Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ДЫПЛЯМАТЫЧНЫХ МІСІЯЎ СУСТРЭЛІСЯ З САКРАТАРОМ ЦВК МІКОЛАМ ЛАЗАВІКОМ


Ігар Карней, Менск

Сакратар Цэнтральнае выбарчае камісіі Мікола Лазавік у справаздачным выступе яшчэ раз падкрэсьліў, што толькі чатыры ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзыдэнты здолелі сабраць неабходныя для далейшай барацьбы 100 тысячаў подпісаў. А таму колькасьць прэтэндэнтаў больш карэктавацца ня будзе.

Але замежных дыпляматаў ня так цікавіла статыстыка, колькі пытаньне прысутнасьці на выбарах назіральнікаў ад міжнародных структураў. Прыкладам, амэрыканскі амбасадар Майкл Козак спытаў, ці будзе накіравана адпаведнае запрашэньне ў АБСЭ? Спадар Лазавік адзначыў, што абмежаваньняў у прысутнасьці замежных назіральнікаў не плянуецца, аднак дагэтуль запрашэньні на выбары адасланыя толькі ў краіны СНД й структуры саюзнага парлямэнту.

Сакратар ЦВК падкрэсьліў, што запрашаць міжнародных назіральнікаў мае права шэраг дзяржаўных структураў і асобаў. Гэта, у прыватнасьці, сам Аляксандар Лукашэнка, кіраўніцтва палатаў "Нацыянальнага сходу", міністар замежных справаў і старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі. Як яны падзеляць паміж сабой паўнамоцтвы, спадар Лазавік пакуль ня ведае. Але запэўніў, што афіцыйныя лісты рыхтуюцца ў шэраг краінаў Эўропы, Афрыкі ды Азіі (пра амэрыканскі кантынэнт нічога сказана не было).

Вось як пракамэнтаваў сёньняшнюю сустрэчу амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак...

(Козак: ) "Ня думаю, што я атрымаў дакладны адказ на свае пытаньні. Я пытаўся спадара Лазавіка пра дакладныя часовыя рамкі прыезду назіральнікаў, але ён адказваў пра працэс у цэлым.

Забавязаньне кожнага сябра АБСЭ — запрасіць прадстаўнікоў Бюро Дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. Гэта не патрабуе ніякіх тэхнічных перадумоваў. Мы ў ЗША запрашалі назіральнікаў на свае выбары, і так робіць кожная з 55 краінаў АБСЭ. Так што пакуль мы мусім чакаць. Паўтаруся, я не думаю, што атрымаў адказ на свае пытаньні...",— сказаў Майкл Козак.

Акрэдытаваных амбасадараў таксама цікавіла, ці ня будзе падставаю да зьняцьця з дыстанцыі тых кандыдатаў, якія ня здолеюць тэхнічна правільна выканаць патрабаваньні дэкрэта №20 пра дэкляраваньне даходаў бліжэйшых сваякоў. Спадар Лазавік адказаў, што праблема цалкам надуманая, бо той жа лідэр Лібэральна-дэмакратычнае партыі Сяргей Гайдукевіч ужо падаў неабходную дэклярацыю.

А вось на пытаньне: колькі насамрэч увайшло ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў з тых шасьці сотняў чалавек, што былі прапанаваныя апазыцыяй, спадар Лазавік адказаць ня здолеў, спаслаўшыся на тое, што ня ўзяў з сабой адпаведных папераў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG