Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШТАБ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА СФАРМАВАНЫ ЦАЛКАМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cёньня дэмакратычная "пяцёрка" арганізавала прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой было абвешчана пра стварэньне адзінага штаба ў падтрымку Ўладзімера Ганчарыка. Праўда, на ёй прысутнічалі толькі чацьвёра з "пяцёркі" (Сямён Домаш тэрмінова выляцеў у Расею). Уладзімер Ганчарык паведаміў, што створаны двухузроўневы адзіны штаб, які падзяляецца на палітычную й тэхналягічную структуры. Кіраўніком аб'яднанага штабу прызначаны лідэр руху "За новую Беларусь" Васіль Лявонаў, а тэхналягічную структуру штабу, якая будзе займацца агітацыяй за адзінага кандыдата, узначаліла старшыня партыі жанчынаў "Надзея" Валянціна Палевікова.

Пры гэтым, паводле словаў Ганчарыка, сябры "пяцёркі" цалкам захавалі свае паўнамоцтвы. Праўда, "пяцёрка" цяпер ператварылася ў "прэзыдэнцкую раду". Кожны зь сяброў "пяцёркі", да якой фактычна далучыўся й Міхал Марыніч, будуць прадстаўнікамі Ўладзімера Ганчарыка ў рэгіёнах. Міхал Чыгір адказвае за Менскую вобласьць, Павал Казлоўскі за Берасьцейскую, Сяргей Калякін за Гомельскую й Гарадзенскую. Сямён Домаш далучыцца да кампаніі пазьней, пасьля заканчэньня працэсу рэгістрацыі кандыдатаў.

У аб'яднаную каманду ўвайшлі прадстаўнікі усіх сяброў "пяцёркі". Пры штабе таксама створаная й "палітычная рада", у якую ўвайшлі лідэры амаль усіх апазыцыйных партыяў. Разам з Ганчарыкам яны будуць выпрацоўваць канцэпцыю палітыкі й дзяржаўнага ўладкаваньня будучае Беларусі. Ганчарык таксама паведаміў, што ў сваёй выбарчай кампаніі будзе карыстацца паслугамі маскоўскіх ды іншых паліттэхнолягаў. Уладзімер Ганчарык гаворыць, што пасьля стварэньня такой моцнай каманды шанцы на перамогу ў верасьні значна ўзрасьлі.

Тым часам, улады пачалі моцны ціск на актывістаў штабу Ганчарыка. Так, у Слуцку чыноўнікі патрабуюць ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, каб тыя змусілі сваіх працаўнікоў адклікаць подпісы, аддадзеныя за Гачарыка. Улады актыўна шукаюць і кампрамат на адзінага кандыдата.

Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

"Ужо нас правяралі ўздоўж і ўпоперак, і цяпер праверкі йдуць, але ніякіх грошай няма. Нажаль няма, бо во каб грошы былі такія, пра якія гаворыць Лукашэнка, ці хаця б як у яго недзе там у кішэні (невядома як яны ўзяліся). Можа кампрамат ёсьць, але фактаў няма. Я не баюся",— сказаў спадар Ганчарык.

Адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі таксама паведаміў, што справа выкрыцьця вышэйшых дзяржаўных асобаў, што падазраюцца ў забойстве вядомых людзей, хутчэй за ўсё будзе працягнутая. Уладзімер Ганчарык працягвае:

"Што тычыцца Бажэлкі, то зь ім увесь час сустракаюцца, мусіць за гэты час чатыры ці пяць сустрэчаў ужо было. Маіх прадстаўнікоў, скажам так. Гэтыя матэрыялы выклікалі вельмі вялікі рэзананс ня толькі ў Беларусі. Матэрыялы знаходзяцца ў адміністрацыі Пуціна. Патрэбна будзе даць грамадзтву той станоўчы адказ, які ўпэўніць усіх",— заявіў Уладзімер Ганчарык.

Паводле словаў Ганчарыка, былы генэральны пракурор Алег Бажэлка ўжо амаль гатовы даць новыя сэнсацыйныя дакумэнты ў гэтай справе.

XS
SM
MD
LG