Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫТАНСКІ ЧАСОПІС ECONOMIST: СЬВЕТ ЗАНЕПАКОЕНЫ СЫТУАЦЫЯЙ У БЕЛАРУСІ


Сяргей Навумчык, Прага

Ён трымае ўсе рычагі ўлады, -- адзначае Economist. Апазыцыя – аслабленая. Ён нават атрымлівае асалоду ад уласнай сваеасаблівай папулярнасьці. Але пры гэтым, супярэчлівы і ўладарны лідэр Беларусі Аляксандар Лукашэнка выглядае занепакоеным, паколькі набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Ягоны першы клопат – інфармацыя ад былых сьледчых, якія зьбеглі ў ЗША. Дакумэнты, праўдападобна, сьведчаць, што ўлада забіла асобаў (пераважна ранейшых паплечнікаў Лукашэнкі), якія перайшлі на бок апазыцыі. Іх жонкі наведалі сталіцы Захаду, патрабуючы справядлівага сьледзтва.

Цяпер апазыцыя нарэшце аб’ядналася вакол адзінага дастойнага кандыдата, прафсаюзнага лідэра Ўладзіміра Ганчарыка, - адзначае Economist. Аднак у яго невялікі шанец, калі выбары будуць сфальсыфікаваныя.

Ёсьць, аднак, адзін фактар, які можа зьмяніць сытуацыю і які вельмі хвалюе Лукашэнку. Гэта – Расея. Дні хмяльнага сьвяткаваньня ў Крамлі даўно мінулі. Прэзыдэнт Пуцін і ягоны ўрад успрымаюць Лукашэнку з прыхаванай пагардай. У мінулым месяцы Лукашэнка быў вымушаны прасіць прабачэньня ў расейскага прэм’ера Касьянава пасьля таго, як публічна яго абразіў.

Расея магла б выдзернуць з-пад Лукашэнкі дывановую падсьцілку, калі б пажадала.

Нядаўна расейскае тэлебачаньне трансьлявала перадачу, прысьвечаную зьніклым у Беларусі асобам і дзеяньням магчымага прэзыдэнцкага “эскадрону сьмерці”. Менскія ўлады адрэагавалі спыненьнем трансьляцыі паводле, як яны патлумачылі, “тэхнічных прычынаў”. Аднак такая тактыка ня можа скарыстоўвацца часта. Ёсьць яшчэ сытуацыя з цьмяным продажам зброі Беларусьсю.

Вялікае пытаньне – ці будуць маскоўскія сродкі масавай інфармацыі казаць пра ўсё гэта, як нібыта, паводле ягоных словаў, было абяцана Ганчарыку. Калі Масква захавае статус-кво – галоўная прычына гэтага, верагодна, будзе ў грошах. Расейскія кампаніі паклалі вока на лепшыя кавалкі беларускай эканомікі. Ільготныя ўмовы прыватызацыі расейскім пакупнікам пасьля выбараў могуць стаць платай за цяперашняе неўмяшальніцтва ў беларускую палітыку.

Аднак гэта, здаецца, Лукашэнку менш за ўсё павінна хваляваць, заўважае брытанскі часопіс Economist. Краіна ледзь дыхае, і гэта, у значнай ступені – вынік ягоных памылак. Эканоміка трымаецца дзякуючы расейскім энэрганосьбітам па танных коштах. Замежныя інвэстыцыі мінімальныя. Апошні брытанскі інвэстар зачыніў вытворчасьць вырабу зубных шчотак пасьля гадавога безвыніковага змаганьня з бюракратыяй.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе выключна дзякуючы раздутым спэцслужбам і пасыўнасьці насельніцтва. Нават вышэйшыя чыноўнікі з атачэньня Лукашэнкі ўздрыгваюць пры ягоных эпатажных паводзінах.

Сьвет заклапочаны сытуацыяй у Беларусі, -- адзначае Economist. АБСЭ звычайна дасылае сваіх назіральнікаў на выбары ў посткамуністычныя краіны. Але леташнія парляманцкія выбары ў Беларусі былі нагэтулькі фальсыфікаваныя, што АБСЭ абмежавалася толькі тэхнічным маніторынгам.

Як варта паводзіць сябе з Лукашэнкам у выпадку ягонай перамогі? – задае пытаньне брытанскі часопіс Economist. Ізаляцыя Лукашэнкі падштурхоўвае Беларусь да Расеі. Ляяльнае стаўленьне – было б здрадай у дачыненьні да апазыцыі.

Аптымісты спадзяюцца, што аб’яднаньне апазыцыі распачне новую эру. Аднак найлепшыя спадзяваньні даў бы ціск з боку Расеі. Калі Пуцін ня здыме Лукашэнку цяпер, калі ягоныя пазыцыі найбольш слабыя, - ці будзе ён гэта рабіць навогул? – задае пытаньне брытанскі часопіс Economist.
XS
SM
MD
LG