Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ. ТРОХМОЎНЫ ЧАСОПІС ДЛЯ ПРЫХІЛЬНІКАЎ ГІП-ПОПУ ДЫ ІНШАЕ


Юрась Барысевіч, Менск

У пошуках архіўных матэрыялаў аўтару кнігі Віктару Грыбко дапамог вядомы гісторык Генадзь Сагановіч. Кнігу ў сэрыі “Ведай свой край” выпусьціла менскае выдавецтва “Пейто”.

Студыя Eternal Art выпусьціла апошні альбом гомельскага ангельскамоўнага рок-гурту Gods Tower, які нядаўна вырашыў самараспусьціцца. Прычынаю роспуску каманды сталася хвароба лідэра гурту, аўтара ягонай музыкі Аляксандра Ўракова, які летась нават спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Апошні кампакт-дыск гурта мае назоў Abandon All Hope, што ў перакладзе азначае “Пакінь усялякую надзею”.

У Баранавічах адчыніўся музэй беларускае чыгункі. Сярод найбольш цікавых экспанатаў — зьменшаная ўдвая копія паравозу, які распачаў чыгуначны рух паміж Менскам і Берасьцем у 1871 годзе. Менавіта той гістарычны цягнік адлюстраваны на сёньняшнім гербе Баранавічаў.

Гарадзенскі часопіс для жанчынаў “Саламея” пачаў друкаваць на сваіх старонках анталёгію беларускай жаночай паэзіі. Склаў яе паэт і мовазнаўца, адзін зь лідэраў Таварыства Вольных Літаратараў Юрась Пацюпа. У першым выпуску анталёгіі зьмешчаныя творы паэтак ХІХ стагодзьдзя й нашаніўскае пары, у тым ліку Канстанцыі Буйлы, Ванды Лявіцкай, Зоські Верас і Купалавай жонкі Ўладзіславы Станкевічанкі.

У Нацыянальным мастацкім музэі да канца лета дзейнічае выстава сучаснае беларускае графікі, набытай сёлета ў калекцыю музэю. Экспазыцыю складаюць творы 11 вядомых мастакоў, у тым ліку — Арлена Кашкурэвіча, Юрыя Якавенкі, Зоі Літвінавай. Сярод твораў, прысьвечаных падзеям беларускай гісторыі, вылучаецца праца Ўладзімера Савіча “Магічны сон Гедыміна” — адбітак легенды пра заснаваньне Вільні.

Беларускія прыхільнікі гіп-гопу пачалі выдаваць уласны часопіс пад назовам “Праўдзівы стыль”. Трохмоўны (ангельска-беларуска-расейскамоўны) часопіс асьвятляе такія зьявы моладзевай культуры, як рэп, брэйк-данс і графіці. Рэдакцыя заклікае райтэраў зь Нямеччыны, Польшчы й Чэхіі дапамагчы беларускім графіцістам у росьпісе менскіх вуліцаў.

XS
SM
MD
LG