Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАСОЛ БЕЛАРУСІ Ў ЗША ЦАПКАЛА АДКАЗАЎ НА АРТЫКУЛ WASHINGTON POST “УЦЁКІ АД ЭСКАДРОНУ СЬМЕРЦІ”


Сяргей Навумчык, Прага

Першага ліпеня ў Washington Post быў зьмешчаны артыкул Джэксана Дыэля пад назовам “Уцёкі ад эскадрону сьмерці”, у якім распавядалася гісторыя былых сьледчых Зьмітра Петрушкевіча і Алега Случака. У артыкуле пераказвалася заява былых сьледчых, што паводле загаду вышэйшага кіраўніцтва Беларусі няўгодныя ўладзе асобы былі зьнішчаныя адмысловым аадзелам. У артыкуле таксама адзначалася, што Лукашэнка не стварыў роўных умоваў для сваіх супернікаў на будучых выбарах.

Амбасадар Цапкала сьцьвярджае, што афіцыйны Менск нібыта імкнецца, каб выбары былі адкрытыя, свабодныя і дэмакратычныя і адпавядалі патрабаваньням АБСЭ. Амбасадар Цапкала піша, што ўлады нібыта запрасілі прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў для назіраньня за выбарчым працэсам.

Між тым вядома, што АБСЭ дагэтуль не атрымала афіцыйных запросінаў для назіраньня за выбарамі. Ужо на стадыі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў былі адсеяныя вылучэнцы апазыцыйных партыяў і грамадзскіх арганізацыяў. У рэпартажах нашых карэспандэнтаў неаднаразова паведамлялася пра перашкоды з боку ўладаў, якія рабіліся зборшчыкам подпісаў за апазыцйных кандыдатаў.

У сваім лісьце, дасланым у Washington Post, амбасадар Цапкала сьцьвярджае, што “беларускае кіраўніцтва робіць усё магчымае для расьсьледаваньня справы і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці”.

Нагадаем, што ў сваім артыкуле Джэксан Дыэль адзначаў, што (цытую) “найбольш уражвае інфармацыя пра чалавека, як і цяпер застаецца на волі, а менавіта Дзьмітрыя Паўлючэнку, камандзіра элітнага падразьдзяленьня хуткага рэагаваньня. На сувязь паміж Паўлючэнкам і іншымі членамі банды указаў чалавек, якога бандыты скралі, але пакінулі жывым… Сьледчыя арыштавалі Паўлючэнку... але ў справу ўмяшаўся Лукашэнка. Прэзыдэнт вызваліў Паўлючэнку і публічна папрасіў у яго прабачэньня за арышт”. (канец цытаты)

Пасол Цапкала нават не паспрабаваў пракамэнтаваць гэтыя словы. Днямі на хвалях нашага Радыё прагучала інфармацыя пра тое, што цяпер Паўлючэнку даручана выхаваньне падлеткаў у летнім лягеры. Магчыма, гэты факт найбольш красамоўна абвяргае сьцьверджаньне лукашэнкаўскага амбасадара, што нібыта ўлады зацікаўленыя ў аднаўленьні справядлівасьці адносна зьніклых асобаў.
XS
SM
MD
LG