Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАНОЧЫ КАНГРЭС: ЗЬНІШЧЫЦЬ СТРАХ ПЕРАД ПАЧВАРАЙ – ВЫШЭЙШАЙ УЛАДАЙ


Валянціна Аксак, Менск

Кангрэс праходзіў у знакавы для найноўшае беларускае гісторыі дзень. Ці выпадковае такое супадзеньне? Вось што сказала мне пра гэта Валянціна Коўтун, прэзыдэнт Міжнароднага жаночага фонду Сьвятой Эўфрасіньні Полацкае — аднаго з галоўных арганізатараў імпрэзы.

(Коўтун: ) "Хаця мы не намерваліся зьбірацца менавіта ў гэты дзень і менавіта пад гэтым знакам, але з таго. што так супала, я шчасьлівая".

(Аксак: ) "Ваш кангрэс праходзіць у пэрыяд, калі жанчыны мусяць выбіраць будучыню сабе й сваім дзецям. Што павінны зрабіць беларускія жанчыны, каб гэты выбар быў слушны?"

(Коўтун: ) "Слухацца сваіх сэрцаў, сваіх думак, не баяцца, быць шчырымі перад самімі сабою. Зьнішчыць у сваіх душах сындром ахвяры, зьнішчыць страх перад той пачвараю, якая завецца вышэйшаю ўладай".

Гэтак сказала Прэзыдэнт Міжнароднага жаночага фонду Сьвятой Эўфрасіньні Полацкае Валянціна Коўтун. Гэтую ж думку выказвалі многія выступоўцы. У прыватнасьці, кіраўнічка берасьцейскае арганізацыі праўнае дапамогі жанчынам Галіна Дрэбезава заклікала жанчынаў ствараць грамадзтва, у якім льга будзе жыць, а ня толькі змагацца за жыцьцё. Бо цяперашняя беларуская дзяржава не гарантуе сваім грамадзянам галоўнага права — права на жыцьцё. І зараз самы час, каб самім выбраць уладу, якая будзе лічыць найпершаю каштоўнасьцю чалавечае жыцьцё.

(Дрэбезава: ) "Давайце так скажам для сябе ўсе: мы, народ Беларусі, вырашаем свой лёс. Мы самі зробім свой выбар. І мы зробім яго правідлова. Мы зробім той выбар, які дапаможа выжыць нам і нашым дзецям".

На кангрэсе прагучэла шмат нэгатыўнае інфармацыі, якая характарызуе сучасны стан беларускага грамадзтва: жахлівыя лічбы пра наступствы Чарнобыльскае катастрофы для здароўя дзяцей, статыстыка гвалту над асобою, зьвесткі пра імклівы рост злачыннасьці... Ці натхняе, так скажам, такая асьвета жанчыну на стваральныя дзеньні?

Гаворыць вядомая грамадзкая дзяячка Валянціна Трыгубовіч:

(Трыгубовіч: ) "Гэтакі "халодны душ" урэшце станоўчы для чалавека, таму што пасьля таго, як чалавек з гэтага інфармацыйнага шоку выйдзе, ён пачынае думаць. І калі гэты чалавек — асоба, калі асоба дастаткова моцная, цьвярозая і прагматычная (а жанчына — прагматычная асоба), яна пачынае шукаць "дзіркі ў плоце". Яна пачынае шукаць, што можна зрабіць рэальнага. Часам гэта бывае вельмі нечаканае рашэньне",— сказала Валянціна Трыгубовіч, якая была на кангрэсе мадэратаркаю праграмы "Жанчына. Культура. Нацыянальная палітыка."

Кангрэс прыняў некалькі выніковых дакумэнтаў, датычных абароны правоў жанчыны й стварэньня Ўсепалескага жаночага руху.

XS
SM
MD
LG