Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ЗУБРЫ" ПАДАЮЦЬ У СУД НА МЕНСКУЮ МІЛІЦЫЮ


Валер Каліноўскі, Менск

Актывісты моладзевага руху "Зубр" заявілі сёньня пратэст супраць дзеяньняў менскае міліцыі 27 ліпеня. Сябра "Зубра" Аляксандар Атрошчанкаў, у прыватнасьці, зазначыў, што дзеяньні міліцыі пры разгоне акцыі былі надзвычай жорсткімі: міліцыянты й асобы ў цывільным зьбівалі моладзь нагамі, білі дубінкамі па галовах, па шыі, па нырках, забіралі майкі й фотаапараты. Яны шукалі, хапалі й білі ўдзельнікаў акцыі і пасьля яе разгону. У выніку некаторыя маладыя людзі атрымалі сур'ёзныя пашкоджаньні й вымушаныя былі зьвяртацца да лекараў.

Усяго ў мінулую пятніцу было затрымана й зьбіта 26 актывістаў, бальшыня зь якіх — непаўнагадовыя. Трое зь іх — Вольга Карач, Зьміцер Галавацік і Павал Вайноўскі — ужо паўсталі перад судом. Іх абвінавацілі ў хуліганстве...

Гаворыць актывіст "Зубра", прадстаўнік праваабарончай арганізацыі "Вясна" Андрэй Ягораў:

(Ягораў: ) "Тое, што адбывалася, можа быць кваліфікавана, як масавае мерапрыемства, якое насіла культурніцкі характар. Але яно не зьяўлялася нейкім шэсьцем ці мітынгам як такім. Дзеяньні ўдзельнікаў акцыі не зьяўляліся парушэньнем закону, у такім выпадку наадварот — дзеяньні міліцыі па разгону гэтага сходу зьяўляюцца цалкам незаконнымі.

Я думаю, Праваабарончы цэнтар "Вясна" зробіць усё магчымае для таго, каб людзі, вінаватыя ў тым, што адбывалася на пляцы, былі пакараныя ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь",— зазначыў Андрэй Ягораў.

Аляксандар Атрошчанкаў паведаміў, што актывісты "Зубра" сабралі пісьмовыя сьведчаньні ўсіх пацярпелых, зафіксавалі пабоі, высьвятляюць прозьвішчы міліцыянтаў, што іх зьбівалі, і рыхтуюць позвы ў суд.

Гаворыць Андрэй Ягораў:

(Ягораў: ) "На днях будзе калектыўны зварот у суд. Мы дапаможам з напісаньнем скаргі на незаконнае затрыманьне. У адпаведнасьці з 246 артыкулам Кодэкса адміністратыўных парушэньняў мы можам падаваць у суд і будзе дастаткова вялікі працэс".

Аляксандар Атрошчанкаў распавёў таксама, што ў сувязі з брутальнымі паводзінамі міліцыі "Зубр" у наступны чацьвер будзе ладзіць акцыю пратэсту насупраць будынку Міністэрства ўнутраных справаў.

Спадар Атрошчанкаў заявіў, што менскай міліцыі сваімі жорскімі дзеяньнямі не ўдалося запалохаць моладзь з "Зубра", што яна й надалей будзе змагацца з рэжымам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG