія дамоўленасьці Кучмы і Пуціна не былі выкананыя. І зараз можна казаць, што Кучма, калі ён цяпер адчувае сябе больш ўпэўнена, вяртаецца да ранейшай лініі. Таму ён і прыехаў у Віцебск”.
XS
SM
MD
LG