Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗУБР ВЫЙШАЎ НА ПЛЯЦ ПЕРАМОГІ


Валер Каліноўскі, Менск

Акцыя актывістаў руху "Зубр" рыхтавалася ў кансьпіратыўных умовах, таму, калі з парку Горкага на пляцоўку рытуалаў да абеліску Перамогі рушыла калёна моладзі ў некалькі соцень чалавек, міліцэйскія патрулі ў разгубленасьці пачалі зьвязвацца са сваім начальствам. Тым часам актывісты "Зубра", на майках якіх былі лёзунгі "Час выбіраць!", сшыхтаваліся ў дзьве шарэнгі ды ўсклалі да абеліску Перамогі вянок зь бел-чырвона-белай стужкай, белыя і чырвоныя гвазьдзікі, пачалі пляскаць у далоні й скандаваць "Жыве Беларусь".

Адзін з актывістаў "Зубра", які назваў сябе Яўгенам, так патлумачыў сэнс сёньняшняй акцыі:

(Яўген: ) "Сёньня зладжаная акцыя ў гонар гадавіны прыняцьця Дэклярацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. Сёньня рух "Зубр" ушаноўвае памяць змагароў за незалежнасьць Айчыны. Толькі што быў ускладзены вянок змагарам за волю Бацькаўшыны ад руху супраціву "Зубр". Зараз будзе прыняцьцё прысягі найбольш актыўных новых удзельнікаў руху".

Тым часам ля Вечнага агню хлопцы й дзяўчаты давалі прысягу:

(Юнак: ) "Клянуся з усёй моцы змагацца з дыктатураю. Клянуся дапамагаць у цяжкую гадзіну сваім братам-зубрам. Клянуся бараніць сваю Бацькаўшчыну не шкадуючы часу, здароўя, а калі спатрэбіцца — жыцьця. І дапаможа нам Бог!"

Іншы актывіст Руху "Зубр" зазначыў, што акцыя перш за ўсё мае перадвыбарчы характар:

("Зубровец": ) "Усё ж такі мэнталітэт нашых людзей такі, што бальшыня баіцца, але тыя, хто сабраўся тут — яны ўпэўненыя, што мы пераможам, што выбары будуць нашыя!"

Актывіст руху "Зубр" Яўген працягваў:

(Яўген: ) "Мы разьлічваем, што з выбарам новага прэзыдэнта адбудуцца рэальныя перамены ў краіне. Час выбіраць ня толькі новага прэзыдэнта, але й новае жыцьцё, новы лёс. Моладзь жадае нармальнага жыцьця ў нармальнай незалежнай краіне! У сваёй краіне! І тая моладзь, якая тут сабралася, яна гатовая змагацца за гэтае жыцьцё",— гэты актывіст "Зубра" сказаў, што яму ўжо давялося адседзець некалькі сутак за сваю палітычную дзейнасьць.

Пра тое, што гэтая акцыя забароненая, моладзі нагадаў супрацоўнік Партызанскага раённага аддзелу міліцыі Аляксандар Гладун: "Такія мерапрыемствы трэба ўзгадняць за адміністрацыяй раёну й гораду. Гэта рытуальная пляцоўка".

Тым ня менш на абвастрэньне стасункаў зь міліцыяй ля Вечнага агню моладзь не пайшла. Дастаўшы партрэты зьніклых палітыкаў, акывісты "Зубра" перайшлі на ходнікі праспэкту Скарыны й селі на зямлю. Тут жа прыехаў аўтобус і міліцэйскія УАЗікі зь некалькімі дзясяткамі апэратыўнікаў. Пасьля паўзы супрацоўнікі ў цывільным распачалі разгон акцыі.

"Я нікуды не пайду! Жыве Беларусь!",— гэта пасьпеў сказаць першы актывіст "Зубра", якога апэратыўнікі пацягнулі ў аўтобус, выхапіўшы з натоўпу. Потым на маіх вачах схапілі яшчэ зь дзясятак чалавек. Апэратыўнікі ў цывільным і ў форме нецэнзурна лаяліся. Яны схапілі і адну пажылую жанчыну, дачка якой не змагла паехаць зь ёю. Пазьней гэтую дзяўчыну, як і ўсіх затрыманых, адвезьлі ў Цэнтральны раённы аддзел міліцыі.

XS
SM
MD
LG