Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХВОРЫЯ НА СЭРЦА ЛЮДЗІ Ў БЕЛАРУСІ АПЫНУЛІСЯ Ў НЕБЯСЬПЕЦЫ


Ганна Соусь, Менск

У Беларусі ўсё больш людзей, што перанесьлі апэрацыю на сэрцы. Толькі летась у краіне было зроблена больш за 500 такіх апэрацыяў. Многія пасьля гэтага вымушаныя да канца жыцьця прымаць прэпарат фенілін, які звадкоўвае кроў і прадухіляе зьяўленьне тромбаў. Гэты прэпарат выдаецца хворым бясплатна паводле рэцэптаў празь дзяржаўныя аптэкі. Фенілін быў у сьпісе прэпаратаў, забароненых для камэрцыйнага продажу.

Але некалькі месяцаў таму фенілін зь беларускіх аптэкаў зьнік, і ўсе хворыя апынуліся ў безвыходным становішчы. Набыць фенілін за грошы яны не маглі, бясплатна атрымаць — таксама.

Мой суразмоўца — Леанід Зайцаў, у 98-м годзе ён перанёс апэрацыю на сэрцы. Вось ужо два месяцы ён шукае ў менскіх аптэках фенілін.

(Зайцаў: ) "Вечная праблема — няма феніліну, ані ў камэрцыйных структурах, ані ў дзяржаўных. Тлумачэньне простае — шукайце й набывайце фенілін за мяжою. Але ж за мяжу зьезьдзіць ня кожны здолее. Замяняльнікі феніліну?.. Трэба каб цягам месяцу арганізм адаптаваўся да іх. Але гэта можа й не адбыцца... А адчуваньне цяпер пагаршаецца ў сувязі з гэтай сьпякотаю. Мая лекарка з кардыялягічнага цэнтру тэлефанавала і ў камэрцыйныя фірмы, і ў дзяржаўныя аптэкі, там кажуць — няма феніліну й бліжэйшым часам ня будзе. Толькі 50 чалавек запісаліся па фенілін у аптэцы на вуліцы Кіжэватава".

Леанід Зайцаў ня ведае, якім чынам выйдзе з гэтай сытуацыі, бо дома ў яго засталося феніліну ўсяго на 5 дзён.

Я зьвярнулася па тлумачэньні да дырэктара Беларускага навукова-дасьледнага Інстытуту кардыялёгіі Міколы Манака. Паводле ягоных словаў, хутка фенілін зьявіцца. Адсутнасьць прэпарату спадар Манак патлумачыў пэўнымі складанасьцямі зь ягонай пастаўкаю.

Між тым, паводле падлікаў кардыёлягаў, цяпер у Менску каля 800 чалавек штодзень маюць патрэбу ў феніліну. Якім чынам яны здолеюць набыць жыцьцёва неабходны для іх прэпарат?

Кіраўніца гандлёвага аддзелу "Белфармацыі" Валянціна Ходас запэўніла Радыё Свабода, што хутка праблема будзе вырашаная.

(Ходас: ) "Праведзены тэндэр. Была затрымка з адпраўкаю з Таліну (гэта талінскі прэпарат). На гэтым тыдні мы яго атрымаем, і зь 1 жніўня фенілін пойдзе ў аптэкі. Але вострыя пытаньні мы "закрывалі". У нас былі невялічкія рэшткі. Дзесьці каля 300 чалавек забясьпечылі".

Гэтак сьцьвярджае прадстаўніца "Белфармацыі" Валянціна Ходас.

Чамусьці ў сьпіс "вострых" пацыэнтаў ня трапіў мой суразмоўца Леанід Зайцаў. Дарэчы, ён хацеў бы мець магчымасьць набываць фенілін праз камэрцыйныя структуры й не залежаць ад нягнуткай палітыкі дзяржаўных установаў у забесьпячэньні лекамі першай неабходнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG