Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПІСАЦЬ, ШТО ГАНЧАРЫК – АДЗІНЫ КАНДЫДАТ, ЗНАЧЫЦЬ, АГІТАВАЦЬ ЗА ЯГО?


Алесь Горбач, Баранавічы

Гаворачы пра вынікі спраўджваньня подпісаў, намесьнік старшыні гарадзкой камісіі Тацяна Латышава паведаміла прысутным, што падчас спраўджваньня было выяўлена 6 несапраўдных подпісаў у Гайдукевіча, 3 — у Лукашэнкі, 1 — у Домаша. І толькі ў подпісах, што былі пададзены ініцыятыўнай групаю Ўладзімера Ганчарыка, ня знойдзена аніводнага хібу.

Затое менавіта ён, Уладзімер Ганчарык, стаў так бы мовіць героем другога пытаньня. Рэч у тым, што баранавіцкая недзяржаўная газэта "Інтэкспрэс" у сваім учорашнім нумары зьмесьціла інфармацыю пра Ўладзімера Ганчарыка, як адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Старшыня выбарчае камісіі Міхал Якшук выказаў "агульную думку" сваіх калегаў, што ў вышэйзгаданай публікацыі прысутнічае "агітацыйны момант", і гэта маўляў парушэньне выбарчага кодэксу, бо афіцыйнае рэгістрацыі кандыдатаў яшчэ не было...

Рэдактар газэты "Інтэкспрэс" Уладзімер Янукевіч абверг такія абвінавачваньні. Ён паведаміў, што інфармацыя была ўзята з афіцыйнага інтэрнэтаўскага сайту Ўладзімера Ганчарыка, а таксама зачытаў сябрам камісіі вытрымкі з Тлумачальнага слоўніка — каб давесьці, што на самрэч азначаюць словы "агітацыя" і "агітаваць".

Уладзімер Янукевіч выказаў сваю ўпэўненасьць у тым, што рэдакцыя газэты нічога не парушала, бо, паводле ягоных словаў, перад тым, як зьмяшчаць такі матэрыял, ён пракансультаваўся ў цэнтры праўнае абароны журналістаў, дзе працуюць высокаадукаваныя ды аўтарытэтныя юрысты. такі аргумэнт выклікаў гіронію ў сяброў камісіі ды прадстаўнікоў афіцыйнае прэсы. Аднак нейкі канкрэтны факт парушэньня заканадаўства ў віну рэдакцыі так і ня быў пастаўлены.

Прысутны на паседжаньні кіраўнік баранавіцкае філіі праваабарончага цэнтру "Вясна" Сяргей Гоўша спытаў, ці зьвяртае ўвагу камісія на тое, якая агітацыя разгорнута ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі за Лукашэнку? Аднак на гэтае пытаньне адказу не знайшлося.

Тады спадар Гоўша вылучыў і свае прэтэнзіі да дзяржаўнай прэсы. Рэч у тым, што мясцовая "раёнка" "Наш край" на сваіх старонках напісала, нібыта Гоўша махлярствам здабываў подпісы за Пазьняка — кажучы людзям сталага веку, што зьбірае за Лукашэнку. На самрэч Сяргей Гоўша быў у ініцыятыўнай групе Сямёна Домаша. Аднак ані камісія, ані намесьнік галоўнага рэдактара "Нашага краю" Анатоль Кароль ніякіх доказаў ці тлумачэньняў у гэтым факце так і не змаглі.

XS
SM
MD
LG