Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭДАКТАР БДГ ДАПОЎНІЎ ІНФАРМАЦЫЮ ПРА ПАЛІТЫЧНЫЯ ЗАБОЙСТВЫ. ПРЭЗЫДЭНТ БАЖ ЗАЯВІЛА, ШТО ЛУКАШЭНКА ПЛЯНУЕ ПОМТСУ-РЭВАНШ


Юры Сьвірко, Менск, Мікола Іваноў, Прага

Амэрыканская “Chicago Tribune” распавядае на сваіх старонках пра моладзевую маніфэстацыю сяброў арганізацыі “Зубар”. Дэманстрацыя з нагоды Дня абвешчаньня незалежнасьці, дарэчы, скасаванага Лукашэнкам, лічыцца ў Беларусі антызаконнай, а лёзунг “Жыве Беларусь” абразай дзяржаўнасьці, падкрэслівае ў артыкуле газэты.

Нямецкая “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведамляе сваім чытачам пра існаваньне ў Беларусі “эскадрону сьмерці”, які зь ведама і на загад дзяржаўных асобаў (тут згадваецца Генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман) забіваў апазыцыянэраў, у тым ліку вядомага апэратара расейскага телеканалу ОРТ Дзьмітрыя Завадскага.

Знакаміты амерыканскі часопіс “U.S. News & World Report” выйдзе 6 жніўня зь вялікім артыкулам пра Аляксандра Лукашэнку.

“У Беларусі Лукашэнка кіруе праз дэкрэт, прыхамаць, прыпадак раздражненьня ды – мажліва – забойства,” – робіць выснову аўтар публікацыі Маша Гесэн.

“Гэтае месца ня столькі замарожанае ў часе, колькі замарожанае страхам. Беларусь – гэта забытая дыктатура Еўропы, чый посткамуністычны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка прыцясьняе, запалохвае ды, паводле некаторых зьвестак, нават адказвае за забойства сваіх людзей, каб захаваць сваю хватку на 10-мільённай нацыі. Адміністрацыя Буша ў мінулым месяцы заявіла, што лічыць “вартымі даверу” паведамленьні пра тое, што арганізаваны ўладамі эскадрон сьмерці адказны за забойствы аж да 30 прадстаўнікоў апазыцыі. Адказ Лукашэнкі? Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША мусіць “займацца сваімі справамі і ня лезьці ў рэчы, якія ён не разумее”.

Заходнія нацыі збольшага рабілі менавіта гэта, ігнаруючы Лукашэнку, бо ён не пагражае сваім суседзям ды не выклікае рэгіянальных беспарадкаў,” – піша часопіс “U.S. News & World Report”. Але тут жа дадае: “Ён аднавіў вонкавы спакой савецкага застою, нават выступаючы за аднаўленне Савецкага Саюза, – адначасова ствараючы нешта накшталт выбарачнага тэрору, які нагадвае Югаславію Слабадана Мілошавіча. Калі ранейшыя прыхільнікі пакінулі яго, ён ладзіў асабістыя вэндэты. Ён ціснуў на мас-мэдыі і запалохваў палітычных апанэнтаў, некаторыя зь якіх былі арыштаваныя, а некаторыя “зьніклі”. Ён згарнуў рэформу і пасьпяхова адрынуў канцэпцыю прыватнай уласнасьці – калі гэта ня тычылася ягонай прыватнай уласнасьці”.

Наконт выбараў 9 верасьня часопіс “U.S. News & World Report” піша: “Пакуль гэтая дата набліжаецца, здаецца, ёсьць усё менш і менш надзеі на тое, што змрочны век Беларусі можа скончыцца. Перад правядзеньнем выбараў Лукашэнка збудаваў выбарчую сыстэму, якую ён пасьпяхова кантралюе. Мясцовыя выбарчыя камісіі складзеныя цалкам з прызначэнцаў ад выканаўчай улады”.

Амэрыканскае выданьне падае цытату з “палітычнага аналітыка і ў свой час інсайдэра Лукашэнкі” Аляксандра Фядуты: “Палову членаў Цэнтральнае выбарчае камісіі прызначае прэзыдэнт, а другая палова прызначаецца верхняй палатай парлямэнта, якая прызначаецца мясцовай выканаўчай уладай, што прызначаецца прэзыдэнтам. Вось дом, які пабудаваў Лукашэнка”.

Далей часопіс “U.S. News & World Report” адзначае: “Выбарчыя правілы, распрацаваныя Лукашэнкам, даюць кандыдатам толькі тры тыдні на кампанію – калі можна назваць яе так. Доступ апазцыйных кандыдатаў да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі строга абмежаваны, недзяржаўныя мэдыі ахопліваюць няшмат людзей”.
“Лукашэнка можа лёгка ігнараваць прыватныя газэты – як ён рабіў, нягледзячы на іх нядаўнія паведамленьні пра прэзыдэнцкія эскадроны сьмерці. Адзіная рэакцыя: офісы мінскай газеты “День” былі абрабаваныя двойчы на працягу тыдня. У абодвух выпадках рабаўнікі ўрываліся менавіта тады, калі спэцыяльны выпуск, прысьвечаны эскадронам сьмерці, мусіў пайсці ў друк, і ў абодвух выпадках яны сыходзілі з жорсткімі дыскамі кампутараў, ігнаруючы больш каштоўныя прадметы,” – падкрэслівае часопіс.

“Чыноўнікі абвяргаюць тое, што існуе эскадрон сьмерці, які мае цэльлю палітычных апанэнтаў. Але Пётар Марцаў, галоўны рэдактар прыватнай “Белорусской деловой газеты”, сьцьвярджае, што асабіста ведае аднаго члена такой каманды зьнішчэньня. “Так здарылася, што мы ведалі адно аднаго зь дзяцінства, – сказаў часопісу “U.S. News & World Report” Марцаў. У 1999 годзе, пасьля таго, як мы апублікавалі расьсьледаваньне пра кантрабанду золата з Расіі праз Беларусь, ён прыйшоў да мяне і сказаў, што Лукашэнка загадаў мяне забіць. З чаго я зразумеў, што ў іншых выпадках, калі ён атрымліваў падобныя загады, ён проста выконваў іх. Я пайшоў у падпольле, імітуючы ад’езд з краіны, але насамрэч застаючыся ў сакрэтнай кватэры ў Мінску. Праз паўтара месяца той сам афіцэр паведаміў мне, што загад забіць быў скасаваны”.

Часопіс “U.S. News & World Report” у канцы артыкулу падае меркаваньне апазыцыйнай журналісткі Жаны Літвіной наконт далейшых дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі: “У гэтай выбарчай кампаніі ён будзе бачыць кожнага, хто выступае супраць яго. А потым ён зьбіраецца ўзяць рэванш супраць кожнага з нас. Ён ніколі не забывае нічога. Ніколі”.
XS
SM
MD
LG