Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЯРАШУК ПРАЦЯГВАЕ ЎДЗЕЛ У ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ


Міхал Стэльмак, Менск

Аляксандар Ярашук ня лічыць паразаю свой удзел на папярэднім этапе выбарчае кампаніі. Як вядома, у ЦВК за ягоную кандыдатуру было здадзена 75 тысячаў подпісаў. Але пасьля 20 ліпеня ініцыятыўная група Ярашука нечакана адшукала вялікую колькасьць няўлічаных падпісных лістоў...

(Ярашук: ) "Насамрэч у нас было 115 тысячаў подпісаў. Чаму яны не былі прадстаўленыя ў поўным аб'ёме, мне не хацелася б камэнтаваць.Таму што гэта наша ўнутраная справа. Мы з "чыстага ліста" фармавалі ініцыятыўную групу, гэта было вялікая рызыка. Аднак я не хачу казаць, што з майго боку і боку маёй каманды гэты была памылка. Бо мы нямала выйгравалі, зьявіўшыся зьнянацку. Але і ў немалой ступені рызыкавалі. Але ўсё гэта ў канчатковым выніку спрычынілася да таго, што мы не змаглі эфэктыўна наладзіць арганізацыйны працэс".

(Карэспандэнт: ) "На сёньняшні дзень ваш палітычны штаб распаўся, спыніў сваю дзейнасьць або зьбіраецца працягваць яе ў нейкіх новых формах?"

(Ярашук: ) "Я скіраваны выключна на працяг сваёй палітычнай кар'еры. Я лічу, што зараз скончыўся толькі ейны чарговы этап. Век мой досыць малады для палітыка, я ў добрай форме. І штаб не распаўся і не распадзецца, хаця, канешне, формы ягонай працы зьмяніліся".

Зараз каманда Аляксандра Ярашука, паводле ягоных словаў, зьбіраецца працягваць удзел у выбарчай кампаніі:

(Ярашук: ) "Ёсьць адзіны кандыдат. І вось у гэтым фармаце я таксама, як і ўсе сталыя сумленныя людзі, палітыкі Беларусі зьбіраюся працаваць".

(Карэспандэнт: ) "Да вас зьвярталіся прадстаўнікі "пяцёркі" (або асабіста Ўладзімер Ганчарык) знайсьці нейкую форму ўдзелу ў гэтым працэсе?"

(Ярашук: ) "Так. Такая размова ў мяне адбылася менавіта з Уладзімерам Ганчарыкам, і мы абмяркоўвалі нейкія канкрэтныя варыянты. Ён мне распавёў, як выглядаюць дзеяньні як прадстаўнікоў "пяцёркі", гэтак і тых асобаў, што падтрымоўваць "пяцёрку".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы ставіцеся да стварэньня "прэзыдэнцкае рады" вакол Уладзімера Ганчарыка?"

"З майго пункту гледжаньня — гэта слушная ідэя. Напэўна, гэта першы выпадак у сучаснай гісторыі нашае краіны, што ўсё ж такім чынам людзі знайшлі паразуменьне й змаглі падняцца над уласнымі амбіцыямі. І змаглі прыняць, магчыма нават, гістарычныя рашэньні. І таму вельмі важна, каб гэтае яднаньне і надалей мела месца",— зазначыў Аляксандар Ярашук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG